Мы памятаем. 75-ю гадавіну з дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў карэліччане сустрэлі на полі Фогеля

Ёсць даты на каляндары, якія для нас увасабляюць гісторыю краіны. Існуюць і іншыя дні, з якімі мы асабліва звязаны сэрцам. Для Карэліцкага раёна – гэта 8 ліпеня 1944 года, калі наш край быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У памяць аб пераможным дні на мемарыяльным комплексе каля аграгарадка Малюшычы – на месцы, дзе 75 год таму развярнуліся апошнія крывавыя баі за нашу малую радзіму, карэліччане сабраліся разам, каб ушанаваць подзвіг герояў мінулага. Там, дзе мужна і самаахвярна вёў да перамогі савецкіх салдат легендарны камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, Герой Савецкага Саюза Ян Фогель і быў смяротна паранены, 8 ліпеня гучалі словы падзякі.

– Праз дзесяцігоддзі мы памятаем тыя вялікія падзеі і гаворым пра іх нашым дзецям. Бо калі мы будзем маўчаць, аднойчы можа ізноў загаварыць зброя, – звярнуўся да прысутных намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь” Руслан Абрамчык. – Нас, дарослых і дзяцей, грамадзянскіх і ваенных, прадстаўнікоў розных арганізацый, аб’яднанняў і структур, сёння на знакамітым полі Фогеля сабраў не мітынг, а агульная памяць. Гэта месца стала для Карэліччыны сімвалам адзінства. Яно аб’ядноўвае ўсіх нас, а таксама розныя народы. У 1985 годзе поле Фогеля наведала дэлегацыя з нашага латвійская горада-пабраціма Тукумса і пасадзіла тут бэз, які і зараз хораша квітнее кожны пераможны май. А сёлета на Дзень Незалежнасці сюды ізноў прыехалі нашы сябры з Латвіі. Дарэчы, Ян Фогель, які аддаў жыццё за беларускую зямлю, якраз родам з гэтай прыбалтыйскай краіны. Сапраўды, у паняцця “мір” няма граніц, ён аднолькава каштоўны для кожнага чалавека.

Боль вайны і радасць спакойнага жыцця ўзгадала і старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Яфрэмава: “У маёй памяці жывуць дзясяткі гісторый сведкаў тых страшных год. Цяжка ўявіць, праз які жах прайшлі ў вайну людзі. Але ж я памятаю і іх радасныя ўспаміны пра першыя дні пасля вызвалення. Так, вакол былі руіны, але яны маўчалі, а не стралялі”.

І вось праз 75 год на полі Фогеля ізноў грымнулі стрэлы. Толькі ў наш час ваенныя салютавалі ў гонар Перамогі і ў памяць аб героях, а на каменні мемарыялу былі не сляды ад куль, а кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара