В райсполкоме дали оценку готовности учреждений образования Кореличчины к новому учебному году
Гатоўнасць устаноў адукацыі Карэліцкага раёна да новага навучальнага года абмеркавалі на нарадзе ў райвыканкаме.
— У большасці сваёй школы і дзіцячыя сады, а іх у раёне 22, да новага навучальнага года гатовы — адрамантаваны і пераабсталяваны, — сказаў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык. — Падчас аб’ездаў устаноў адукацыі ўвага надавалася стану навучальных кабінетаў, харчаблокаў, надворнага абсталявання, асабліва пільна вывучалася база спартыўных залаў і стадыёнаў.
Па словах Руслана Абрамчыка, пытанне бяспекі дзяцей застаецца адным з самых важных. І ў ім не можа быць кампрамісаў. Так, надворнае абсталяванне для дзяцей павінна быць надзейна замацавана, не мець адтулін, каб дзеці не маглі траўміравацца.
У кожнай школе і дзіцячым садзе ўлетку традыцыйна праводзяцца асобныя віды работ у рамках бягучага рамонту. Асвяжаецца фарба на сценах і столях, афарбоўваюцца падлогі, рамантуецца мэбля, праводзіцца замена дзвярэй, абнаўляюцца санвузлы, выконваецца дробны бягучы рамонт. Ні адна школа не застаецца без увагі: выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, а таксама выкарыстоўваюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, усе віды спонсарскай дапамогі, у тым ліку грошы бацькоўскага апякунскага савета. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Асташэвіч, на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі выдаткавана 37 814 рублёў, з іх 18 тысяч — гэта бюджэтныя сродкі, 12 тысяч — пазабюджэтныя. На суму больш за 5,5 тысячы рублёў прыцягнута спонсарскай дапамогі. Акрамя набыцця фарбы і цэменту, заменены вокны ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці на суму больш чым 10 тысяч рублёў, таксама ў Жухавіцкім дзіцячым садзе на 6 тысяч рублёў, абсталяваны агароднінны цэх у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці на 5 тысяч рублёў, выкананы вонкавыя адхоны амаль на 8 тысяч руб. У бягучым годзе рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт фасада і добраўпарадкаванне тэрыторыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Патрабуецца абсталяваць унутраныя санвузлы ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, на праектна-каштарысную дакументацыю выдзелена 1600 рублёў.
З лепшага боку па падрыхтоўцы да 1 верасня ў комплексе адзначаны сярэдняя школа г.п. Мір і Ярэміцкі дзіцячы сад-базавая школа.
Аднымі з лепшых устаноў адукацыі па азеляненні тэрыторыі прызнаны Палужскі дзіцячы сад, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, сярэдняя школа № 2 райцэнтра. На дадзены момант тут завяршаецца рамонт чатырох навучальных кабінетаў, у харчаблоку ўстанаўліваецца тэхналагічнае абсталяванне, ідзе наладка электраабсталявання.
Узорнымі ў падрыхтоўцы спартыўнай базы сталі СШ г.п. Мір, СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра, Лукская сярэдняя школа. Як адзначыў галоўны спецыяліст Карэліцкага райвыканкама Мікалай Барэйка, усе спартыўныя залы і стадыёны гатовыя прыняць навучэнцаў ужо 1 верасня. Да пачатку новага навучальнага года набыта спартыўнага інвентара і абсталявання на суму 5 тысяч рублёў. У бліжэйшы час будуць закуплены спартыўныя маты і лыжны інвентар коштам 8 тысяч рублёў. Да пачатку навучальнага года ўсе навучальныя ўстановы будуць поўнасцю забяспечаны спартыўным інвентаром для зімовых відаў спорту.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара