Газета «Полымя» наведала класныя гадзіны ў школах райцэнтра ў межах акцыі «Дзяцінства без жорсткасці і слёз»

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў тэма сямейных каштоўнасцяў гучыць асабліва актуальна. Якраз яна і стала лейтматывам раённай прафілактычнай акцыі “Дзяцінства без жорсткасці і слёз”.

На працягу мінулага тыдня, з 9 па 14 снежня, навучэнцы ўстаноў адукацыі Карэліччыны разам з бацькамі і педагогамі, а таксама з прадстаўнікамі розных служб і арганізацый раёна абмяркоўвалі пытанні шлюбу і сям’і, традыцыйных каштоўнасцей, сужэнскай вернасці і адказнасці. Закранулі і такія няпростыя тэмы, як падлеткавая цяжарнасць, сэксуальныя стасункі ў юным узросце, прававыя аспекты палавой недатыкальнасці і палавой свабоды.

Ініцыіраваная ўпраўленнем адукацыі Карэліцкага райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцай і рэдакцыяй газеты “Полымя”, акцыя запомнілася шэрагам мерапрыемстваў: бацькоўскімі сходамі, паседжаннямі сямейных клубаў, праглядам тэматычных фільмаў, класнымі гадзінамі, кансультацыямі ўрачоў-гінеколагаў і педагогаў-псіхолагаў, форумам-тэатрам для падлеткаў, арганізацыяй “пошты даверу”.

Так, у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы васьмікласнікі разам з благачынным Карэліцкай акругі протаіерэем Мікалаем Орсам разважалі падчас класнай гадзіны пад назвай “Парадак, усталяваны Богам” пра тое, як важна да шлюбу захаваць чыстасць і спалучаць у сям’і надзённае і духоўнае, асабліва ў канфліктных сітуацыях.

У дзявятых і дзясятых класах урачы-гінеколагі Кацярына Сярко і Ірына Мядзведзева далі прафесійныя каментарыі па тэме “Ранняя цяжарнасць: пагроза жыццю і здароўю”.

Адкрытая класная гадзіна ў 10 класе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы стала тэрыторыяй ажыўленых дыскусій. Юнакі і дзяўчаты разам з класным кіраўніком Аленай Гімпель сур’ёзна падрыхтаваліся да мерапрыемства. Школьнікі агучылі і абгрунтавалі свае меркаванні наконт таго, які статус мае сям’я ў сучасным свеце, як перажыць у шлюбе крызіс і не дапусціць развода, чаму варта аддаваць перавагу законным стасункам перад свабоднымі адносінамі. З цікавасцю падлеткі прагледзелі падчас прэзентацыі каментарыі сваіх бацькоў па тэме занятка. Выдатна справіліся дзясяцікласнікі з творчымі эксперыментамі (напрыклад, як “склеіць” сэрца ва ўзаемаадносінах ці з якіх “пялёсткаў”-паняццяў складаецца чалавечае шчасце), віктарынамі і тэстамі на камп’ютары, а заадно даведаліся, наколькі падрыхтаваныя да стварэння сям’і. На “ўра” прайшла і фінальная частка, дзе юнакі і дзяўчаты пабудавалі віртуальны дом сямейнага шчасця з традыцый, сяброўства, працы, здароўя, прыгажосці, разумення, павагі, любові і добрага настрою.

Сапраўды, фундамент ведаў падчас акцыі быў закладзены сур’ёзны. Таму хочацца спадзявацца, што тэорыя абавязкова стане практыкай, дзеці вырастуць у спакоі і любові, а потым абавязкова створаць свае шчаслівыя і гарманічныя сем’і.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара