Пункт погляду журналіста. Дзень пажылых людзей: ці можна назваць яго святам?
? Восень — шчодрая пара года: цудоўныя колеры прыроды, дары палёў і агародаў, вераніца свят. Сярод іх: Дзень ведаў, Дзень настаўніка, Дзень работнікаў культуры, Дзень маці, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці і іншыя. Ёсць у календары і яшчэ адна знамянальная дата — Дзень пажылых людзей. А ці можна назваць яе святам?
Няпроста сустрэць чалавека, якія б не любіў святы і падарункі. Ва ўсялякім разе, ад віншаванняў, напэўна, ніхто не адмовіцца. У ранейшыя гады паштовыя скрынкі запаўнялі паштоўкі, а цяпер у пераважнай большасці людзі прызвычаіліся да тэлефонных званкоў. Але як б ні было, слова патрэбна нашай душы як у святы, так і ў будні. Яно сагравае, падбадзёрвае, узнімае настрой. Іншы ж раз прымушае задумацца і паразважаць.
Як скажам, у выпадку з маёй сяброўкай: увага знаёмых не тое што яе акрыліла, а больш узрушыла. У Дзень пажылых людзей зранку патэлефанаваў даўні сябра і павіншаваў са святам, а ўвечары пра гэтае ж самае свята яшчэ нагадала і маладая кватарантка, якая да таго ж прынесла і вялікую каробку цукерак. Адмовіцца ад віншаванняў як у першым, так і ў другім разе не было як, прыйшлося выслухаць і прыняць іх. Знаёмыя стараліся ўдзяліць увагу жанчыне, тым больш і ў календары гэты дзень ёсць, і ў сродках інфармацыі пра яго і людзей састарэлага ўзросту пішацца шмат. «Ды чаму б і не праявіць увагу да чалавека? — разважала мая 55-гадовая суразмоўца. — Вось толькі я адчуваю сябе ніякавата…»
Так, сапраўды, мы маем патрэбу ва ўвазе. Колькі б гадоў ні было, шэсць, шаснаццаць, шэсцьдзясят — кожнаму патрэбна своечасовае, добрае, трапнае слова. Дзіця вытра слёзы, дзяўчына паверыць каханаму, а сталы чалавек усміхнецца. А ці патрэбны для гэтага святы? Ці трэба чакаць іх, каб прызнацца ў любові?
Дзень пажылых людзей — асаблівы дзень. І як добра, што ён ёсць у календары. Лічу, што гэтая дата не толькі для тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а і для маладых, якія павінны памятаць пра сваіх бацькоў і дзядоў і праяўляць пра іх пастаянны клопат. У гэтую кагорту хочацца запісаць і адказных асоб — яны па прафесійным абавязку закліканы падтрымліваць пенсіянераў у паўсядзённым жыцці. Не апошняе месца належыць таксама і былым калегам, якім іншы раз будзе не лішнім пацікавіцца, як жывуць на пенсіі ветэраны працы. Глядзіш — і састарэламу чалавеку дарэчы будзе размова па душах, і малады кіраўнік прадпрыемства ці арганізацыі атрымае слушную параду.
«Маладосць не купіш, старасць не прадасі» — народная прымаўка часта ўсплывае ў маёй памяці. І не выпадкова: у ёй закладзены глыбокі сэнс. Кожная з гэтых лесвіц жыцця асаблівая па-свойму, але яны звязаны паміж сабой. Задор і энергія ў маладосці, памножаныя на вопыт і мудрасць у старасці, могуць даць выдатныя вынікі. А яшчэ — давер да маладога пакалення і павага да людзей на заслужаным адпачынку робяць добрую справу.
І ўсё-такі, Дзень пажылых людзей — наш дзень. Як у той вядомай песні: «Мае гады — маё багацце». І сапраўды: тое, што мы маем за плячыма, што можам успомніць, пра што пагаварыць — і прадаўжаць радавацца новаму дню. А што ўзрост — у кожнага свой. Як і свае імкненні, свае мары, свае захапленні. Гавораць, што чалавеку столькі гадоў, на колькі ён выглядае. І не важна, што да цябе нечакана падкралася старасць, галоўнае, была б маладой душа…
Ці віншаваць з Днём пажылым людзей? У рэшце рэшт, у кожнага сваё стаўленне да гэтага дня. Упэўнена, што тыя добрыя святы, якія ладзяцца з гэтай нагоды ў нашым раёне, прыйдуцца па душы многім састарэлым людзям. Словы прызнання хачу адрасаваць старэйшым па ўзросту былым калегам па працы, у якіх у свой час вучылася майстэрству слова, а таксама — у любых жыццёвых сітуацыях не згубіць чалавечую годнасць. Хочацца, каб доўжыўся іх век, і яны былі акружаны ўвагай і клопатам родных і блізкіх. Што ж, жыццё прадаўжаецца…
? Галіна СМАЛЯНКА