Работники КСУП «Цирин-Агро» получили хорошую урожайность зерновых, рапса и значительный плюс в животноводстве

4212 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 2854 га ворыва, 252 працаўніка, 2 вытворчыя ўчасткі, у складзе якіх 4 малочнатаварныя фермы, 1 ферма па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, мехмайстэрні, 2 зернесушыльныя комплексы, зернясховішча і бульбасховішча. Менавіта так лічбава можна ахарактарызаваць КСУП “Цырын-Агра”, якое насуперак усім цяжкасцям не адмаўляецца ад вырошчвання другога хлеба беларусаў – бульбы.

Дырэктар Аляксандр Янкоўскі

– Сёлета атрымалі 271 цэнтнер бульбы з кожнага з 70 гектараў, – дзеліцца дырэктар КСУП “Цырын-Агра” Аляксандр Янкоўскі. – Засушлівае надвор’е паўплывала на рост крухмальных караняплодаў, таму ўраджайнасці мінулага года дасянуць не ўдалося. Аднак таварнасць бульбы выйшла нядрэнная.

Адна справа — вырасціць ураджай, іншая, не менш складаная, – граматна распарадзіцца ім. Праблем са збытам бульбы цырынскія аграрыі не адчулі. Рэалізавалі каля 600 тон буйной агародніны па цане 28 капеек за кілаграм і здалі 400 тон бульбы на перапрацоўку на крухмальны завод амаль па 14 капеек. Каля 360 тон пакінулі насеннага матэрыялу, яшчэ 150 тон плануюць прадаць.

Сёлета некаторыя сельгаскультуры паказалі добрую ўраджайнасць, што стала прыемнай нечаканасцю. Напрыклад, атрымалі 53,7 цэнтнера збажыны на круг, 36,4 цэнтнера рапсу з кожнага гектара. Цукровыя ж буракі ўвогуле парадавалі ўраджайнасцю ў 620 ц/га.

Цырынскія аграрыі добра прыплюсавалі па выніках корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года. Калі ў мінулым годзе мелі 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, сёлета – 32,6. А калі ёсць якасныя кармы, то жывёлагадоўля будзе даваць станоўчыя вынікі. Так яно і адбываецца. За 10 месяцаў бягучага года атрымалі амаль 3128 тон малака, што складае 117,5% да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надой таксама павялічыўся з 2971 кг малака да 3437 кг.

– На сённяшні дзень мы значна дадалі да паказчыкаў мінулага года. У новы год таксама плануем увайсці з плюсам, – адзначае дырэктар КСУП “Цырын-Агра”. – За кошт чаго? Навялі парадак на фермах, звярнулі ўвагу на працоўную дысцыпліну, умовы ўтрымання кароў. Урэгулявалі рацыён жывёлы, пачалі ўводзіць бялковую сыравіну. Сур’ёзным пытаннем застаюцца захворванні кароў, над якім нам неабходна працаваць.

Трактарыст-машыніст Пётр Фалейчык

У бягучым годзе машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся новымі адзінкамі: набылі трактар МТЗ-1523, апрысквальнік, тры прычэпы. Аднак якой бы сучаснай тэхніка не была, ёю кіруе чалавек, ад майстэрства якога залежыць вынік работы. Адным са старанных механізатараў КСУП “Цырын-Агра” з’яўляецца Пётр Фалейчык, які ўзнагароджаны Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага райвыканкама.

– У гаспадарцы з 1998 года, – дзеліцца механізатар. – Увесь час адпрацаваў на пагрузчыку: спачатку – на “Амкадоры”, зараз – на “JSB”. Сам я мясцовы, прывык да роднай зямлі. Таму і працую тут ужо больш двух дзясяткаў гадоў.

Напрыканцы размовы дырэктар прадпрыемства знаёміць з планамі гаспадаркі на перспектыву.

– У нас шмат нявыкарыстаных рэзерваў, з якімі трэба працаваць, – адзначае Аляксандр Янкоўскі. – Неабходна павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы прыкладна да трох тысяч галоў, дойны статак – да тысячы. Нядаўна за асабістыя сродкі адрамантавалі кароўнікна ферме ў Цырыне. Калі падрыхтуем усю неабходную дакументацыю і возьмем крэдыт, будзем будаваць новы малочны блок на 300-350 кароў. Жаданне працаваць ёсць, пакуль што ўсё залежыць ад фінансавага стану гаспадаркі.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара