У дарозе, як дома. Знаёмімся з калектывам падраздзялення аўтатранспарту ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»
У дарозе, як дома, адчуваюць сябе работнікі падраздзялення аўтатранспарту ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”. Многія правялі за баранкай не адно дзесяцігоддзе, але іх працоўныя будні не ператварыліся ў руціну. Бо ў сельгастэхніцы працуюць зусім не выпадковыя, а правераныя часам і прафесіяй людзі.
Начальнік аўтатранспарту Казімір Шумчык, ураджэнец Стаўбцоўшчыны, трапіў у карэліцкую арганізацыю па размеркаванні пасля заканчэння БАТУ ў 1981 годзе. Спачатку працаваў у рамонтнай майстэрні сельгастэхнікі інжынерам-механікам, але ў хуткім часе ўзначаліў аўтатранспарт.
– Столькі год тут, што ведаю кожны закуток, як і ўсіх нашых работнікаў, – размова з Казімірам Шумчыкам пачалася з экскурсіі па рамонтнай зоне і знаёмства з людзьмі і тэхнікай. – Калектыў – вялікі, 56 чалавек, з іх 38 вадзіцеляў і 6 трактарыстаў-машыністаў. Яшчэ ў нашай камандзе – механікі, слесары, дыспетчары, кладаўшчык, электрагазазваршчык, токар і бухгалтар. Моладзі не так і шмат, у асноўным людзі ў прафесіі па 20-30 гадоў. Асобна адзначу аўтапарк – гэта аж 50 адзінак: малакавозы, МАЗы, КАМАЗы, “лятучкі”, самазвалы, трактары, бензавоз. Як бачыце, людзей і тэхнікі багата, таму і поле для дзейнасці шырокае. Нашы вадзіцелі перавозяць малако, буракі, вапнавыя і мінеральныя ўгнаенні, зерне, рапс і іншыя грузы. Мехатрад, гэта трактарысты-машыністы, адказвае за працу па пагрузцы, займаецца ўнясеннем вапнавых матэрыялаў і арганічных угнаенняў. Калі гаварыць пра паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, то тэмп росту аб’ёма аказаных работ і паслуг за 9 месяцаў 2019 года ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам склаў 112,5%, план выкананы на 112,4% да даведзенага. Мы імкнёмся да стабільнасці, таму гаспадаркі раёна, ААТ “Малочная кампанія Навагрудскія дары”, ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” з намі актыўна і ўжо шмат год супрацоўнічаюць. Таксама па неабходнасці мы ездзім у Салігорск, Смаргонь і Ліду. Вядома, плённай працы спрыяе і кіраўніцтва. Наш дырэктар Валерый Марушка аддаў сельгастэхніцы шмат гадоў, добра разумее, чым жыве арганізацыя, заўжды трымае руку на пульсе, ні адно пытанне ў яго не застаецца нявырашаным. Гэта стымулюе калектыў, тым больш, народ у нас працалюбівы, з ім лёгка знайсці агульную мову. А ў сувязі са святам хачу пажадаць калегам, асабліва тым, хто за рулём, чыстай і зялёнай дарогі, заможнага жыцця, спакою і радасці ў сем’ях!
Сустрэча з работнікамі, як і дэтальны расказ пра іх поспехі, таксама парадавала. Вадзіцель Аляксандр Качан ужо 37 гадоў пасля заканчэння Гродзенскай аўташколы кожную раніцу спяшаецца на працу ў сельгастэхніку. Фронт работ у яго адказны: на МАЗе даводзіцца перавозіць тоны грузаў як па Гродзенскай, так і Мінскай абласцях. Каб рэйсы праходзілі без прыгод і ўсё ў час паспяваць, трэба, каб у вадзіцелябыла жалезная дысцыпліна, лічыць Аляксандр Качан. Яго падтрымлівае калега Аляксандр Захарчук, які таксама старажыл арганізацыі і мае 29 гадоў стажу. Азы кіравання аўтатранспартам ён калісьці атрымаў у Лідскай аўташколе, але менавіта праца ў сельгастэхніцы дапамагла яму стаць прафесіяналам.
На сваім месцы адчувае сябе і Георгій Барысевіч, які пасля заканчэння Карэліцкага будаўнічага прафліцэя за баранкай з 1982 года, а ў арганізацыі водзіць малакавоз пяты год. Кажа, што, колькі сябе памятае, столькі і любіць усё, што датычыцца тэхнікі. Тым больш, мужчыны ў яго сям’і так ці інакш з ёй звязаныя. І хоць працоўны дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы, настрой гэты факт не псуе. Для Георгія такі рытм звыклы і па душы, машыну ён адчувае, як роднага чалавека, таксама адзначае, што арганізацыя салідная і калектыў з’яднаны.
З павагай гаворыць пра людзей, з якімі працуе побач пяты год, і слесар Раман Міхалёў. У падраздзяленні ён адказвае за шынамантаж і рамонт паліўнай апаратуры.
Ёсць у аўтатранспарце і жанчыны. Усё пра пуцявыя лісты і маршруты вам лёгка раскажа дыспетчар Таццяна Кужалевіч, якая ў сельгастэхніцы ўжо 24 гады. Яшчэ пасля школы яна пачынала тут працаваць аператарам у вылічальным цэнтры, а праз нейкі час вярнулася ў арганізацыю на цяперашнюю пасаду.
Увогуле, добрыя словы можна смела аднесці да кожнага работніка падраздзялення аўтатранспарту, а ў іх біяграфіі знайсці немала цікавых прыкладаў адданасці сваёй справе. За іх плячыма – вялікая жыццёвая і прафесійная дарога, хай і наперадзе іх чакае светлы і плённы шлях!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара