Сезон заготовок в разгаре. Кореличское райпо принимает у населения дары леса, сада и огорода

Жнівень – час нарыхтовак, калі кожная руплівая гаспадыня імкнецца зрабіць прыпасы на зіму ў выглядзе марынаваных хрусткіх агуркоў, варэнняў ды кампотаў. Аднак часам ураджай настолькі шчодры, што перапрацаваць яго самастойна проста немагчыма. У такім выпадку на дапамогу карэліччанам прыходзіць служба прамысловасці і нарыхтовак Карэліцкага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства. Здаўшы дарункі саду, агароду і лесу, можна зарабіць дадатковы рубель.

– Сёлета нарыхтоўчы сезон распачаўся з прыёму ранняй агародніны: памідораў, морквы, капусты. Ужо нарыхтавалі 21,9 тоны памідораў, 24,9 тоны агуркоў, 14,5 тоны цыбулі, 51,3 тоны капусты. У параўнанні з мінулым годам тэмпы росту склалі 141,3%, 141,5%, 116% і 131,5% адпаведна, – адзначае начальнік службы прамысловасці і нарыхтовак Карэліцкага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства Уладзімір Барыла. – Цана, па якой мы купляем у людзей садавіну і гародніну, пастаянна мяняецца. Калі ў пачатку сезону за кілаграм памідораў мы плацілі 2,5 рубля, то зараз 60-70 капеек. Прадукцыя, якую бяром у насельніцтва, рэалізуецца праз гандлёвую сетку райспажыўкааперацыі, а таксама пастаўляецца ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя раёна.

Па словах начальніка службы прамысловасці і нарыхтовак Карэліцкага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства, сёння актыўна абмяркоўваецца пытанне па збыце прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. Калі яно будзе вырашаны станоўча, то аб’ёмы закупак у насельніцтва, напрыклад, бульбы будуць павялічаны.

Для таго, каб здаць садавіну і агародніну ў нарыхтоўчы пункт, недастаткова мець лішкі ўраджаю і жадання падзарабіць. Па-першае, існуюць пэўныя патрабаванні да таварнага выгляду і якасці прадукцыі. А гэта значыць памідоры, агуркі і іншая агародніна павінны быць стандартнымі і адпавядаць ДАСТу. Напрыклад, агуркі павінны быць неперарослымі, па даўжыні не больш 10-11 см, а па шырыні —3-4 см, памідоры — прыкладна аднолькавыя па велічыні і прывабныя на выгляд. Існуе дапушчальная засмечанасць ягад, а лісічкі павінны быць цэлымі, дыяметр шляпкі не больш за 4,5 см. Па-другое, прадукцыя павінна прайсці адпаведныя даследаванні ў Карэліцкай райветстанцыі, а здатчык – мець на руках даведку аб бяспечнасці агародніны альбо садавіны.

Такія ж патрабаванні прад’яўляюцца і да дароў лесу. На сённяшні дзень карэліцкія нарыхтоўшчыкі прынялі ад насельніцтва 12,5 тон чарніц. У мінулым годзе гэтая лічба была значна ніжэйшая – 7,9 тоны. Аднак на памяці нарыхтоўшчыкаў і такія ўраджайныя гады, калі мелі каля 20 тон ягад.

– Першапачатковая цана за кілаграм чарніц складала 2-3 рублі, потым яна ўзрасла да 4 рублёў, – дзеліцца Уладзімір Барыла. – Ягады рэалізоўваліся праз гандлёвую сетку раёна, а таксама замарожваліся і адпраўляліся на экспарт у іншыя краіны. Сёння нарыхтоўшчыкі гатовы прыняць у насельніцтва лісічкі па 4 рублі за кілаграм. Але пакуль грыбнікі не надта актыўныя.

Калі ў мінулым годзе галіны яблыняў ламіліся ад сакавітых пладоў, то 2019 год зусім не багаты на ўраджай. Па словах начальніка службы прамысловасці і нарыхтовак райспажыўкааперацыі, у мінулым годзе было шмат яблыкаў, і за садавіну на перапрацоўку плацілі па 5 капеек за кілаграм. Сёлета апад прымаюць па 17 капеек, цана ж на яблыкі, якія пойдуць на продаж, пакуль не ўстаноўлена. Дарэчы, карэліцкія кааператары гатовы асабіста прыехаць за яблыкамі. Адпраўляцца за некалькімі мяхамі, зразумела, немэтазгодна. Аднак, калі ў наяўнасці хаця б тона прадукцыі, можна патэлефанаваць па нумары 21769 альбо 8(029)7886782 і дамовіцца аб дні прыезду нарыхтоўшчыкаў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара