Праект трох дзесяцігоддзяў. Карэліччанка Святлана Кошур за серыю публікацый узнагароджана Спецыяльным дыпломам конкурсу «Славутыя імёны малой радзімы»

Сёлетняя восень выдалася для Карэліччыны багатай на ўзнагароды ў самых розных сферах. Так, за плённую краязнаўчую працу на рэспубліканскім узроўні была адзначана наша зямлячка – сябра Гродзенскага абласнога аб’яднання ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Кошур.

Са старшынёй БФК Тадэвушам Стружэцкім.

29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў конкурсу “Славутыя імёны малой радзімы”, які праводзілі Беларускі фонд культуры, Выдавецкі дом “Звязда” і “Краязнаўчая газета”.

Святлана Кошур атрымала Спецыяльны дыплом за лепшую працу ў намінацыі аўтарскіх праектаў за серыю публікацый у “Краязнаўчай газеце”. Галоўнымі героямі даследаванняў нашай зямлячкі сталі знакамітыя людзі Карэліччыны і Навагрудчыны.

Па вяртанні Святлана Кошур падзялілася ўражаннямі ад падзеі і тым, што ёй папярэднічала: “Для мяне ўсё пачалося яшчэ ў снежні мінулага года з прэзентацыі краязнаўчага праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы. Пасля пачалі выходзіць публікацыі. І, нарэшце, год руплівай працы завяршыўся ўрачыстасцю з узнагароджваннем, якая прайшла ў адным з вядучых музеяў нашай краіны на фоне цудоўнай выставы “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”. Нас віншавалі старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Тое, што маю працу адзначылі, гэта, вядома, вельмі прыемна. Але ж на пошук мяне натхняе, найперш, адметнасць мясцін Свіцязянскага і Наднямонскага краю з непаўторнымі помнікамі прыроды і архітэктуры, таленавітымі асобамі, якія тут нарадзіліся і праславілі гэтую зямлю сваёй мастацкай, літаратурнай і навуковай дзейнасцю. Такім чынам, на працягу ўжо трох дзесяцігоддзяў я займаюся рэалізацыяй аднаго вялікага праекта дзеля славы маёй радзімы. Гэтаму я ўжо прысвяціла восем краязнаўчых кніг, а зараз працую над дзявятай”.

На прэзентацыі краязнаўчых праектаў у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, 19.12.2018 г.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва Святланы КОШУР