8 верасня католікі ўзгадваюць Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі
☁?☁ 8 верасня для каталіцкіх вернікаў урачысты дзень. Гэта дата ўспаміну аб Нараджэнні Найсвяцейшай Панны Марыі.
Паводле апокрыфаў Маці Божая з’явілася на свет у сталай і заможнай бяздзетнай габрэйскай пары з Назарэта – святога Яўхіма з царскага роду Давіда і святой Ганны з сям’і святароў Іерусалімскага храма з роду Аарона ў адказ на іх шчырыя малітвы дзесьці паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста. Яе таты рана не стала, таму выхаваннем дачкі займалася святая Ганна і духоўныя асобы. Маленства дзяўчынка правяла ў храме, так як бацькі прысвяцілі яе Богу. Дарэчы, у Італіі і некаторых лацінскіх краінах і зараз існуе культ Марыі Дзіцятка.
Дзень Нараджэння Маці Божай у Касцёле пачалі асаблівым чынам адзначаць прыкладна ў V-VIІ стагоддзях. А дата 8 верасня, паводле палестынскага падання, звязана з асвячэннем іерусалімскага храма Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаванага ў IV стагоддзі маці імператара Канстанціна Аленай.
Яшчэ адна назва светлага дня – Маці Божай Сеўнай. Згодна звычаю менавіта пасля яго ў былыя часы распачыналі новую сяўбу, каб Марыя благаславіла зерне.
Мы з радасцю адзначаем дні нараджэння нашых матуль, дык давайце з удзячнымі і любячымі сэрцамі сустрэнем свята прыхода ў гэты свет нашай Маці Нябеснай!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
☁?☁Паводле ave-maria.by, catholicnews.by, catholic.by