Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак уручыў юбілейныя медалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Кужалевіч і Анастасіі Грышынай
У Вялікай Айчыннай вайны не жаночы твар, але яна назаўжды змяніла мільёны жаночых лёсаў. Гэтыя раны не загояцца, але мы, нашчадкі, можам суцішыць боль мінулага клопатам, увагай і памяццю. Таму падчас уручэння юбілейных медалёў «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» на вачах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Карэліч Надзеі Пятроўны Кужалевіч і Анастасіі Якаўлеўны Грышынай былі слёзы, але не гора, а радасці.
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак знайшоў для кожнай жанчыны самыя цёплыя і шчырыя словы падзякі. Абедзве сустрэлі вайну падлеткамі, але не па-дзіцячы, мужна і самаахвярна баранілі свой край і дапамагалі здабываць жаданую Перамогу. Кіраўнік раёна разам з ветэранамі ўзгадаў мінулае, пацікавіўся іх надзённымі клопатамі і пажадаў моцнага здароўя і ладу ва ўсім. Віншаванні ў дом жанчын прынёс і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Валянцін Аркадзьевіч Васько. Ад добрых слоў, падарункаў і кветак на тварах Надзеі Пятроўны і Анастасіі Якаўлеўны расквітнелі ўсмешкі.
А, між тым, па прыгожых і светлых тварах гэтых жанчын нават не скажаш, колькі ім давялося перажыць.
Надзея Пятроўна Кужалевіч у свае 13 год, калі грымнула вайна, не вагалася, як быць. Каля яе роднай вёскі Крынкі базіраваліся некалькі партызанскіх атрадаў, куды ўступіла нямала мясцовых. Надзея Пятроўна не засталася ў баку і стала сувязной: перадавала інфармацыю, пераносіла медыкаменты і перавязачныя матэрыялы, хавала ў хаце партызанаў. Часам ад страху дранцвелі рукі і ногі, але дзяўчынка не кідала сваёй важнай справы і разам з тысячамі такіх жа самаадданых юных абаронцаў Айчыны ішла да Перамогі.
Ураджэнка Пензенскай вобласці Анастасія Якаўлеўна Грышына адправілася на фронт у 16 год і там абрала шлях сувязной у 691-м батальёне палка авіацыйнага базіравання. Разам з будучым мужам — камандзірам сапёрнага ўзвода Мікалаем Грышынам — прайшла Расію, Украіну, Польшчу, Усходнюю Прусію і Беларусь. Шмат разоў маладыя людзі былі на крок ад смерці, але ніколі не пашкадавалі аб сваім выбары — змагацца за мірнае і спакойнае жыццё, за шчасце і дабрабыт новых пакаленняў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара