Дорым цуды разам! У Карэлічах распачаўся сезон навагодніх дабрачынных акцый
Сезон шчодрых сэрцаў і здзяйснення дзіцячых мараў адкрываецца ў Карэліцкім раёне. Распачала яго дабрачынная акцыя “Навык дабрыні”, якая прайшла ў райцэнтры 29 лістапада.
Праект мае рэгіянальны маштаб і праводзіцца з 18 лістапада Гродзенскім абласным аддзяленнем РГА “Беларускі дзіцячы фонд” у цеснай звязцы з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама. Дадзеная акцыя накіравана на аказанне дапамогі і падтрымку дзяцей-сірот, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць інваліднасць, хварэюць ці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Менавіта для іх на сабраныя сродкі набудуць медыцынскае, рэабілітацыйнае і дыягнастычнае абсталяванне. Апроч таго, падарункамі падтрымаюць малазабяспечаныя сем’і, каб і там адчулі сапраўдны дух навагодніх і калядных святаў.
У Карэлічах добрая справа аб’яднала шмат людзей. Падчас акцыі раённае аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд” прадстаўляла яго старшыня Вольга Куляка, упраўленне адукацыі райвыканкама – метадыст Марына Вярбіцкая, раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – яго дырэктар Алена Ашманкевіч, РК ГА “БРСМ” і Маладзёжны савет раённага аб’яднання прафсаюзаў – валанцёры з Карэліцкага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя Раман Федарака і Вадзім Гіль.
Радасна, што ў чарговы раз карэліччане, ад дзетак да дарослых, шчыра адгукнуліся на заклік дабрачыннай акцыі. “Нашы людзі маюць вялікія сэрцы і кожны год дэманструюць асаблівы навык дабрыні і міласэрнасці. Сёлета мы толькі пачынаем, наперадзе яшчэ варта шмат зрабіць, каб як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі падарункі, што сагрэюць і напоўняць святочным настроем дзіцячыя душы”, – акрэсліла напрыканцы акцыі планы на бліжэйшую будучыню Вольга Куляка.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара