Всё только начинается. В отделении дневного пребывания для граждан пожилого возраста ЦСОН Кореличского района жизнь бьёт ключом
Штогод пачатак кастрычніка нагадвае нам пра свята, якое для многіх людзей з’яўляецца чарговым напамінам аб тым, што дзівосная і бесклапотная маладосць засталася ў мінулым. Але, заходзячы ў мясцовы Цэнтр сацыяльнага абслугоўваня насельніцтва, дзе з аднаго пакоя даносяцца гучныя спевы, а з другога – шчыры жаночы смех, пераконваешся ў тым, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
У гэтым упэўнена і загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Карэліцкага ЦСАН Вольга Жук, якая з запалам у вачах расказае пра шматлікія магчымасці для актыўных мужчын і жанчын. Так, напрыклад, у Цэнтры працуюць пяць гурткоў, дзе можна заняцца рукадзеллем, спевамі, падняць узровень фізічнага стану або знайсці агульную мову з камп’ютарам, як гэта і зрабіла жыхарка райцэнтра Святлана Лейка.
– Некалькі гадоў таму дзеці падарылі мне камп’ютар, – пачынае свой расказ жанчына. – Вядома, яны растлумачылі, што і дзе трэба націскаць, але ж усё адразу не запомніш… Таму я і запісалася ў гурток, каб працэс навучання стаў лягчэйшым. Да таго ж сувязь з выкладчыкам можна падтрымліваць і па-за заняткамі, што вельмі зручна, калі ўзнікаюць тыя ці іншыя пытанні.
Зараз гурток “Камп’ютарная азбука” наведваюць шэсць чалавек. Важна, што кошт адной гадзіны складае ўсяго шэсцьдзясят капеек, а для людзей з інваліднасцю ІІ групы гэтая паслуга ўвогуле з’яўляецца бясплатнай. Дарэчы, тое самае і з іншымі гурткамі, якія працуюць у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Акрамя магчымасці навучыцца чамусьці новаму і проста весела правесці свой час, галоўным плюсам сталыя грамадзяне называюць… зносіны. Звычайныя людскія зносіны, якіх часам не хапае ў залатым узросце. А абмеркаваць апошнія навіны і падзяліцца ўражаннямі на той ці іншы конт можна не толькі падчас працы ў гуртках, але і падчас экскурсій, якія таксама ладзяцца кіраўнікамі ўстановы. Так, напрыклад, за апошнія чатыры гады наведвальнікам Цэнтра пашчасціла пабываць у музеі Вялікай Айчыннай вайны, Цэнтральным батанічным садзе, палацавым ансамблі “Нясвіж”, Жыровіцкім Свята-Елісееўскім манастыры і шмат дзе яшчэ.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе ў сталіцы адбудзецца Рэспубліканскі злёт валанцёраў сярэбранага ўзросту, дзе з праектам “Жыццё працягваецца” выступяць і пяць валанцёраў Карэліччыны.
У снежні бягучага года кіраўніцтва Цэнтра плануе адкрыць літаратурна-тэатральную студыю, дзе ўсе жадаючыя змогуць не толькі навучыцца мастацтву Мельпамены і раскрыць у сабе артыстычныя здольнасці, але і атрымаць асалоду разам з самымі шчырымі эмоцыямі.
? ГЭТА ЦІКАВА
Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Карэліцкага ЦСАН наведвае 56 чалавек. Самай маладой наведвальніцы 60 гадоў, самай старэйшай – 81.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара