З’яднаны з гісторыяй любоўю да радзімы. Краязнаўца Баляслаў Навіцкі запрасіў землякоў на новую сустрэчу ў Карэліцкую раённую бібліятэку

Напачатку лістапада Баляслаў Навіцкі працягнуў серыю краязнаўчых сустрэч з землякамі ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. На гэты раз у цэнтры ўвагі даследчыка гісторыі малой радзімы паўстала Вялікая Айчынная вайна і лёс роднай вёскі Забердава з канца 1930-х гадоў.

Сваю размову з залай Баляслаў Навіцкі пачаў з аповеда пра падзеі верасня 1939 года, калі Забердава стала часткай вялікай савецкай дзяржавы. Выступоўца ўзгадаў, як напачатку няпроста будаваўся новы ўклад жыцця, ствараўся сялянскі камітэт і калгас, наладжваўся выпуск цэглы на нацыяналізаваным мясцовым заводзе.

Але ў разы цяжэйшым выпрабаваннем стала для вяскоўцаў Вялікая Айчынная вайна. Па словах краязнаўцы, жыхарам Забердава яна не прынесла нічога добрага, “акрамя страху, голаду і перажыванняў”. І ўсё ж, насуперак цяжкасцям, вяскоўцы трымаліся ды яшчэ “дапамагалі савецкім воінам, якія прабіваліся з акружэння, лячылі параненых”. А 8 ліпеня 1944 года Забердава вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Баляслаў Навіцкі заўважыў, што ад гэтай пары “сонейка засвяціла святлей і пяшчотней на маёй малой радзіме”. Адраджалася вёска, вярталіся дамоў салдаты. Праўда, часам іх ніхто не чакаў – “сям’я загінула, а хаты былі спаленыя, і даводзілася пачынаць мірнае жыццё аднаму. Вяскоўцы, як маглі, дапамагалі такім няшчасліўцам”. Але паступова ўсё ставала на свае шпалы, у 1949 годзе быў створаны калгас з сімвалічнай назвай “Перамога”, пазней аб’яднаны з міратыцкай гаспадаркай імя Якуба Коласа. Нарэшце, 1960-я гады прынеслі доўгачаканы дабрабыт: былі пабудаваныя “клуб, лазня, у дамы вяскоўцаў падключылі электрычнасць, радыё, асвятляліся ўначы вуліцы вёсачкі, значна павялічылася сфера паслуг”.

Нязменнай заставалася памяць пра вайну ў сэрцах жыхароў Забердава і вялікая павага да ветэранаў. І зараз, у новым тысячагоддзі, дадаў краязнаўца, “дзякуючы аповедам дзядоў і прадзедаў, у кожнай беларускай сям’і жыве ўспамін пра страшныя і горкія гады, якія давялося перажыць Радзіме”.

Адмысловымі ілюстрацыямі выступлення Баляслава Навіцкага сталі яго ўласныя глыбокія і кранальныя відэа “Калыханка”, “Землякі”, “Ворагі спалілі родную хату”, “Франтавая сястра”, “Ты ж выжыў, салдат”, “Нас не трэба шкадаваць”. Таксама выдатна адцянілі аповед карэліччаніна вершы пра жанчын, якія страцілі на вайне сваіх мужоў і сыноў, пра помнікі героям, пра ветэранаў. Паэзія нібы ўвабрала ў сябе складаную палітру пачуццяў, звязаных у нашага народа з падзеямі тых часоў. Нездарма ўсё выступленне Баляслава Навіцкага ў зале стаяла ўважлівая цішыня, а пасля прысутныя выказалі надзею на новыя сустрэчы і падзяку краязнаўцу за такую любоў да малой радзімы.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Баляслава НАВІЦКАГА
Відэа Баляслава НАВІЦКАГА