Аўтарскія гульні, аматарскі тэатр, міні-музей «Спадчына». Як у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ў Карэлічах хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць хораша размаўляць па-беларуску?

Хлопчыкам і дзяўчынкам з другой малодшай групы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы ўсяго па 3 і 4 годзікі, але яны ўжо спраўна даюць сваім мамам і татам ды дзядулям і бабулям урокі беларускай мовы. У госці да маленькіх “філолагаў” наведалася і наша газета.

“Самае галоўнае – стварыць для дзетак асаблівую беларускамоўную прастору, дзе пануюць яркія фарбы і казачны настрой, ёсць месца гульням і творчасці”, – дзеліцца шматгадовым вопытам намеснік загадчыка ўстановы па асноўнай дзейнасці Галіна Жук.

Сапраўды, усё ў групе зроблена выключна на беларускай мове, у тым ліку інфармацыя для бацькоў і надпісы. Асаблівай увагі заслугоўваюць аўтарскія гульні і цацкі, якія, дарэчы, летась былі прызнаныя аднымі з лепшых у Гродзенскай вобласці. Праз іх хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з гісторыяй і культурай Беларусі і сваёй малой радзімы, вывучаюць родную прыроду, дакранаюцца да крыніц народнай творчасці і фальклору. Любяць зазірнуць дзеткі і ў міні-музей “Спадчына”, дзе побач з даўнімі вырабамі экспануюцца і творы маленькіх выхаванцаў установы.

“Мы не проста вучым дзяцей размаўляць па-беларуску. Нам важна адкрыць для іх вялікія скарбы роднага слова, каб яны шчыра палюбілі яго, – працягвае экскурсію па беларускамоўнай групе Галіна Жук. – Мы надаём вялікую ўвагу вуснай народнай творчасці, асабліва вершаваным творам. Плённа супрацоўнічаем з дзіцячай бібліятэкай і краязнаўчым музеем. Да таго ж шырока адзначаем 21 лютага Дзень роднай мовы, а кожную пятніцу не толькі ў гэтай групе, але і ва ўсёй нашай установе гучыць беларуская гаворка. Таксама вельмі любяць хлопчыкі і дзяўчынкі гульні-драматызацыі. Тэатр, увогуле, дае вялікія магчымасці. Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у пастаноўках па матывах беларускіх народных казак”.

А ў групе, якую, дарэчы, наведваюць 19 дзяцей, тым часам віруе творчае жыццё. У адным кутку маленькія інтэлектуалы адказваюць на пытанні гульні “Чыё дзіцяня?”, іншыя ў тэатральнай зоне рэпеціруюць новую пастаноўку.

За занятымі справамі дочкамі і сынамі любяць паназіраць і бацькі. Сярод іх – Кацярына Брэчка: “Мы нават і не думалі, што наша дачка Даша трапіць у беларускамоўную групу. Але зараз вельмі задаволеныя, што так адбылося. Мы бачым, як цікава спасцігаць гэты свет на роднай мове нашай дачцы. Яна ідзе па вуліцы і ўвесь час пытае: “А як па-беларуску называецца вось гэты прадмет?” Гэта і нам, бацькам, служыць добрай матывацыяй, каб глыбей спасцігаць родную мову”.

У сям’і Алены Буй размаўляюць па-беларуску. Таму нават і сумнення не было, у якую групу аддаць на наступны год дачку Васіліну: “Безумоўна, любоў да роднага слова пачынаецца з сям’і. Калі бацькі чытаюць дзецям творы на беларускай мове, слухаюць аўдыёкнігі, знаходзяць час на гульні, тлумачаць незразумелыя словы на простых прыкладах, то бачны і вынік. Наша Васіліна ўжо актыўна карыстаецца родным словам. Але без дапамогі ўстаноў адукацыі ў гэтым працэсе ніяк не абыйсціся. Усе разам мы павінны паказаць нашым дзецям прыгажосць роднай мовы, што размаўляць на ёй – файна і модна!”

Дарэчы, з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з другой малодшай групы па-беларуску займаюцца не толькі выхавальнікі, але і іншыя педагогі. Падчас працы з псіхолагам, на занятках па музыцы і фізічнай культуры дзеці чуюць роднае слова. Значную ўвагу развіццю беларускага маўлення надаюць таксама ў сярэдніх і старэйшых групах установы.

Яшчэ адзін прыемны факт. Сёлета маленькія жыхары райцэнтра змогуць працягнуць навучанне на роднай мове ў сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы, дзе зараз ідзе фарміраванне першага класа і ўжо пададзена 7 заяў.

Але важна, каб такая адметная беларускамоўная тэндэнцыя знаходзіла водклік не толькі ва ўстановах адукацыі раёна. Патрэбна, каб і ў нашых сем’ях жыло роднае слова. Бо добра, калі мы можам забяспечыць дзецям належную будучыню ў матэрыяльным плане, але варта клапаціцца і пра духоўную спадчыну.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара