Механизаторы КСУП «Племзавод Кореличи» удостоены республиканских профсоюзных наград
У чацвер, 8 жніўня, Карэліччыну наведалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іван Алізаровіч. А нагода для іх візіту была больш чым прыемная – узнагароджанне механізатараў КСУП “Племзавод Карэлічы”, якія выдатна спрацавалі падчас корманарыхтоўкі з траў першага ўкосу.
– Па выніках нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу ў кожнай вобласці вылучаны лепшыя сельгаспрадпрыемствы. Менавіта ваша гаспадарка стала адной з перадавых на Гродзеншчыне, – адзначыў Мікалай Лабушаў. – У любым відзе сельгасработ галоўным застаецца чалавечы фактар. Менавіта працаўнікоў рукамі дасягаюцца значныя вынікі і высокія паказчыкі.
Заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручаны дырэктару КСУП “Племзавод Карэлічы” Сяргею Брынкевічу. Падзячнымі пісьмамі Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК былі адзначаны трактарыст-машыніст КСУП “Племзавод Карэлічы” Сяргей Лагута, які на “Ягуары-870” змяльчыў 8860 тон зялёнай масы, механізатар гаспадаркі Мікалай Станкевіч, які на МТЗ-3522 перавёз 2061 тону “зялёнкі” і трактарыст-машыніст Арцём Лазінскі, які быў заняты на трамбоўцы сянажнай масы. Падзячным пісьмом Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны працаўнік гаспадаркі Аляксандр Акулік, які быў задзейнічаны на прасаванні, і Мікалай Гіль, які адказна працаваў на зграбанні і варашэнні траў.
Таксама старанныя механізатары племзавода “Карэлічы” пачулі словы ўдзячнасці за працу і пажаданні далейшых працоўных перамог ад намесніка старшыні райвыканкама Анатолія Коршуна і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Пянькоўскай.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара