Як звязаны Карэліччына і польскі горад Чэнстахова?

???Гасцінная Карэліччына мае цёплыя адносіны са сваімі замежнымі гарадамі-пабрацімамі. Але наш край яднаюць з рознымі краінамі і сувязі іншага кшталту. І сёння мы ўзгадаем пра адно незвычайнае месца ў Польшчы, якое смела можна назваць нашым духоўным пабрацімам.

26 жніўня адзначана на календары католікаў як успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай. Яе цудадзейны абраз знаходзіцца на Яснай Гары ў польскім горадзе Чэнстахова ў кляштары айцоў-паўлінаў. І што адметна, вось ужо 26 гадоў манахі гэтага ордэна нясуць сваю паслугу на карэліцкай зямлі. Таму выявы Чорнай Мадонны (названай так праз цёмнае адценне твару) можна ўбачыць як у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах , так і храме святой Ганны ў Варончы. Дарэчы, пра абедзве парафіі клапоціцца ўжо хутка як 15 гадоў пробашч а. Ежы Саковіч – першы манах-паўлін з Беларусі. Ёсць ікона Маці Божай Чэнстахоўскай і ў Мікалаеўскім касцёле ў Міры.

Адзін з самых вядомых і шанаваных сярод каталіцкіх і праваслаўных вернікаў абраз на працягу доўгага часу звязвае прадстаўнікоў розных краін і народаў у адну вялікую духоўную сям’ю.

Заўважым, што ў Яснагорскім кляштары ікона з’явілася аж напрыканцы XIV стагоддзя. Хто яе пісаў невядома, але адна легенда кажа, што сам Лука Евангеліст стварыў абраз на дошцы стала, за якім малілася і спажывала ежу Святая Сям’я. Пасля ікона шмат падарожнічала па свеце, пакуль дзіўным чынам не апынулася на чэнстахоўскай зямлі. Але навукоўцы абраз, першапачаткова намаляваны ў візантыйскім стылі, адносяць да VI – IX стагодддзяў.

Сотні цудадзейных гісторый звязана з Маці Божай Чэнстахоўскай. Адна з самых вядомых адсылае нас у XVII стагоддзе ў часы абароны Яснай Гары ад шведаў – вельмі складаны і крытычны момант у гісторыі польскага народа і Касцёла. Калі, здавалася бы, трагічны фінал быў непазбежны, людзі звярнуліся з просьбамі аб дапамозе да Маці Божай, і праз Яе заступніцтва наступ шведаў спыніўся (пра што добра напісана ў рамане Генрыка Сянкевіча “Патоп”). Нездарма, абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай лічыцца галоўнай святыняй Польшчы. Ды і на Карэліччыне ў многіх сем’ях ікона шырока ўшаноўваецца, і нашы вернікі з любоўю і верай узносяць да Маці Божай свае малітвы і просьбы.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, commons.wikimedia.org