П’едэстал — наш! Абласныя спаборніцтвы прынеслі карэліцкім баксёрам новыя ўзнагароды
Першынства Гродзенскай вобласці па боксе сярод юнакоў 2006-2007 і 2008-2009 гадоў нараджэння прынесла карэліччанам адразу некалькі перамог.
З 30 кастрычніка па 2 лістапада зал бокса ЦСК “Нёман” у Гродне прымаў лепшых юных спартсменаў рэгіёна. Але выхаванцам Івана Дзёмушкіна з аб’яднання па інтарэсах «Бокс», што дзейнічае на базе Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, не звыкаць да моцных супернікаў.
У выніку Ілья Валчэцкі заняў першае месца, Яўгеній Ардзюк, Юрый Сямёнаў і Ягор Ляўковіч падняліся на другую прыступку п’едэстала, Ілья Муха – на трэцюю.
Але добрыя вынікі на спаборніцтвах – не нагода, каб уладкаваць сабе доўгі адпачынак, лічаць юныя карэліччане. Таму нават на школьных канікулах яны трэніруюцца строга па графіку. Дарэчы, да іх прыядналіся і старэйшыя выхаванцы Івана Дзёмушкіна, а зараз яшчэ і навучэнцы Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву – чэмпіён Беларусі Арцём Орсіч, бронзавы прызёр рэспублікі Яўгеній Булдык і пераможца абласной спартакіяды Аляксей Ардзюк. Як кажа трэнер, яны і сябе трымаюць у форме, і малодшым даюць добры майстар-клас. Адным словам, сапраўдная спартыўная сям’я.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара