2 ліпеня святкуем урачыстасць Маці Божай Будслаўскай, Апякункі і Каралевы Беларусі
? 2 ліпеня католікаў нашай краіны аб’ядноўвае асаблівая падзея — урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якую вернікі з любоўю называюць яшчэ і Апякункаю Беларусі.
Шмат людзей у гэты дзень наведваюць вёску Будслаў у Мінскай вобласці. Менавіта тут у нябеснага хараства нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, пабудаваным у XVIII стагоддзі, і вітае вернікаў з розных краін славуты абраз Найсвяцейшай Панны Марыі.
Неад’емнай часткай святкаванняў з’яўляецца ўключаны ЮНЕСКА у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва Будслаўскі фэст, які сёлета пройдзе 5–6 ліпеня. І куды ўжо зараз з малітвамі, спевамі і радасцю ў сэрцы ідуць і едуць тысячы пілігрымаў. Па-за іх плячыма — дзясяткі кіламетраў, а наперадзе ў Будславе іх чакае велічнае шэсце з запаленымі свечкамі ў руках, урачыстая святая Імша і незабыўнае начное чуванне ля цудадзейнага абразу.
? Крыху гісторыі. Абраз падараваны ў 1598 годзе Папам Рымскім Клімэнтам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля належыў капэляну Ісаку Салакаю, які ў 1613 годзе падараваў яго Будслаўскаму кляштару бэрнардынаў. Падчас вайны 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка на Беласточчыне. У 1990-х гадах на нашых землях аднавіўся культ знакамітай іконы і распачаліся прымеркаваныя да 2 ліпеня паломніцтвы пілігрымаў у Будслаў. Дарэчы, у 1991—1992 гадах абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 года згодна папскаму пасланню Маці Божая Будслаўская названая Апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 2 ліпеня 1998 года кардыналам Казімірам Свёнткам абраз каранаваны папскімі каронамі. Ікона славіцца цудамі аздараўлення і іншымі шматлікімі ласкамі.
? Падобныя да абраза Маці Божай Будслаўскай іконы і копіі святыні знаходзяцца ў:
? музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (абраз Маці Божай Будслаўскай з г. Глыбокае, 1738 г.);
? дамініканскім касцёле ў в. Лішкаў у Літве (пачатак XVIII ст.);
? касцёле св. Ганны ў Вільні (XVIII ст.);
? касцёле бэрнардынаў у г. Апатаў у Польшчы (канец XVIII – пачатак XIX ст.);
? касцёле cв. Уладзіслава ў в. Суботнікі Гродзенскай вобласці (XVIII ст.);
? касцёле св. Ганны ў в. Мосар Віцебскай вобласці (другая палова XVIII ст.);
? Свята-Пакроўскай царкве ў в. Богіна Віцебскай вобласці (другая палова XVIII ст.);
? Свята-Петрапаўлаўскай царкве ў в. Воўпа Гродзенскай вобласці (XVIII ст.).
Са святам, шаноўныя вернікі! Хай Маці Божая Будслаўская заўжды апякуецца нашай краінай, каб у Беларусі панавалі дабрабыт, лад і мір!
Паводле артыкулаў:
? Урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай / catholic.by
? Ці толькі ў Будславе ўшаноўваюць Маці Божую Будслаўскую? Культ самай вядомай святыні ў Беларусі / catholic.by
? Будслаўскі абраз Маці Божай / be-tarask.wikipedia.org
Фота: catholic.by, Віталь ПАЛІНЕЎСКІ, Аляксандра ШЧЫГЛІНСКАЯ