К 75-летию Гродненщины. В Кореличском Доме ремёсел создали уникальную картину с аутентичным орнаментом каждого района
На бягучым тыдні ў зале Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці і 80-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.
Гасцей і ўдзельнікаў свята чакалі шматлікія выставы, падрыхтаваныя аддзелам рамеснай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў”, а таксама супрацоўнікамі раённай бібліятэкі і краязнаўчага музея. Асаблівую ўвагу прысутных выклікала карціна, на якой размешчаны контуры Гродзенскай вобласці. Кожны з яе раёнаў вышыты аўтэнтычным арнаментам, характэрным для таго ці іншага рэгіёна.
– Ідэя стварэння гэтага палатна ў нас з дырэктарам Юліяй Баярэнка з’явілася амаль адначасова, – расказвае аўтар, майстар-метадыст аддзела рамеснай дзейнасці Вольга Крышэнь. – Перад тым, як распачаць працу, я прагледзела вялікую колькасць кніг, даследуючы матэрыялы пра тое, якім узорам упрыгожвалі посцілкі ў тым ці іншым раёне. Часам здаралася, што інфармацыі амаль не было – тады прыходзілася шукаць у Інтэрнэце…
Такім чынам, на збор дакладных звестак майстар выдаткавала адзін месяц. Яшчэ адзін спатрэбіўся на саму вышыўку. Цікава, што колер нітак на карціне не паўтараецца: падобныя адзін да аднаго ўзоры Вольга Глебаўна рабіла пры дапамозе розных адценняў. Напрыклад, Лідскі раён цалкам чырвоны, а вось Гродзенскі ўжо ўпрыгожваюць ніткі больш цёмнага колеру.
Раму для сваёй работы майстар набывала ў Гродне, а само палатно абцягвала льняной тканінай. Потым на будучай карціне рабіўся эскіз і пачыналася доўгая і карпатлівая праца… Дарэчы, па перыметры работы ўзоры таксама сімвалічныя: зверху – аўтэнтычны ўзор Віцебскай вобласці, з якой мяжуе Гродзеншчына, знізу – Брэсцкай, з правага боку – Мінскай, а з левага – Беластоцкага ваяводства. Каб дапоўніць карціну, было вырашана зрабіць яшчэ адзін штрых – гадзіннік, які сваім колерам сімвалізуе чатыры пары года.
Не дзіва, што на такую крэатыўную і прыгожую работу звярнулі ўвагу: на наступным тыдні карціна стане ўласнасцю жыхаркі горада Гродна. Але, па словах аўтара, яна плануе зрабіць яшчэ адну, толькі значна меншага памеру: усё ж такі часу гэта забірае шмат.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара