Малітва, што цешыць, узмацняе і збаўляе. 7 кастрычніка католікі адзначаюць успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай
??? Хутка зямлю пакрые снег, і сцішэюць фарбы свету. Але зараз, у кастрычніку, радуюць наша вока каралеўскім хараством ружы, а душу каталіцкіх вернікаў цешыць і ўзмацняе ружанцовая малітва.
Вядома, у Касцёле не толькі чароўнай восеньскай парой звяртаюцца да Ружанца – нізкі пэўным чынам змацаваных драўляных, касцяных, бурштынавых ды іншых пацерак, дзе кожнай адзначаецца асобная малітва. Такім спосабам католікам варта маліцца штодня. Але так сталася, што 7 кастрычніка адзначаецца успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, устаноўлены ў гонар перамогі хрысціянскай Еўропы над туркамі пры Лепанто ў 1571 годзе. Дык як не прысвяціць з такой нагоды ўвесь месяц Ружанцу?
Увогуле, само слова перакладаеца з лацінскай мовы як “ружавы кветнік”. Адразу ўзгадваюцца тыя далёкія часы, калі хрысціяне ў знак пашаны і любові да Пана Езуса, Маці Божай і святых складвалі ружавыя вянкі на алтар. Так і вернікі сёння прысвячаюць ім кветкі ўзнёслых слоў ружанцовай малітвы.
Гэта практыка паходзіць з хрысціянскага Усходу, дзе з’явілася дзесьці ў ІІІ стагоддзі. Праўда, тады на пацерках Ружанца чыталіся псальмы. Але іх праз пэўны час замянілі малітвы: “Ойча наш”, што навучыў сам Пан Езус, і “Вітай, Марыя”, словамі якой звярнуліся да Найсвяцейшай Панны арханёл Габрыэль і святая Альжбета. На Захадзе такі спосаб малітвы атрымаў лацінскую назву “Pater noster” (ад першых словаў “Ойча наш”, адсюль і беларускія “пацеркі”). Асаблівую ролю ў папулярызацыі Ружанца адыгралі манахі-дамініканцы ў XV стагоддзі, а яго сучасная форма была асвечаная папам Львом Х у 1520 годзе.
У многіх аб’яўленнях, афіцыйна прызнаных Касцёлам, Маці Божая заахвочвае да ружанцовай малітвы і называе яе найбольш дзейсным сродкам для навяртання і збаўлення свету. Так было, калі Найсвяцейшая Панна звярнулася да святога Дамініка, першага апостала Ружанца, у 1214 годзе, а таксама да святой Бэрнадэт Субіру ў Люрдзе ў 1858 годзе і да дзетак Жасінты, Францішка і будучай сястры-кармэліткі Луцыі ў Фаціме ў 1917 годзе.
Надзвычайную моц і неабходнасці ружанцовай малітвы ў наш час падкрэсліваў Папа Ян Павел ІІ. Святы Айцец нават дапоўніў Ружанец новаю чацвёртаю часткаю – таямніцамі святла, апроч існуючых радасных, балесных і хвалебных. А добрай парадай ужо на працягу пяці стагоддзяў наконт таго, як лепш за ўсё маліцца гэтым спосабам, з’яўляюцца словы святога Францішка Сальскага: “Вазьмі ружанец за крыжык і, пацалаваўшы яго, учыні ім на сабе знак крыжа і стань у Божай прысутнасці, гаворачы «Веру». На вялікай пацерцы папросіш у Бога ласку набожнага адгаворвання малітвы, на трох меншых гэтую ж просьбу ўзнясеш да Найсвяцейшай Панны Марыі, усхваляючы Яе як Дачку Айца Спрадвечнага, Маці Божага Сына, Абранніцу Святога Духа. Затым адгаворыш пяць дзесяткаў, разважаючы радасныя, балесныя ці хвалебныя таямніцы, альбо таксама можаш засяродзіцца над іншым набожным прадметам, на які цябе Бог натхніць”.
Людзі, якія часта звяртаюцца да ружанцовай малітвы, адзначаюць змены ў сваім жыцці да лепшага і бачаць ў ёй шчыт ад зла і граху. Яна ачышчае, дае шанс на збаўленне, дазваляе лягчэй пераносіць выпрабаванні, абуджае ў сэрцы любоў і веру і яднае католікаў у Божую сям’ю.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
Паводле grodnensis.by (аўтар: кс. Юрый МАРЦІНОВІЧ), catholic.by, redemptor.by