Российская молодежь встретилась с руководством Кореличского райисполкома и оценила вкус местных сыров
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак на бягучым тыдні сустрэўся з дэлегацыяй горада Краснагорска Расійскай Федэрацыі.
Кожнае лета юнакі і дзяўчаты з горада-пабраціма Карэліч — Краснагорска адпачываюць у летніку “Вясёлка” на Свіцязі, наведваюць мясцовыя славутасці і знаходзяць новых сяброў сярод беларусаў. Штогод карэліччане таксама накіроўваюцца ў Краснагорск, каб адпачыць у расійскім лагеры. Такі двухбаковы абмен дэлегацыямі адбываецца з 2002 года, калі Карэлічы і Краснагорск заключылі Пагадненне, якое прадугледжвае ўмацаванне супрацоўніцтва ў галінах адукацыі, культуры і спорту.
У гэтым годзе расіяне наведалі музей Ігната Дамейкі ў сярэдняй школе г.п. Мір, смаўжовую ферму ў вёсцы Даўгінава Ярэміцкага сельсавета, зазірнулі на малочнатаварную ферму ў Райцы, павандравалі па Навагрудскім і Лідскім раёнах. І ўсе адзінадушна адзначылі прыгажосць Карэліцкага краю, шчырасць і адкрытасць яго жыхароў. У сваю чаргу кіраўнік раёна Віктар Шайбак падкрэсліў, што беларусы імкнуцца шанаваць сваю малую радзіму, захоўваць і прымнажаць культурна-гістарычную спадчыну. Ён адзначыў, што не толькі расійскія дзеці прыязджаюць адпачываць на Карэліччыну, але і дарослым прыйшліся даспадобы нашы аграсядзібы, карыстаецца папулярнасцю Мірскі замак.
— Каля 1000 дзяцей Карэліччыны штогод праходзяць аздараўленне ў рознага кшталту летніках, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Абрамчык, які таксама прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы. — Дапамогу ў гэтым аказвае дзяржава, выдзяляючы датацыі на пуцёўкі. Добра, што і нашы расійскія сябры адпачываюць побач з намі.
Як адзначыў намеснік старшыні, у абодвух бакоў ёсць шмат перспектыў для наладжвання далейшых стасункаў. Напрыклад, сумесныя праекты ў сферы трансгранічнага супрацоўніцтва, абмен дэлегацыямі на ніве фестывальнага руху, эканамічны дыялог і чалавечае сяброўства.
У суправаджэнні начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Асташэвіч расійскія госці наведалі Карэліцкі маслацэх ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія дары». Па традыцыі для ганаровых гасцей правялі дэгустацыю прадукцыі.
— Мы ў Беларусі і ў Карэліцкім раёне не ўпершыню, — адзначыла кіраўнік групы Алена Сапронава, — але кожны раз адкрываем для сябе штосьці новае. Не перастаём захапляцца вашай краінай і беларусамі, сярод якіх у нас ужо шмат добрых сяброў.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара