Той, хто «запускае» сэрцы і ратуе жыцці. Гісторыя ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага Сяргея Плескача
“Дзесьці 15 гадоў таму я ўжо аднойчы трапіў на раённую Дошку гонару. І быць прадстаўленым на ёй зноў стала сёлета для мяне нечаканасцю. Бо, на маю думку, ніякіх глабальных зменаў у маім прафесійным жыцці не адбылося. Як працаваў з запалам раней, так і зараз імкнуся быць карысным на сваім месцы. Вось і ўсё”, – так пачынаецца размова з загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы, урачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам Сяргеем Міхайлавічам Плескачом.
– Сярод блізкіх ніхто ўрачамі не быў, я першы ў сям’і абраў гэты шлях. Праз гады разумею, што паступаў на медыка без асаблівага разумення, што мяне чакае наперадзе. Таго маладога хлопца хутчэй вабіла рамантыка прафесіі.
? – А, можа, якое-небудзь кіно пра ўрачоў натхніла?
– Сапраўды, зараз некаторыя выбіраюць прафесію па серыялах, але наша пакаленне яшчэ жыло кнігамі і ідэаламі. Да таго ж падчас вучобы ў школе №1 нашага райцэнтра мяне цягнула да хіміі і біялогіі. Хаця і матэматыка ішла добра. Сябраваў таксама з тэхнікай, зараз шмат чаго магу сам адрамантаваць, нават ноутбук. Мой класны кіраўнік калісьці казала: “Ты цікавы чалавек, універсальны. Цябе куды не задзейнічай, усюды знойдзеш сабе працу”.
? – Але сябе Вы знайшлі ўрэшце ў медыцыне?
– Так, калі паступіў у медыцынскі інстытут ў Гродна, на першым курсе падумаў: “Усё склалася нядрэнна”. А пазней прыйшло цвёрдае перакананне ў тым, што медыцына – маё. Гэта дынаміка, няспынны рух, пастаянныя змены і выклікі. Тут шмат залежыць ад цябе, наколькі ты ў тэме. Падыход “прачытаў падручнікі-вывучыў-працуеш па іх” у нашай сферы нічога не варты, бо ўрач пастаянна ў пошуку, з’яўляюцца новыя метады, і ты павінен умець прымяніць іх да рэалій, у нашым выпадку, раённай бальніцы. Наконт выбару спецыялізацыі магу сказаць, што было некалькі варыянтаў, але ўсё склалася само сабой. Наклала адбітак і магчымасць падчас вучобы пераймаць вопыт у загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Іосіфа Аляксандравіча Шапеля. Там паспрабаваў інтэнсіўную тэрапію – атрымалася, уліўся ў працэс і застаўся.
? – Толькі не ў абласным цэнтры, а ў раённым. Дыплом з адзнакай адкрываў перад Вамі ўсе дзверы ў вялікіх гарадах, але вось ужо 23 гады Вы працуеце ў Карэлічах, чаму?
– Таму што, відаць, так было трэба. На той момант раённая бальніца адчувала востры недахоп спецыялістаў якраз майго профілю. І я вырашыў, што ёсць сэнс вярнуцца дахаты, да сваіх людзей. Ці хочацца часам нечага большага? Так, як і кожнаму з нас. Але гэта неяк хутка праходзіць. Думаю, справа не ў маштабах і прэстыжы месца, галоўнае, каб яно было тваё. Безумоўна, здорава, калі ўсё зроблена па апошняму слову тэхнікі, заўжды пад рукой дарагія і рэдкія лекі, а побач – прафесары. Але і тут, у раённай бальніцы, без асаблівых “наваротаў” мы “запускаем” сэрцы і ратуем жыцці.
? – А што ўвогуле складае Ваш дзень?
– У першую чаргу, імгненна і без мітусні рэагаваць у экстрэмальных сітуацыях. У нашай сферы адлік ідзе на секунды, раз – і пацыента можа не стаць. Ці бывае страшна? Напэўна, гэта пачуццё прыходзіць пазней, калі выканаеш усё магчымае і больш, бо ў нас урач не можа дазволіць сабе лішніх эмоцый падчас працы. Безумоўна, здараюцца гісторыі з дзецьмі, маладымі людзьмі, тваімі равеснікамі альбо знаёмымі, якія пераварочваюць цябе ўнутры нават пасля многіх год практыкі. Але хоць і баліць душа, нельга скласці рукі і аддацца перажыванням. Сёння нешта не атрымалася і пайшло не па плане, але ёсць новы дзень і людзі, якія чакаюць тваёй дапамогі. Я кажу сабе: “Збярыся, ты сам абраў гэты шлях і будзь ласкавы працаваць па максімуме”.
Па-другое, за мной стаіць каманда аддзялення, і мая задача наладзіць іх працу эфектыўна і камфортна. Мне насамрэч пашанцавала, бо ў нас сабраліся выдатныя спецыялісты. Таксама мае будні – гэта паперы, лічбы, аналізы, транспарціроўка пацыентаў і яшчэ з дзясятак нечаканых пытанняў кожны дзень. У нашай прафесіі ніколі дакладна не ведаеш, што прынясе табе не тое, што заўтра, а бліжэйшыя хвіліны. Большасці здаецца такое жыццё складаным і незразумелым, а мне нават цяжка ўявіць сабе іншы рытм, гэта ўрэзалася ў маю ДНК. Яшчэ радуе, што маю надзейны тыл, бо жонка таксама ўрач і выдатна разумее нюансы нашай прафесіі. Хаця нашы дзеці наўрад ці абяруць медыцыну, бо занадта добра ведаюць гэту “кухню”. Сын ужо пайшоў іншай дарогай, дачка яшчэ на скрыжаванні. У любым выпадку, важна не дынастыя, а каб дзеці былі шчаслівыя ў прафесіі.
? – Напрыканцы размовы глабальнае пытанне. Як урач падзяліцеся, ці ёсць у свеце панацэя ад няшчасця?
– Мой урачэбны вопыт сведчыць, што лёс – рэч непрадказальная, здарыцца можа ўсё і ў любы момант. Але калі ў чалавека ёсць моцная матывацыя жыць, адбываецца цуд насуперак усім прагнозам. І гэты рэцэпт дзейнічае не толькі ў сценах бальніцы. Бо жыццё каштуе таго, каб за яго змагацца і правесці цікава і незабыўна.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара