Сяброўства без межаў. Моладзь з расійскага Краснагорска выдатна адпачывае ў карэліцкім лагеры «Вясёлка»

Сёлета чацвёртая змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка” пад таямнічай назвай “Згублены востраў” – не толькі пра экалогію, але і пра сапраўднае шматгадовае сяброўства без межаў. На адпачынак на Карэліччыну па добрай традыцыі завіталі юныя госці з горада-пабраціма Краснагорска.

З самага рання ў доміку, дзе размясціўся атрад “Новае пакаленне”, – а гэта шэсць расійскіх дзяўчат і чацвёра юнакоў, не сціхае смех. Пасля насычанага года вучобы ў “Школе важатых” і працы ў “Казачным лагеры” пры Цэнтры творчасці Краснагорска, рабяты нарэшце могуць адпачыць.

Палова краснагорскіх гасцей прыехалі ў Карэліцкі раён ўпершыню, прычым па рэкамендацыі “бывалых”. “Навічок” Кацярына Жадан з парога дзеліцца: “Мяне адразу Беларусь вельмі ўразіла, такі рэлакс пасля шумных гарадоў. Здорава, што вашы людзі адкрытыя, добра ідуць на кантакт. Таму назад мы вернемся не толькі з прыемнымі ўспамінамі, у тым ліку пра смачную тутэйшую кухню, але і з новымі сябрамі”.

Ксенія Раманічава прыязджае на Карэліччыну ў трэці раз. Сёлета скончыла школу, але спадзяецца, што гэта паездка ў “Вясёлку” не апошняя і з усмешкай дадае: “Можа, яшчэ і на наступны год мяне сюды возьмуць. Хачу ізноў адчуць гэту атмасферу. Тут так весела! А якія цікавыя экскурсіі нам арганізуюць! У першы дзень адразу ж павезлі ў месца, дзе вырошчваюць смаўжоў. Але больш за ўсё мне запомнілася сустрэча на адной з карэліцкіх ферм з каровамі і цяляткамі. Яны неверагодна мілыя! І, безумоўна, хочацца на Свіцязь, на жаль, пакуль надвор’е не спрыяе адпачынку на возеры. Затое мы ўжо бачылі сапраўдную лісу, такую ў горадзе наўрад ці сустрэнеш”.

Карэліцкім і краснагорскім дзяўчатам заўжды ёсць пра што і пра каго пагаварыць 😉

Доўгачаканая сустрэча сяброў 🙂

Танцуй, «Вясёлка»!

Непаўторнай карэліцкай прыродзе, чыстаму паветру і асабліваму павольнаму рытму жыцця радуюцца і кіраўнікі групы. Адна з іх – дырэктар Цэнтра творчасці горада Краснагорска Алена Сапронава – прызнаецца, што атрымлівае асалоду ад кожнага імгнення адпачынку: “У вас тут як у лепшым санаторыі. Нездарма з 2010 года ні адно наша лета не абыходзіцца без падарожжа ў Беларусь. Гэта сведчанне таго, як мацнее сяброўства Краснагорска з Карэліцкім раёнам. Мы разам з яшчэ адным кіраўніком нашай групы Святланай Воранавай, увогуле, частыя госці на вашай гасціннай зямлі. А нашы выхаванцы нават вывучылі беларускі гімн. Дарэчы, вашы юныя таленты падчас наведвання Краснагорска парадавалі нас “Купалінкай”, а мы ў адказ прывезлі свае нумары ў народным стылі, дзеля гэтага ўзялі з сабой канцэртныя касцюмы. Хаця ў творчай праграме будуць і запальныя сучасныя танцы. Спадзяюся, усім спадабаюцца і запомняцца нашы выступленні. Бо вельмі хочацца падарыць карэліччанам асаблівыя эмоцыі ў падзяку за іх дабрыню і цеплыню, за тое, што мы заўжды вяртаемся дахаты задаволенымі і шчаслівымі і яшчэ цэлы год жывём гэтай летняй паездкай”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара