90 гадоў у суладдзі з сабой. Жыхарка Міра Вера Лабоцкая распавядае пра вайну, працу і любоў да жыцця
Людскія лёсы… Непрадказальныя, у большасці сваёй складаныя, зусім розныя, ні ў чым не маючыя падабенства паміж сабой. А сярод іх выбліснуць раптоўна сонечным промнем такія, якія ўражваюць духам непераможнасці ў змаганні з цяжкасцямі, неверагоднай жыццястойкасцю, душэўнай чысцінёю. Яны крынічкай б’юць сярод перапляцення гадоў і, як крынічка, паказваюць прыклад непадуладнасці ўзнікаючым перашкодам, зайздроснай прагі да дабрыні, умення выстаяць пры любых абставінах, каб гаючым струменьчыкам чалавечай годнасці заяўляюць аб сабе, наталяючы акружаючых жыватворнай сілай. Не раз даводзілася назіраць, як змагаецца прыродная крынічка за права існаваць на зямлі: бывае, наступае асака на яе, ці ў лясным гушчары моцныя карэнні дрэў спрабуюць перакрыць ёй дарогу, а яна пераадольвае перашкоды, весела цвіркоча пругкім фантанчыкам, цягнецца да сонца. І што дзіўна, вада ніколі не мутнее, заўжды чысцюткая, празрыстая, нібы дзіцячая сляза. Нап’ешся яе — адразу сілы прыбаўляюцца! Таму ідуць да крынічак людзі, зберагаюць іх, трымаюць у парадку месцы іх знаходжання, захоўваюць для нашчадкаў прыродай дадзены падарунак.
Так і многія лёсы людскія. Напоўненыя глыбокім сэнсам, багатыя зместам, крынічнай чысцінёю, лёсы павінны застацца ў нашай памяці, у сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў, каб яны маглі карыстацца каштоўнейшым скарбам, здаючы экзамен на права звацца Сапраўдным Чалавекам. Вось таму і з’явіўся гэты нарыс аб дзівоснай жанчыне, у канцы верасня адзначыўшай сваё 90-годдзе, Веры Іосіфаўне Лабоцкай з г.п. Мір, чый лёс крынічнай чысціні здзіўляе, захапляе, павучае, надзяляе мудрым разуменнем: і ў 90 можна заставацца прывабнай, поўнай энергіі, жыццярадаснай, актыўнай. Трэба толькі засвоіць выратавальную навуку — не паддавацца жыццёвым складанасцям, верыць, што безвыходнага становішча не бывае, знаходзіць цікавасць у кожным дні, сябраваць з дабрынёй і сумленнем, не цурацца працы, не заседжвацца ў чатырох сценах, верыць у свае сілы і магчымасці, умець радавацца кожнай хвілінцы жыцця.
Мы сядзім з Верай Іосіфаўнай ва ўтульным пакоі яе дагледжанага дома і не можам нагаварыцца. Гэтаму спрыяе не толькі прыцягальнасць і адкрытасць жанчыны, але і акружаючая абстаноўка: нічога лішняга, чысценька, кругом парадак (як, дарэчы, і ў двары), адчуваецца руплівасць рук гаспадыні, гледзячы на якую міжволі зноўку задаешся пытаннем: няўжо ёй 90?! Статная, поўная энергіі, смяшлівы погляд маладых дапытлівых вачэй, кароткая акуратная стрыжка. Размова аб жыцці, доўгім і складаным, пацякла сама сабою. «Што пра мяне пісаць, — усміхаецца Вера Іосіфаўна. — Я ж не гераіня, у палаючую хату не ўваходзіла, каня на скаку не спыняла, як пісаў Някрасаў, а з 15 гадоў працавала на мясцовым спіртзаводзе, аддала яму амаль 50 гадоў жыцця, выгадавалася, можна сказаць, на заводзе».
“Вядома, перажыта нямала, — прадаўжае ўспаміны Вера Іосіфаўна, — многа помніцца з таго даўняга часу. Радасць вызвалення ад гнёту панскай Польшчы, першыя пачутыя ад чырвонаармейцаў словы прывітання: “Здравствуйте, товарищи!” Страшны ж час перыяду Вялікай Айчыннай вайны не забудзецца ніколі: ледзяны страх пры бамбёжках, голад, лютая нянавісць да акупантаў, бяссонныя ночы ў халодным склепе. Не дай Бог паўтарыцца такому! Пасля вызвалення яшчэ доўга баяліся выходзіць на вуліцу, а жыццё таксама было нялёгкім: нястачы, паўгалоднае існаванне, картачная сістэма. Памятаю, іду з братам, нясу выдадзеныя па картачцы 400 грамаў хлеба, брат просіць: “Дай памагу несці”. А я ў адказ: “Не дам, бо ты з’ясі хлеб!” Ён са слязьмі апраўдваецца: “Не з’ем, толькі панюхаю…”. Да гэтай пары не магу дараваць сабе, што не аддала, брацік жа быў галодны… Хацелася вучыцца, я ўжо мела за плячыма тры класы польскай, 7 — савецкай (школа працавала і ў гады акупацыі), марыла аб сярэдняй адукацыі. Атрымалася ж наадварот. Па парадзе суседкі пайшла ўладкоўвацца на працу на завод. Трэба было карміць сям’ю”.
З працаўладкаваннем адбылася цэлая дэтэктыўная гісторыя. Тагачасны дырэктар спіртзавода Міхаіл Уладзіміравіч Навіцкі ўчыніў сапраўдны экзамен, засыпаўшы 15-гадовую дзяўчынку (хоць і рослая была, але ж дзіця зусім) пытаннямі: дзе бацькі? Хто яшчэ ёсць у сям’і? Што ўмее рабіць? Ці можа карыстацца лічыльнікамі? Папрасіў напісаць на паперы “Мірскі спіртзавод”, даў заданне вылічыць на прынесеных лічыльніках свой узрост. Гутарка завяршылася загадам аб прыняцці Веры на работу. Гэтая радасная для яе падзея адбылася 1 верасня 1944 года. У той час кожнаму падвор’ю ў населеных пунктах даводзіўся план здачы бульбы на спіртзавод. Бульбу прымалі прыёмшчыкі, яны ж вылічвалі вагу груза, выпісвалі квітанцыі, на што трацілася шмат часу. Верачцы даверылі выпісваць квітанцыі! Цэлы дзень без перапынку дзяўчо добрасумленна выконвала свае абавязкі. “Як толькі мяне не называлі, — смяецца Вера Іосіфаўна, — “малая”, “дачушка”, “квітар”. Шкадавалі, падкармлівалі: хто варанае яйка дасць, хто кавалачак хлеба, хто кубачак малака налье. А я была шчаслівая, што мне плацяць грошы, якія аддавала маме”.
Здольнасці дзяўчыны ацанілі, перавялі ў кантору, бухгалтар навучыла яе выконваць усе чатыры арыфметычныя дзеянні на лічыльніках, і незадоўга Веру прызначылі памочнікам бухгалтара разліковага стала. А калі тая праз год змяніла месца жыхарства, угаварылі юную бухгалтарку налічваць работнікам завода заработную плату. У выніку ў 1946 годзе Вера Іосіфаўна ўжо займала пасаду бухгалтара разліковага стала. Вядома, хвалявалася, вагалася, баялася падвесці родны калектыў, які быў адзінадушны ў ацэнцы яе працаздольнасці: “Малая справіцца!” Справілася, бо адчувала вялікую падтрымку кіраўнікоў завода — Навіцкага М. У., потым — Хоміча І. А., усіх, хто быў побач. Веды набывала ў больш вопытных спецыялістаў, на курсах павышэння кваліфікацыі, многае дала вучоба ў Навагрудскім тэхнікуме. Аб яе высокай прафесійнай годнасці гавораць шматлікія Ганаровыя граматы розных узроўняў. За плячыма — 48 гадоў стажу! Нават упенсійным узросце не кінула любімую справу, 9 гадоў яшчэ працавала, 4 гады з іх — галоўным бухгалтарам, падрыхтавала сабе дастойную замену — Богуш Наталлю — і са спакойнай душою пайшла на заслужаны адпачынак. Менавіта калектыў, работа дапамаглі перажыць сямейнае гора: невылечную хваробу любімага мужа і яго раннюю смерць. Застацца раптоўна ўдавой, адной падымаць на ногі двух сыноў — няпроста. Ізноў-такі — справілася! Таму што была павінна выканаць апошні наказ мужа: “Сама як хочаш, а дзяцей на ногі пастаў”.
З горыччу расказвае Вера Іосіфаўна пра той цяжкі перыяд: “Як перажыла нечаканыя беды, перадаць словамі немагчыма. З маім Георгіем Ільічом Лабоцкім пазнаёмілася ў вячэрняй школе. Маладзенькім ён трапіў на фронт у гады вайны, і служба ў арміі скончыліся для яго толькі ў 1950 годзе. Мы пажаніліся ў 1954, нарадзіліся два сыночкі, цешыліся шчасцем, а маленькі пакойчык, выдзелены нам, здаваўся раем. Раздзялілі шафаю на дзве паловы, месца хапала і нам з мужам, і дзеткам, і маме (яна жыла з намі). Потым купілі домік у растэрміноўку, два гады, эканомячы на ўсім, выплочвалі патрэбную суму, не чакалі манны з неба, шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. Да таго ж знайшлі магчымасць, каб Георгій Ільіч завочна скончыў Мінскі педінстытут, таму што вельмі марыў аб прафесіі настаўніка. Усяго паўгода давялося яму адпрацаваць у школе ў в. Беражна, як хвароба заявіла аб сабе. У 4-й клінічнай бальніцы г. Мінска ўрачы вынеслі страшны прысуд: анкалогія. Не верыла, спадзявалася на цуда. Але яно абмінула нас. За тры месяцы згарэў мой залаты муж. У хуткім часе памерла і мама. Пахаванні дарагіх людзей прайшлі быццам у тумане, жыла як у страшным сне, усё рабіла на аўтамаце: дом, работа, гаспадарка. Ратавалі дзеці, людзі сваімі адносінамі, падтрымкай. Наказ мужа выканала: сыны ў мяне цудоўныя. Старэйшы Дзмітрый скончыў Мірскую СШ з залатым медалём, пасля — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, малодшы Мікалай меў высокі бал атэстата, атрымаў дыплом Мінскага тэхналагічнага інстытута. У абодвух харошыя сем’і, у мяне — 3 унукі. Сыноў я выхоўвала ў працы, з дзяцінства яны мелі канкрэтныя абавязкі: травы нарваць для дамашняй жывёлы, качак; нанасіць вады з калодзежа, у двары, у хаце парадак падтрымліваць. Яны і студэнтамі падзараблялі ў будаўнічых атрадах, кошт рублю ведаюць. Прыязджаюць да мяне часта, тэлефануюць амаль кожны дзень, дапамагаюць літаральна ва ўсім. Але я, дзякаваць Богу, пакуль спраўляюся сама, пенсія неблагая, і ваду, і газ падвяла, металічную агароджу паставіла, ні ў чым сабе не адказваю. Завод таксама не забывае. Пяць чалавек разам з цяперашнім дырэктарам Турам Сяргеем Іванавічам прыходзілі віншаваць з юбілеем, бачыце, які прыгожы букет і віншавальны адрас уручылі! Ад царквы прыхаджанкі таксама падарунак пакінулі — іконку, а вось гэты новы маразільнік — юбілейны сюрпрыз ад сем’яў сыноў. Цяпер ужо многа чаго нарыхтую на зіму: і ягады, і грыбочкі. Я — шчаслівая жанчына, маці, бабуля, шчаслівая тым, што каля мяне ўсё жыццё добрыя, спагадлівыя людзі”.
Падумаўшы, Вера Іосіфаўна шчыра дадае: “Я і юбілей свой у рэстаране “Мірскі пасад” буду адзначаць. Сыны святочны стол на 15 чалавек заказалі, я нават новую блузку купіла. Збяруцца самыя блізкія людзі, успомнім мінулае, парадуемся, павесялімся…”
Ужо 26 гадоў Вера Іосіфаўна на пенсіі, але па-ранейшаму ўся ў клопаце, у справах. З вясны да першага снегу ўвіхаецца на агародзе, летам гадуе курачак. Свае яйкі — не казённыя, а на зіму — смачнае дыетычнае мяса: па дзве курачкі сынам, дзве — сабе. Калі дазваляе час і спрыяе здароўе, спяшаецца ў царкву, увесь час на сувязі з сяброўкамі. А зімой абавязкова — скандынаўская хада! Рэцэпт даўгалецця ад гэтай жанчыны зусім просты: не апускаць рукі, калі цяжка, не ныць, не зацыклівацца на дробязях, любіць людзей, працаваць па меры сваіх магчымасцей. Жыць з добрым сэрцам, нікому не зайздросціць. Па прызнанні Веры Іосіфаўны, кожную раніцу і вечар, акрамя малітвы “Отче наш”, яна чытае вывучаны на памяць верш з газеты “Друг пенсионера”. Яго мудрыя, прачулыя словы, думаю, лягуць на душу і вам, паважаныя чытачы:
Великий Боже, дай мне силы
Самой прожить мой путь земной,
Не быть обузой кому-либо
И чтоб не мучились со мной.
Мы просим у судьбы, как дети,
И молимся не о злате,
жемчугах.
О, дай нам, Бог, прожить на этом свете
В своем уме и на своих ногах…
Жывіце доўга-доўга, цудоўная Вера Іосіфаўна, каб на Вашым стагоддзі зноў гучалі песні за юбілейным сталом у “Мірскім пасадзе”.
? Біяграфічная даведка
Нарадзілася Вера Іосіфаўна ў 1929 годзе ў г.п. Мір. Бацькі працавалі зімою на заводзе (створаны ў 1896 г.), летам — на полі (г.п. Мір у той час быў пад Польшчай), трымалі гаспадарку, жылі на тэрыторыі прадпрыемства. Тату маладым хлопцам у 1914 годзе прызвалі ў армію, 6 гадоў знаходзіўся ў палоне ў Германіі, уцёк, вярнуўся на Радзіму, уладкаваўся на завод і там сустрэў будучую жонку, якая, паспытаўшы гароту бежанства ў Расіі, ізноў апынулася ў роднай вёсцы Кайшоўка. Толькі вяртанне не прынесла шчасця: на месцы бацькоўскага дома яе чакала папялішча. Прытулак знайшла ў Міры, выйшла замуж, нарадзіла дачушку і сына. Жыццёвыя нягоды падарвалі здароўе бацькоў: маці часта хварэла, таты не стала ў 1942 годзе. Веры на той час споўнілася 13, брату — 8 гадоў. Дзяўчынка разумела: ёй, як старэйшай, несці адказнасць за сям’ю.
? Дарэчы
Сярэднюю адукацыю Вера Іосіфаўна ўсё ж атрымала, скончыўшы адкрытую ў 1947 г. вячэрнюю школу. У 46 гадоў па рэкамендацыі дырэктара спіртзавода паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, атрымала дыплом па спецыяльнасці “бухгалтар прамысловасці”.
Галіна КАЛТУНОВА
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ і з асабістага архіва Веры ЛАБОЦКАЙ