Нашы самыя дарагія і любімыя матулі, са святам! Віншаванне Карэліцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў
?? Дарагія жанчыны! ??
Сардэчна віншуем вас са слаўным восеньскім святам, напоўненым матчыным цяплом і любоўю, — Днём маці!
Кожны з нас з самага дзяцінства нясе ў сваёй душы адзіны, непаўторны і самы любімы вобраз — вобраз сваёй мамы, самага галоўнага і самага дарагога чалавека для кожнага з нас. Менавіта ім мы абавязаны жыццём, сямейнай утульнасцю, усім лепшым, што ў нас ёсць. У самыя складаныя і адказныя моманты жыцця мы заўсёды звяртаемся да мамы за парадай, падтрымкай і суцяшэннем. Невычэрпная сіла мацярынскай любові дапамагае нам перанесці любыя выпрабаванні.
З году ў год роля жанчын у нашым грамадстве ўзрастае. Аднак найважнейшым іх прызначэннем з’яўляецца нараджэнне і выхаванне дзяцей. Сёння ў Карэліцкім раёне пражывае 223 шматдзетныя сям’і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, 11 сем’яў, якія выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей. 68 жанчын нашага раёна ўзнагароджаны ордэнам Маці — ім асаблівы гонар і павага!
Сёння робіцца ўсё магчымае для таго, каб забяспечыць годную і надзейную падтрымку мацярынства і дзяцінства, павысіць статус і прэстыж моцнай, шчаслівай сям’і. Вялікая ўвага надаецца шматдзетным сем’ям.
Дарагія жанчыны! Жадаем вам вялікага мацярынскага шчасця, моцнага здароўя, любові і ўдзячных дзяцей! Няхай у вашых дамах і сем’ях заўсёды пануюць згода, дастатак і ўтульнасць!
Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў