Статут ВКЛ 1588 года, сустрэчы з любімымі аўтарамі, навінкі беларускай літаратуры. Свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» стала для прысутных сапраўдным «бестселерам» (фота+відэа)
Больш за 20 вядучых выдавецтваў Беларусі, эксклюзіўныя выданні, топавыя аўтары і новыя імёны. На адзін дзень, 15 чэрвеня, Мірскі замак ператварыўся ў кніжную сталіцу нашай краіны.
Свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» адкрыла тэатралізаванае прадстаўленне, дзе спляліся літаратура, мода і гісторыя.
У прывітальнай прамове намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі падкрэсліў гістарычнае значэнне культурнай падзеі і тое, што ў адным з самых славутых месцаў нашай краіны ўпершыню адбываецца настолькі маштабны кніжны фэст. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык таксама звярнуў увагу на шматлікіх гасцей свята, вялікую разнастайнасць прадстаўленай літаратуры і багатую праграму. А дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка як гасцінны гаспадар сардэчна прывітаў яе Вялікасць Кнігу і выказаў надзею, што фэст будзе добрай традыцыяй і надалей.
Таксама галоўная сцэнічная пляцоўка стала месцам прэзентацый кніг беларускіх і расійскіх аўтараў з аўтограф-сесіямі. Вялікі інтарэс у публікі выклікалі такія выданні, як “Гісторыя Мірскага замка” Анатоля Бутэвіча, “Песняры” Уладзіслава Місевіча, “Vale!” Кніга пра род і лёс Магдаліны Радзівіл” Віктара Хурсіка. Сваіх чытачоў знайшлі кнігі пра Вялікую Айчынную вайну выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, творы Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Валерыя Казакова, Мікалая Ефімовіча і іншых яскравых прадстаўнікоў кніжнага свету нашай краіны і блізкага замежжа.
Паралельна ў вялікай канферэнц-зале замкавага комплексу літаратары, вучоныя, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі бібліятэк разважалі ў межах круглага стала на тэму “Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве”. Кожны з выступоўцаў меў сваё кампетэнтнае меркаванне, але ўсе сышліся на думцы, што сёння вельмі важна перадаць будучым пакаленням памяць у кнігах аб мінулым. І тут галоўнае рабіць гэта з дапамогай сродкаў і мовы, зразумелых сучаснаму чалавеку. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч запэўніў прысутных, што толькі разам, намаганнямі розных структур гістарычная кніга будзе жыць і квітнець. Супольная праца дасць магчымасць смелым ініцыятывам рэалізавацца, выдавецтвам і літаратарам наладзіць стасункі з аўдыторыяй, а добрым і мудрым кнігам заняць годную нішу на айчынным і сусветным рынках.
Якраз “Кніжная гасцёўня”, якая размясцілася ў малой канферэнц-зале замка, і наладзіла такі прыемны і пазнавальны дыялог з чытачом. Вялікі блок занялі прэзентацыі сур’ёзных і грунтоўных прац. Музей “Замкавы комплекс “Мір” прадставіў свае навуковыя выданні з удзелам кандыдата гістарычных навук Аляксея Шаланды. Сваімі гістарычнымі і культурна-асветніцкімі “навінкамі” падзяліліся і выдавецтвы “Энцыклапедыкс”, “Беларусь”, Рамана Цымберава, “Беларуская энцыклапедыя ім. П. Броўкі”.
Безумоўна, не абыйшлася “Кніжная гасцёўня” і без дзіцячай літаратуры. Гасцей свята парадавалі яркімі фарбамі і цікавымі сюжэтамі кнігі Валерыя Гапеева, Ліны Багданавай, Ірыны Токаравай і Уладзіміра Ліпскага.
Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз падрыхтавала Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага. Наведвальнікі з задавальненнем разглядалі незвычайную выставу самаробных кніг і лялек — герояў літаратурных твораў.
Сапраўдны ажыятаж выклікала прэзентацыя кніг міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча. Ён шчыра адказаў на пытанні залы, а сваёй галоўнай музай назваў пранізліва прыгожую беларускую зямлю, дзе куды не кінь вокам — усюды гісторыя і натхненне для творцы. Такая думка аказалася блізкай кожнаму госцю сустрэчы, у тым ліку намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктару Лісковічу і старшыні Карэліцкага райвыканкама Віктару Шайбаку. Ганаровыя госці з задавальненнем наведалі ўсе пляцоўкі кніжнага фэста, абмеркавалі любімыя творы і нават запланавалі сабе прачытаць некалькі новых выданняў.
— Зараз інфармацыю ў асноўным знаходзяць у інтэрнэце. Але, на маю думку, тое, што мы можам перадаць дзецям у спадчыну, гэта кнігі. З пакалення ў пакаленне мы мусім захаваць такую традыцыю. І кніжнае свята ў Мірскім замку як падзея рэспубліканскага маштабу якраз з’яўляецца значным і ўпэўненым крокам у гэтым накірунку. Кніга павінна ісці да людзей у рэгіёны, таму і далей мы будзем падтрымліваць наш фестываль на ўсіх узроўнях, — адзначыў Віктар Лісковіч.
Дыяментам свята стала адкрыццё выстаўкі “Вялікае Кніжнае Люстэрка”. Прысутныя змаглі пабачыць кнігі Радзівілаўскай бібліятэкі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, працы сучасных мастакоў-графікаў у жанры экслібрыса (аўт. — кніжны знак, невялікая мастацкі выкананая налепка на ўнутраным баку вокладкі з імем уладальніка). Вялікай каштоўнасцю свята смела можна назваць і прадстаўлены на выстаўцы Статут ВКЛ 1588 года з фондаў Музея гісторыі горада Магілёва. Дарэчы, дзейнічаць экспазіцыя будзе да 14 ліпеня ўключна.
Выдатны настрой свята падкрэслілі і выступленні творчых калектываў, цікавыя аповеды мастакоў выдавецтваў пра сучасныя напрамкі ў кніжным дызайне, выступленні паэтаў, эмацыйныя размовы літаратараў і чытачоў і шэраг іншых незабыўных момантаў грандыёзнай падзеі.
Кніжнае свята ў Мірскім замку завяршылася ўручэннем дыпломаў удзельнікам з рук міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча. Ён пажадаў узнагароджаным і далей дэманстраваць высокі ўзровень у нялёгкай, але важнай выдавецкай справе, несці святло і веды ў друкаваным слове.
Таксама закрыццё запомнілася карэліччанам шчодрым падарункам ад выдавецтваў. Міністр уручыў кнігі сярэдняй школе г.п. Мір і Карэліцкай раённай бібліятэцы і выказаў упэўненасць, што доўга гэтыя выданні не будуць ляжаць на паліцах і абавязкова знойдуць свайго чытача.
Апошняе слова трымаў на кніжным фестывалі дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка: “Як бы гэта не было сумна, трэба падвесці рысу пад нашым знакавым і дзівосным мерапрыемствам. Але я не хачу казаць “бывай”, а толькі “да новай сустрэчы, наш фестываль!”
Дарэчы, на свята выдалася надзвычай спякотнае надвор’е. І такія ж гарачыя эмоцыі падзея выклікала ў кожнага прысутнага. Сапраўды, фарматы выданняў мяняюцца, але палымяная любоў да кнігі ў беларусаў застаецца нязменнай.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і Лізаветы МУЦІЛОВІЧ
Відэа Марыны КАЗЛОВІЧ