Где в Кореличах купить самую красивую новогоднюю ёлку? Ответ знает журналист газеты «Полымя»

? Здавалася б, яшчэ нядаўна мы сустракалі новае тысячагоддзе, як неўзабаве ўжо размяняем яго трэці дзясятак… Але нягледзячы на тое, што надвор’е зусім не радуе нас сапраўднай зімой з пухнатым снегам, ёсць адзін навагодні атрыбут, які з году ў год падымае настрой і дарослым, і дзецям. Што гэта? Вядома, прыгажуня-ёлка!

Набыць гэта чароўнае дрэва з 20 снежня можна на ёлачным кірмашы, які размясціўся на пляцоўцы каля карэліцкага рынку. Час працы абраны так, каб у кожнага жыхара нашага раёна была магчымасць набыць сабе навагоднюю прыгажуню.

– Мы працуем штодня з 11:00 да 20:00 незалежна ад таго, які гэта дзень – будні ці святочны, – расказвае ляснічы Карэліцкага лясніцтва ДЛГУ “Навагрудскі лясгас” Ілья Еўтух. – Акрамя кірмашу, продаж будзе ажыццяўляцца ва ўсіх лясніцтвах раёна – Ярэміцкім, Мірскім, Свіцязянскім і Карэліцкім.

Вядома, кошт навагодніх дрэў залежыць ад вышыні. Так, ялінкі да 1 метра абыдуцца ў 8 рублёў 50 капеек, да 2 метраў – у 10 рублёў 50 капеек, да 3 метраў – у 15 рублёў 50 капеек. Ёсць у асартыменце і зусім высокія дрэвы – да 5 метраў. За іх пакупніку прыйдзецца заплаціць 30 рублёў 50 капеек.

Цікава, што з году ў год попыт на жывыя дрэвы застаецца на ўзроўні. Напрыклад, летась падчас працы ёлачнага кірмашу Карэліцкае лясніцтва рэалізавала каля двухсот навагодніх дрэў. І гэта толькі за тры дні, бо лясніцтвы раёна працуюць па пэўных графіках, чаргуючыся адно з адным.

Як паведаміў Ілья Еўтух, найбольшым попытам карыстаюцца ёлкі сярэдняй вышыні – ад 1 да 2 метраў. Практыка паказвае, што большасць карэліччан імкнецца набыць дрэва зранку, не адцягваючы да самай апошняй хвіліны. Што тычыцца дастаўкі, тут усё кладзецца на плечы саміх пакупнікоў. Хтосьці адвозіць галоўны сімвал Новага года ў асабістым багажніку, а хтосьці бярэ і нясе ёлку ў руках.

Прыгледзецца да лясных прыгажунь у першы дзень ёлачнага кірмашу прыйшлі жыхары Карэліч Ала і Віктар Шэўка, для якіх выбар навагодняга дрэва – важная і адказная рэч.

– Кожны год мы аддаём перавагу менавіта жывому дрэву, бо гэта і цудоўны пах, і своеасаблівая сувязь з прыродай, – дзеляцца карэліччане. – Асаблівых праблем у нас не ўзнікае, бо іголкі мы спальваем у печцы. А для таго, каб ёлка прастаяла даўжэй, мы яе ставім у звычайны пясок, які некалькі разоў на дзень паліваем.

Дарэчы, маецца ў сям’і Шэўка і штучная ялінка, якую некалі ім падарыла дачка. Але вось ужо на працягу дзесяці год муж з жонкай стаяць на сваім: жывая і – кропка.

– Звычайна мы набываем высокую ёлку, каб не выкарыстоўваць усякія падстаўкі, – працягвае свой расказ Ала Шэўка. – Упрыгожваем савецкімі цацкамі, якія засталіся ад былых часоў, і ад усёй душы радуемся гэтаму чароўнаму і любімаму святу.

? ДАРЭЧЫ

За кожнае самавольна ссечанае дрэва на грамадзяніна можа быць накладзены штраф у памеры да 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара