Лагер «Вясёлка» вітае спартыўную змену!

Спартыўны запал юных карэліччан не змог патушыць нават праліўны дождж у першыя дні пятай змены, якая стартавала на бягучым тыдні ў лагеры “Вясёлка”.

Асаблівы рэжым дня, які ўключае аж дзве трэніроўкі па паўтары гадзіны да і пасля абеду, узмоцненае харчаванне, алімпійскі дух – у гэтыя жнівеньскія дні лагер “Вясёлка” жыве ў новым і, заўважым, надзвычай актыўным рытме.

“Упершыню мы праводзім спецыялізаваную спартыўную змену, – удакладняе дырэктар лагера Наталля Бурак. – Да нас прыехаў 51 чалавек – у асноўным, рабяты з Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Карэліцкага раёна. Акрамя традыцыйнай насычанай праграмы, з імі працуюць трэнеры па групах. Гэта лёгкая і цяжкая атлетыка, гандбол. Прычым хлопчыкі і дзяўчынкі могуць паспрабаваць сябе ў нашым лагеры ў нечым новым. Напрыклад, калі нехта добра штурхае штангу, то падчас змены можа навучыцца яшчэ і гуляць у гандбол. Таксама для дзяцей падрыхтаваны спартакіяды, алімпіяды і квэсты. Але іх чакаюць і любімыя лагерныя падзеі тыпу “Дня наадварот”, свята Нептуна альбо “Казкі на новы лад”. Праўда, пакуль надвор’е не асабліва нас радуе. Але ў адзін з сонечных дзён мы ўжо паспелі схадзіць пакупацца на возера “Свіцязь”.

Для шматразовага прызёра абласной спартакіяды школьнікаў і алімпійскіх дзён моладзі па цяжкай атлетыцы ў вагавай катэгорыі 67 кг Дзмітрыя Філёнчыка дождж не перашкода для ўдалай трэніроўкі. У “Вясёлцы” юнак быў ужо разоў з пяць, а сёлета яшчэ паспеў з’ездзіць на Свіцязь і ў палатачны лагер. Але гэтая пятая змена Дзмітрыю запомніцца асаблівым чынам, усё ж такі родная спартыўная стыхія.

Дапамагаюць рабятам надоўга запомніць адпачынак і правесці канікулы цікава і з карысцю іх трэнеры. Для сваіх выхаванцаў уладкаваў імправізаваны спартыўны пакой у адным з домікаў Святаслаў Палуян: “Добра, калі такія змены стануць традыцыяй у “Вясёлцы”, паступова будзе створана база, магчыма, распрацавана пэўная сімволіка і атрыбутыка. Я бачу па хлопцах, якія займаюцца ў мяне тут цяжкай атлетыкай, што ім гэта падабаецца, так што ёсць сэнс развіваць такі напрамак летняга адпачынку. З разумным і творчым падыходам упэўнены, што дзеці будуць марыць трапіць менавіта на спартыўную змену”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара