В Кореличской районной библиотеке состоялась презентация сборника стихов Леонилы Денькевич «Агонь душы нязгасны»
Вершы, прасякнутыя любоўю і павагай да малой радзімы, разважаннямі аб надзённым і верай у заўтрашні дзень. Кожны з іх стаў неад’емнай часцінкай зборніка вершаў “Агонь душы нязгасны” Леанілы Дзянькевіч, прэзентацыя якога адбылася напярэдадні 75-годдзя Гродзенскай вобласці ў чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі.
У цёплай атмасферы, напоўненай меладычнасцю паэтычнага слова, сабраліся члены літаратурнага аб’яднання “Рэчанька”, родныя і знаёмыя Леанілы Васільеўны, каб павіншаваць паэтку са з’яўленнем на свет літаратурнага шэдэўра, у склад якога ўвайшлі больш за 110 вершаў. Творчага натхнення і жыццёвых сіл пажадалі Леаніле Дзянькевіч кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” пры раённай газеце «Полымя» Галіна Калтунова, а таксама члены літаб’яднання Аляксандра Панасенка, Антаніна Аўчыннікава, Марыя Палуян, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх. Да таго ж намеснік дырэктара КСУП “Племзавод Карэлічы” па ідэалагічнай рабоце Аксана Клінцэвіч падзякавала Леаніле Васільеўне за шматгадовую працу ў сельгаспрадпрыемстве.
А працоўны стаж жанчыны вымяраецца не гадамі, а дзесяцігоддзямі. Усе яны звязаны з сельскай гаспадаркай раёна, бо па спецыяльнасці, якую Леаніла Дзянькевіч атрымала пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, яна заатэхнік. Агульны працоўны стаж жанчыны – 41 год, з якіх 33 гады яна з’яўлялася заатэхнікам-селекцыянерам на племзаводе “Карэлічы”. Адзначана шэрагам высокіх урадавых узнагарод.
– Першыя вершы Леанілы Васільеўны былі надрукаваны ў раённай газеце “Полымя”, – паглыбілася ў творчую біяграфію паэткі вядучая мерапрыемства, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Валянціна Кошур. – Яе вершы таксама размешчаны на старонках рэспубліканскага друку, газет “Чырвоная змена”, “Обозреватель”, “Вместе”. Доўгі час Леаніла Дзянькевіч з’яўляецца членам літаб’яднання “Рэчанька”. Яе вершы ўвайшлі ў паэтычны зборнік “Плыві, рэчанька зямлі Карэліцкай”.
Цікавасць да літаратуры, якая ў далейшым прывяла да ўласнай творчасці, у Леанілы Дзянькевіч праявілася ў дзіцячыя гады.
– Бацька, Васілій Мікалаевіч, усё жыццё працаваў у калгасе, аднак быў вельмі адукаваным чалавекам, – расказала гасцям мерапрыемства Леаніла Васільеўна. – Ён шмат чытаў на беларускай, рускай, польскай мовах і з маленства прывучаў нас, пецярых дзяцей, да кнігі. Да таго ж у нашай хаце збіраліся аднавяскоўцы, каб паслухаць бацькавае чытанне. Менавіта ў той час, я зразумела, што паэзіі будзе адведзена значнае месца ў маім жыцці.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара