У Карэлічах асвяцілі крыж Ефрасінні Полацкай (фота)
25 жніўня праваслаўных вернікаў і святароў з Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага і Дзятлаўскага благачынняў сабрала надзвычайная падзея епархіяльнага маштабу. У нашым гарадскім пасёлку каля цэнтральнай раённай бальніцы адбылося асвячэнне крыжа Ефрасінні Полацкай.
Як адзначыў у звароце да прысутных благачынны цэркваў Навагрудскай акругі, настаяцель Свята-Мікалаеўскага кафедральнага сабора г. Навагрудка протаіерэй Анатолій Герасімук, з бласлаўлення Архіепіскапа Гурыя падзея прымеркавана да 180-годдзя Полацкага сабора. Ён адбыўся ў 1839 годзе ў Сафійскім саборы ў Полацку, дзе была падтрымана ініцыятыва епіскапа Іосіфа Сямашкі аб скасаванні Брэсцкай уніі 1596 года. Гэта спрыяла таму, што да Праваслаўнай царквы далучыліся больш за 1,6 мільёнаў вернікаў і 1500 святароў.
“Значэнне Полацкага сабора і сёння актуальна для праваслаўнага чалавека. У наш час, калі ў многіх краінах хрысціяне пераследуюцца, варта заўжды адчуваць у нашай духоўнай супольнасці моц і адзінства. І няхай Крыж Ефрасінні Полацкай служыць нам добрым знакам на жыццёвым шляху, аберагае нашы дамы і сэрцы ад злога, навяртае нас да Бога”, – пажадаў усім протаіерэй Анатолій Герасімук.
І, сапраўды, на малебне ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла ў Карэлічах, у хрэсным ходзе па вуліцах райцэнтра да крыжа ля бальніцы, падчас урачыстасці асвячэння адчувалася вялікая духоўная сіла, а сэрцы людзей напаўнялі шчырая радасць і спакой. У гэтыя светлыя хвіліны кожнаму верылася, што цяпер заступніца і асветніца Беларусі Ефрасіння Полацкая будзе асаблівым чынам апекавацца нашымі землямі і сем’ямі.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара