Католікі адзначаюць урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
?☁ Кожны год 15 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтая праўда пра Унебаўзяцце Марыі з душой і целам на неба вядомая ў Касцёле ўжо шмат стагоддзяў. Яе Цела не магло раскладацца, як гэта адбываецца з усімі іншымі людзьмі, на якіх уздзейнічае першародны грэх. Яна была захавана ад гэтага граху, бо з’яўляецца Маці Божага Сына.
Папа Пій XII, ідучы за традыцыяй Каталіцкага Касцёла, у 1950 г. апостальскай канстытуцыяй “Munificentissimus Deus” абвясціў догмат аб Унебаўзяцці Марыі.
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі нагадвае нам менавіта пра рэчаіснасць неба, да якой мы накіроўваемся. Яна паказвае, што ўзвышэнне гэтай простай дзяўчыны з Назарэта, пра якую Кніга Апакаліпсісу кажа як пра жанчыну, апранутую ў сонца, пад нагамі якой месяц, а на галаве – вянок з дванаццаці зорак (пар. Ап 12, 1), можа стаць таксама ўдзелам кожнага з нас.
Гэтая ўрачыстасць становіцца для нас добрай навіной, калі мы разумеем, што неба – мэта нашага жыцця і нашай унутранай працы. Таму ў гэты дзень мы павінны скіроўваць наш позірк на Марыю, бо Бог у Яе Асобе хоча прадставіць веліч збаўлення, здзейсненага Хрыстом, і тое, да якой хвалы Ён можа прывесці стварэнне, калі яно дазволіць Яму цалкам авалодаць ім. Марыя праз сваю хвалу, якую мы сёння сузіраем, вучыць, як дасягнуць яе, паказвае нам шлях, а гэта шлях веры і пакоры.
Марыя зразумела, што гэта шлях Бога, таму спявае “Magnificat”. Удзелам Марыі стала гэта рашучае і таямнічае перажыванне: “Бог скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных” (Лк 1, 52).
Пакора – вытлумачэнне таямніцы Марыі і Яе выбару. Яна стала “поўнай ласкі”, бо ў Яе не было нічога ўласнага.
Бог можа таксама ў нас здзейсніць “вялікія рэчы”. Ён можа прывесці нас да хвалы, якой дасягнула Марыя. Неабходна, аднак, каб і мы ахвяравалі Яму гэтыя два дары: веру і пакору. З іншага боку, хто можа мець веру такую чыстую і моцную, як Тая, якая стала Маці Езуса? Ніхто!
Мы можам, безумоўна, набліжацца да Яе, наследуючы Яе адкрытасць на Бога. Можам ва ўсім прасіць Яе заступніцтва: памнож нашу веру, навучы нас пакоры! Бо тады абудзіцца ў нас надзея жыцця ў небе.
Ушаноўваючы Марыю Унебаўзятую, будзем не толькі сузіраць Яе Узнясенне і тое, што Бог у Ёй здзейсніў, але і сумаваць па тым, каб прабываць разам з Ёю ў Валадарстве Яе Сына, і абуджаць у сабе шчырае жаданне зрабіць усё магчымае з нашага боку, каб быць там.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ, вялікі шанавальнік Беззаганнай, які распаўсюджваў гэты культ, служачы ў 1922-1927 гг. у Гродне, ахвотна спяваў песню, якую палюбіў з семінарыйных часоў: “Хутка ўжо ўбачу Яе”. Яна выражала сум па сустрэчы з Марыяй.
Трэба, каб і ў нас жыло гэтае святое жаданне. Каб мы ўсе дасягнулі гэтага неба – дома, які створаны не чалавечай рукой, а які трывае вечна!
?☁ Крыніца: grodnensis.by (кс. Юрый МАРЦІНОВІЧ)
?☁ P.S. Сёння, 15 жніўня, св. Імша ў Касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах адбудзецца ў 18.00.