Смаргонскія капліцы, гродзенскі некропаль і драўляная архітэктура горада: якім аб’ектам будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Гэта абмеркавалі падчас паседжання абласнога савета па пытаннях гсіторыка-культурнай спадчыны.
Асаблівая ўвага была нададзена так званаму гродзенскаму некропалю – могілкам, размешчаным па вуліцах Антонава – Прыгарадная ў Гродне. Гэта не проста месца пахавання, а аб’ект асаблівай увагі турыстаў. Справа ў тым, што комплекс праваслаўных і каталіцкіх могілак быў заснаваны ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў. Як кажуць гісторыкі, у Беларусі няма больш старых і цэнных могілак з пункту гледжання помнікаў як аб’ектаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Да таго ж, тут пахавана нямала вядомых людзей.
Таму прапанова ўпраўлення культуры аблвыканкама і гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея аб наданні комплексу пахаванняў на могілках па вуліцы Антонава – Прыгарадная статусу комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці з 10 аб’ектамі (магіламі) была прынята. У ліку гэтых магіл – месцы пахавання вядомых на Гродзеншчыне людзей. Да прыкладу, магіла Элізы Ажэшкі і Станіслава Нагорскага, маці Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны, магілы Мураўёвых, Кемарскіх, Шумавых, Шырмы, Кандратовічаў і шэраг іншых.
Як распавялі ва ўпраўленні культуры, у будучым спіс з дзесяці найбольш значных пахаванняў будзе пашыраны. А працы па добраўпарадкаванні і рэстаўрацыі пахаванняў працягнуцца.
Таксама станоўчае рашэнне прынята па прапановах Смаргонскага райвыканкама.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі адразу 15 каплічак Смаргонскага раёна, размешчаныя ў розных населеных пунктах. У асноўным яны пабудаваныя ў XIX стагоддзі.
У Смаргонскім раёне існуе мноства каталіцкіх мураваных капліц, пабудаваных у перыяд з канца XVIII па першую палову ХХ стагоддзяў. Усе яны адносяцца пераважна да аднаго і таго ж тыпу мураваных капліц, пабудаваных у выглядзе чатырохкутнай вежы да 3–3,5 метраў пад чатырохсхільным дахам. У звернутай да вуліцы частцы – паўцыркульная ніша з арачным завяршэннем, у якой размяшчаецца ўкрыжаванне з паліхромнай апрацоўкай. Часам замест нішы рабілася невялічкае памяшканне з зашклёным акном і аканіцамі. Падчас набажэнства аканіцы і акно адчыняюцца і перад укрыжаваннем ці невялікім алтаром ставіцца лампада, развешваюцца гірлянды кветак.
Касцёл Святога Апостала Тадэвуша і вежа-званіца ў аграгарадку Вішнева сталі адзіным комплексам са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, а сама вежа атрымала статус культурнай каштоўнасці. Статус культурнай каштоўнасці ў складзе комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Музей-сядзіба Ф.Багушэвіча” будзе мець і капліца ў аграгарадку Кушляны, якая датуецца 1863 – 1864 гадамі. У гэты ж комплекс уваходзяць сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы і парк.
Нагадаем, што да гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія ці дакументальныя годнасці. Гэта могуць быць помнікі археалогіі, мастацтва, гісторыі, архітэктуры, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Зацвярджаецца ён пастанаўленнем Міністэрства культуры. Што важна, з уласнікам такога аб’екта заключаецца ахоўны абавязак, які адлюстроўвае асноўныя патрабаванні заканадаўства па забеспячэнні захавання аб’екта. Усе работы на такіх аб’ектах могуць выконвацца толькі з дазволу Міністэрства культуры Беларусі.
Таксама на паседжанні была разгледжана прапанова па наданні статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей драўляным будынкам у горадзе Гродна, прынамсі, дамам №7 і 9 па вуліцы Міцкевіча. Яны – прыклад гарадской архітэктуры мяжы XIX – XX стагоддзяў і размешчаны ў так званым Новым свеце ў гістарычнай частцы Гродна. Сёння гэтыя пабудовы знаходзяцца ў не вельмі добрым стане і вымагаюць рэканструкцыі.
На паседжанні вырашана дадаткова вывучыць пытанне больш дэталёва і прыняць рашэнне, якое б толькі паспрыяла захаванню і аднаўленню гістарычнай забудовы.
Крыніца: grodnonews.by (тэкст: Таццяна Мастоўская, фота: з архіву «ГП», скрыншот ont.by)