«Мечтаю поехать на рыбалку на собственном тракторе»: Владимир Крупко из Оюцевичей о том, каково жить в инвалидном кресле

Невялічкая кузня, зробленая са старой газавай пліты, дзе замест горна спраўна працуе пыласос, газонакасілка з дзіцячай каляскі і трактар, сабраны з дзвюх адпрацаваўшых сваё аўтамашын, — усё гэта незвычайныя вынаходніцтвы Уладзіміра Крупко з Аюцавіч. Такое захапленне ў мясцовага кулібіна з’явілася 5 гадоў таму пасля таго, як урачы правялі яму аперацыю па ампутаванні ног. З юнацтва ўлюбёны ў тэхніку, правёўшы 24 гады за баранкай вялікагрузаў, Уладзімір не змог і не захацеў адмовіцца ад справы ўсяго жыцця.

Уладзімір Міхайлавіч толькі некалькі дзён як з бальніцы: нядаўна перанёс інсульт. Пакуль мова яшчэ добра не аднавілася, але бадзёрасці духу мужчына не губляе, не ў яго гэта характары. Ды і спадарожніца жыцця не любіць маркоціцца: жонка Іна — сапраўдны маторчык немалой сям’і і ўсяго дома, засумаваць і пасядзець склаўшы рукі не дасць. Менавіта яна і расказвае мне пра сямейныя радасці і нягоды.

— Іна, раскажыце пра мужа.

— Валодзя нарадзіўся ў Аюцавічах. У Нясвіжскім прафтэхвучылішчы атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля вялікагрузных аўтамабіляў і слесара. Сустрэліся з ім, калі ехаў з сябрамі праз маю Мядзвядку купацца на Ушу. Я тады да сесіі рыхтавалася, вучыла білеты. А ён убачыў мяне і сказаў: “Хлопцы, яна будзе маёй жонкай”. Так і сталася. Мы пажаніліся, нарадзілася дачка Маша. А праз два тыдні Валодзя на два гады пайшоў служыць: круціў баранку ў Днепрапятроўску і Харкаве. Вярнуўся дадому, пайшоў у калгас “Советская Белоруссия”. Амаль чвэрць стагоддзя вадзіў МАЗы, Газы.

— Як Уладзімір апынуўся ў інваліднай калясцы?

— Гэта не была нейкая аварыя ці траўма. Усё з-за хворага сэрца. У сасудах з’явіліся тромбы, потым у 38 гадоў адзін за другім — два інфаркты. Праз 6 гадоў тромбы з’явіліся ў нагах. Вердыкт урачоў быў адзінадушным: ампутацыя абедзвюх ног. 5 гадоў таму Валодзю правялі аперацыю.

— Як муж псіхалагічна адчуваў сябе пасля аперацыі?

— Мы ўсе настроілі сябе на тое, што будзе нялёгка. З сынам прыехалі ў бальніцу, цяжка было стрымацца. А Валодзя спакойны такі, ляжыць, усміхаецца. Не мы, а ён нас падтрымліваў у той момант. Увогуле мой Валодзя вельмі цярплівы. І так увесь час. Ніколі ні на што не скардзіўся. Нават пра тое, што ў арміі цяжка было, толькі нядаўна мне расказаў. Гэта характар такі ўжо.

— Як праходзіў перыяд рэабілітацыі?

— Цэлы год зажывалі раны. Першыя месяцы на абязбольваючых правёў. І бяссонныя ночы былі. Не без гэтага. Потым ужо прасцей стала. Ён не з тых, хто сядзе на адным месцы, маўляў, давайце, дапамагайце мне. Пачаў вучыцца ўсяму з нуля. Аднойчы спусціўся з ложка на падлогу, а назад — ніяк, рукі аслабелі. Затое сёння ён можа ўсё: і абед прыгатаваць, і дроў накалоць, і кацёл распаліць. А яшчэ навучыўся карыстацца інтэрнэтам. Там і бярэ ідэі для сваіх вынаходніцтваў. Другі год запар збірае трактар з дзвюх старых машын. Замест педаляў для ног стаяць ручныя рычагі. Марыць паехаць на рыбалку, толькі я не дазваляю, хвалююся, каб чаго не здарылася.

— Што было самым цяжкім пасля аперацыі?

— Мы спадзявался на тое, што ў Валодзі будуць пратэзы, а не каляска. Я нават сон бачыла, такі яскравы, што ён на пратэзах ходзіць. Аказалася, што з-за нагрузкі на сэрца гэта немагчыма і небяспечна для жыцця. Але і гэта мы перанеслі спакойна.

— Ці крыўдуе Уладзімір на лёс за тое, што так здарылася ў яго жыцці?

— Не, што Вы! Як сталася, так сталася, нічога не зробіш. Ён вельмі ўдзячны ўрачам. Часта ўспамінаем добрым словам загадчыка рэанімацыйнага аддзялення Карэліцкай райбальніцы Сяргея Плескача, які яго пасля інфаркта літаральна з таго свету выцягнуў. У мужа была клінічная смерць. Цудоўныя доктаркі — тэрапеўт Наталля Пуцята і хірург Алена Селяшук. Кіраўніцтва птушкафабрыкі “Чырвонаармейская” дапамагае, сельсавет не забывае. А старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак аднойчы дапамог вырашыць пытанне з устаноўкай газавай калонкі. Чалавек, вядома, чалавекам трымаецца, як дрэва коранем…
У Валодзі зайздросная прага да жыцця. Ён часцяком частушкі спявае, калі думае, што я не чую (усміхаецца). Нядаўна былі ў гасцях у маёй цёці на юбілеі, дык ён там танцаваў. У нас нават відэа ёсць, мы ў “Аднакласнікі” выклалі, можаце самі паглядзець.

— Дзе Уладзімір чэрпае сілы?

— Безумоўна, у сям’і. Дзе ж яшчэ? Па-першае, я не даю яму сумаваць. Гаспадарка ў нас вялікая, агарод, парасяты. За ўсім трэба прыгледзець, калі я на рабоце. Дзяцей у нас двое, трое ўнукаў. Дачка з сям’ёй таксама ў Аюцавічах жыве, вечарам усе ў нас у гасцях. Пагаворым, як дзень прайшоў. Валодзя ў сваёй калясцы дзвюх унучак выгадаваў. Дачка не сесію ездзіла, у зяця частыя камандзіроўкі, я на рабоце, а дзед ужо з малымі. Калі яму сумаваць, пасудзіце самі.

— Уладзімір, ці ёсць у Вас мара?

— Каб яшчэ ўнукі нарадзіліся і на рыбалку на сваім трактары з’ездзіць (з усмешкай глядзіць на жонку).

Што Вы параіце тым, хто апынуўся ў цяжкім становішчы?

— Трэба жыць! Нягледзячы ні на што, жыццё не спынілася. І абавязкова знайсці тое, чым можна лячыць душу. Часцей за ўсё гэтыя лекі зусім побач, толькі трэба разгледзець.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара