Книга, по которой почти 500 лет учились школяры Новогрудского иезуитского коллегиума, экспонируется в Мирском замке

У многіх краінах свету пачаўся або хутка пачнецца навучальны год. Да таго ж 8 верасня будзе адзначацца Міжнароды дзень граматнасці. Таму самы час расказаць пра кнігу з калекцыі музея “Замкавы комплекс “Мір”, выдадзеную ў Парыжы ў 1554 г., пра чацверты том выбраных філасофскіх прац славутага рымскага прамоўцы Цыцэрона. Кнізе ў гэтым годзе спаўняецца 465 гадоў.

У першым класе вучні чыталі самыя лёгкія лісты Цыцэрона. У другім – рабілі пераклады з лацінскай мовы на польскую. На трэці год – выконвалі пераклады з польскай мовы на лацінскую, адзін раз у месяц пісалі сачыненне, спрабавалі складаць вершы, вывучалі змешчаныя ў 4-м томе трактаты “Аб сяброўстве” і “Аб старасці”. З трактатаў вучні даведваліся, што сяброўству спрыяюць сумленнасць, доблесць, вернасць, высакароднасць, а перашкаджаюць — прагнасць, разбэшчанасць, нахабства і што трэба паважаць старэйшых. Калі пераходзілі ў клас паэзіі, то вывучалі трактат “Пра абавязкі”, у якім філосаф выкладаў канцэпцыю лепшага спосабу жыцця. Да таго ж, вучні шмат перакладалі, адзін раз у тыдзень пісалі свае першыя аповесці. Атрыманне сярэдняй адукацыі ў езуіцкіх школах завяршалася разлічаным на два гады класам рыторыкі, дзе знаёміліся з творамі Цыцэрона аб прамоўніцкім мастацтве і выпрацоўвалі ўласны стыль прамовы.Класічная адукаванасць у XVI–XVII стст. засноўвалася на віртуозным валоданні латынню і вывучэнні лацінскіх рукапісаў, а творы Цыцэрона лічыліся ідэалам лацінскай мовы. Станоўчую ролю ў арганізацыі асветы і ў распаўсюджванні навуковых ведаў на беларускіх землях адыгралі школы езуітаў. У Навагрудскім езуіцкім калегіуме, дзе калісьці знаходзілася гэтая кніга, навучанне вялося ад пачатковай школы – “інфімы” да вышэйшай – з філасофскім аддзяленнем.

Тыя, хто працягваў навучанне, штудзіравалі творы Цыцэрона, прысвечаныя пытанням тэалогіі, маралі і этыкі, праблемам тэорыі пазнання, станаўлення дзяржавы і асобы. Напрыклад, у трактаце “Аб законах” разважаецца пра ўстановы ўрада для рэфармавання дзяржавы. З рэлігійна-філасофскіх трактатаў – “Аб прыродзе багоў” і “Пра лёс” вучні маглі даведацца, што магчыма разгадваць будучыню па высновах з назіранняў. Вывучаючы шостую частку “Парадоксаў стоікаў”, вучні спасцігалі, што мера багацця вызначаецца ладам жыцця, і ўбогія духам не могуць быць багатымі, нават калі яны валодаюць матэрыяльнымі выгодамі. Як бачым, філасофскія ідэі Цыцэрона не страцілі сваёй актуальнасці ў наш час.

На палях старонак кнігі – шматлікія запісы і пазнакі, якія сведчаць, што ёй актыўна карысталіся. Акрамя таго, паміж старонкамі знайшліся канспекты шкаляроў Навагрудскага калегіума. Іх таксама можна пабачыць у экспазіцыі.

 

Таццяна КОЖУХ,

загадчык аддзела па навуковай рабоце музея

“Замкавы комплекс “Мір”