Для 7 першакласнікаў з сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы новы навучальны год пачаўся па-беларуску

? Вучні 1 “А” класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы свой шлях у краіну ведаў пачалі з роднай мовы.

Словы па-беларуску сямёра першаклашкаў вымаўляюць старанна і звонка. Алена Яцук, Маргарыта Дубкова, Дар’я Лустач, Данііл Анісімаў, Ксенія Філончык ды сястрычкі Руфіна і Эвяліна Нарбутовіч – клас невялікі, таму голас кожнага добра чуваць. Але хоць вучняў не так і шмат, затое запалу спасцігаць новыя веды праз край.

Да такіх няўрымслівых маленькіх гарэз за 10 гадоў працы ў сярэдняй школе №1 настаўніца Алеся Карчэўская ўжо даўно звыкла і мае ладны падыход. Але ж і ў яе багатай практыцы беларускамоўны клас – упершыню. “Гэта новы, але доўгачаканы паварот ў прафесійным жыцці, – упэўнена кажа педагог. – Важна, каб дзеці з малых гадоў валодалі роднай мовай і маглі свабодна карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці. І ў нашым класе для гэтага створаны ўсе ўмовы. Матэматыка, праца, маляванне, фізічная культура, нават размовы на перапынках ці ў сталоўцы – усюды гучыць выключна беларускае слова”.

Наталля Дубкова з Турца сама вучылася ў вясковай школе на роднай мове і з пяшчотай успамінае тыя гады. Таму і малодшую дачку Маргарыту вырашыла адвесці аж у райцэнтр у беларускамоўны клас: “У сям’і альбо ў стасунках з іншымі людзьмі мы зрэдку карыстаемся родным словам. Але калі ёсць унікальная магчымасць дачцы вучыцца па-беларуску, то як ёй не скарыстацца? Ды і нашы дзве старэйшыя дзяўчынкі таксама ў пачатковых класах займаліся на роднай мове, і ўсе засталіся задаволеныя”.

“Маё асабістае меркаванне, раз мы жывём у Беларусі, то мусім ведаць належным чынам мову і перадаваць гэта падрастаючаму пакаленню. І школа тут – надзейны памочнік. А яшчэ я сама вельмі люблю беларускія казкі і чытаю іх у сям’і, – далучаецца да размовы маці шасцярых дзяцей Жана Нарбутовіч. – Вядома, я разумею, што ўсё не так проста і спатрэбіцца час, каб мае дочкі Руфіна і Эвяліна пачалі размаўляць па-беларуску. Затое клас у нас маленькі, а значыць кожнаму дзіцяці будзе максімум увагі і дапамогі ў вывучэнні роднай мовы”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара