«Маяк-Заполье» идет на рекорды. Аграрии сельхозпредприятия получили лучшую в районе урожайность сахарной свеклы

Цукровыя буракі – валаўтваральная культура, пад якую на Карэліччыне адведзена 3550 га. Сёння на палетках раёна працягваецца ўборка салодкіх караняплодаў, якая стартавала ў апошнія жнівеньскія дні.

На дадзеным этапе капання цукровых буракоў лідарам па ўраджайнасці з’яўляецца СВК “Маяк-Заполле”, дзе на раніцу 11 кастрычніка атрымалі ўраджайнасць 630 ц/га. Пабываўшы на полі сельгаспрадпрыемства непадалёк ад Карэліч, давялося асабістымі вачыма ўбачыць цукровыя трафеі па-маякоўску, памеры і вага якіх проста ўразілі. Сёлета “Маяк” ставіць салодкія рэкорды.

Па аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на ўчарашнюю раніцу аграрыямі гаспадаркі ўбрана 338 га, накапана 21294 тоны, з якіх 14892 тоны сыравіны вывезена на перапрацоўку на Гарадзейскі цукровы камбінат. Цукрыстасць караняплодаў на дадзеным этапе базісная і складае 16,34%.

Перад тым, як дасягнуць выдатнага салодкага ўраджаю, аграрыі “Маяка” папрацавалі на поўную моц. Восенню пад ворыва ўнеслі арганіку, а таксама фосфарныя і калійныя ўгнаенні. Вясной перад сяўбой цукровых буракоў унеслі азот. Гібрыд-тысячнік, патэнцыяльная ўраджайнасць якога — тысяча тон з кожнага гектара, заказвалі напрамую з Германіі. Менавіта такім насеннем засеялі 200 гектараў з запланаваных 500.

Агранамічная служба “Маяка” смела прымяняе на практыцы сучасныя дасягненні ў галіне раслінаводства. Таму побач з традыцыйнай тэхналогіяй вырошчвання цукровых буракоў выкарыстоўвае новую тэхналогію канвіза-смарт, якая мае пэўныя перавагі. Напрыклад, памяншаецца колькасць хімапрацовак, што спрыяе павелічэнню эканоміі грашовых сродкаў. Па сучаснай тэхналогіі сёлета ў “Маяку” засеяна 200 гектараў.

На ўборцы цукровых буракоў на палях гаспадаркі шпарка завіхаецца буракаўборачны камбайн “Holmer”, вырываючы з зямлі салодкія караняплоды і пакідаючы пасля сябе бацвінне. Сёлета на ўборцы задзейнічаны механізатары СВК “Маяк-Заполле” Міхаіл Сялецкі і Віктар Галавач, якія па-майстэрску кіруюць шматтоннай машынай.

З бункера камбайна салодкія караняплоды трапляюць у кузавы тэхнікі на адвозцы, затым складваюцца ў бурты. Практыка паказвае, што размяшчаць іх лепш бліжэй да дарогі, забяспечваючы добры пад’езд тэхнікі. Асноўнае пытанне, якое сёння стаіць на парадку дня, звязана з тэмпамі вывазкі салодкай сыравіны на перапрацоўку. Гарадзейскі цукровы камбінат працуе не на поўную моц, што стрымлівае ўборку цукровых караняплодаў у раёне. Першыя замаразкі і невялікі снег, якія ўжо прынёс кастрычнік, а таксама асеннія дажджы толькі ўзмацняюць жаданне аграрыяў хутчэй сабраць і спарадкаваць старанна вырашчаны ўраджай.

На ўчарашнюю раніцу на Карэліччыне ўбрана 1887 га, накапана 100530 тон салодкіх караняплодаў, з якіх адпраўлена на цукровы камбінат 80879 тон сыравіны. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 533 ц/га.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара