Изувеченное лицо, но не сердце. Нина Свирид о войне, работе и смысле жизни
Усё сваё свядомае жыццё Ніна Свірыд з вёскі Рап’ёва Турэцкага сельсавета кіравалася рэдкім правілам “жыць — значыць аддаваць”. І яна аддавала. Спачатку асірацелым сёстрам і маленькаму браціку, потым калгасу і дзяржаве, пазней — пляменнікам і тым жа сёстрам, брату. Сабе ж у імклівай кругаверці часу і цяжкай працы пакідала некалькі гадзін сну — пяць, а калі і чатыры…
Калі пачалася вайна, Ніначцы Свірыд было 7 гадоў. Яна добра памятае, як пасвіла кароў каля Некрашэвіч, а на дарозе паказаліся немцы. Дзяўчынка пагнала сваю і суседскую карову ў кусты, а потым праз Лыкавічы вярнулася дадому. Жывёлу ў вёсцы не трымалі, хавалі, дзе можна было. Так Ніна ўсю вайну і берагла сваю і суседаву карміліцу.
“Потым, калі сусед Пятрусь увесь у медалях вярнуўся з вайны, дзякаваў мне, што сахраніла кароўку”, — гаворыць Ніна Сцяпанаўна.
Немцаў у вёсцы больш не бачылі, але вайна моцна абпаліла сям’ю Свірыд. Аднойчы дзеці пасвілі на полі кароў. Гарэзлівыя пастушкі знайшлі снарад і пачалі яго разбіраць. Малодшыя стаялі вакол і назіралі. Раптам раздаўся выбух. Хлопчык, прашыты асколкамі, памёр імгненна. Пайшла з жыцця і дзяўчынка, у якой былі адарваны рукі і ногі. Хто стаяў побач, атрымаў раненні. Самыя цяжкія дасталіся Ніне Свірыд. Адзін асколак знявечыў твар і правае вока, другі прабіў правы бок. Спачатку яе разам з траюрадным братам павезлі ў карэліцкую бальніцу, адтуль у Стоўбцы. Па дарозе хлопчык памёр, Ніна ж была непрытомная. У бальніцы на малую махнулі рукою: не жылец. Лекаў не хапала, вядома, вайна. Ад дрэннага догляду ў ране завяліся чэрві. Дзяўчынка на некалькі хвілін прыходзіла ў сябе, а потым ад болю траціла прытомнасць.
Бацькі забралі Ніну дадому, лячылі зёлкамі. Два доўгіх года спатрэбілася для таго, каб дзяўчынка стала на ногі. Але лёс і не думаў быць да яе літасцівым. Неўзабаве памірае мама. Тата з ранку і да позняга вечара ў калгасе, таму за гаспадыню ў хаце стала старэйшая сястра Валя. Ніна ва ўсім ёй дапамагала, па-мацярынску шкадавала і апекавала малодшых. Хата Свірыдаў згарэла яшчэ ў вайну, і сям’я тулілася ў халупцы з адным акенцам. Жылі бедна, але дружна, трымаліся адзін за аднаго. Прайшло нямала гадоў, перш чым у іх з’явілася новая хата, праз дарогу ад папялішча.
Ніна нават падлеткам нядоўга ўзіралася ў люстэрка: “Якая ёсць, такая ёсць,” — вырашыла цвёрда. Аддаючы ўсё сваё сэрца браціку і сёстрам, дзяўчына зразумела, што жыць можна дзеля шчасця другіх. У пятнаццаць гадоў пайшла ў калгас. Працавала нароўні з дарослымі, ад цямна да цямна. Высільвалася так, быццам на сваім падворку шчыравала. Садзіла, палола і капала буракі, жала хлеб, лён ірвала… У 1965 годзе Ніну Сцяпанаўну Свірыд прызначылі звеннявой льнаводаў. І як паказаў час, не памыліліся. Маладая жанчына душою хварэла за калгасны лён, як за свой.
— Лён… Першае врэмя рвалі рукамі, білі, слалі. Ой, цяжко было! Пачнём сеяць, мяшкі з насеннем з машыны на жываце цягаем. А потым я сама з напарніцай на сеялцы. А як зацвіце, трэба было патравіць ад шкоднікаў. Таксама сама, нікому не давярала. Так, шмат што сама рабіла і любіла, каб хорашо было зроблена. Жанчыны выйдуць у поле, вяжуць лён. Снапочкі харошыя. А хто плохо звяжа, я развяжу ды раскідаю. Перавязвай! Але яны мяне ўсё роўна любілі.
Ніна Сцяпанаўна сваімі рукамі сартавала валакно, а тады везлі яго ў Карэлічы здаваць на прыёмны пункт. І няхай толькі прыёмшчык паспрабуе сказаць, што якасць не тая. Ніна Свірыд ведае цану працы сваіх жанчын!
Часта жанчына вярталася дадому зацемна. Суседка карову ў хлеў загоніць, а яе ж яшчэ і падаіць трэба, малако спарадкаваць. Ды кацёл бульбы свіням наварыць, накарміць. Жанчына кажа, што не адчувала тады стомы. Толькі бывала, як сядзе дома дзённы працоўны табель запаўняць, засне за сталом.
Калі ў сясцёр і брата з’явіліся сем’і, Ніна засталася ў бацькоўскай хаце адна. “Трое свіней, карову, авечак трымала, — успамінае жанчына, — усё для іх. Што мне адной трэба?” Падхадзіўшыся, прала, а потым дзяружкі ткала далёка за поўнач. Замуж бралі — не пайшла». “Чаму?” — пытаюся ў жанчыны. “Я вельмі шкадавала брата Сашу. Сёстры пайшлі замуж. У кожнай свая сям’я, а яму хто паможа? Муж пакойнай траюраднай сястры клікаў замуж, але я не пайшла ў яго хату. Як жа ж тады брату дапаможаш? Ды і кінуць бацькоўскую хату не выпадала”, — па-жыцейску проста разважае жанчына.
У 2004 годзе Карэліцкі раён з рабочым візітам наведаў Аляксандр Лукашэнка. Сустракала хлебам-соллю Кіраўніка дзяржавы Ніна Сцяпанаўна Свірыд, якая на той час была вядомай на ўсю краіну льнаводкай, мела медаль “За працоўную доблесць”, насіла ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”, а яе імя ўпрыгожвала Кнігу Славы Карэліцкага раёна. Нават прывітальны каравай Ніна Сцяпанаўна пякла ўласнаруч, перад сустрэчай беражна паклаўшы яго на даматканы ручнік. “Мы добра тады з ім пагутарылі, — расказвае пра памятную сустрэчу жанчына. — Аляксандр Рыгоравіч спытаў: “Зможаце 25 цэнтнераў з гектара льновалакна сабраць?” А я на той час заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе сярод звеннявых па вырошчванні лёну. Смела адказваю: “Зможам!” І сабралі, толькі не 25, а 26 цэнтнераў!
Да свайго 75-годдзя Ніна Сцяпанаўна заставалася калгаснай звеннявой. Як і раней збірала па вёсках сваіх жанчын і ехала туды, дзе блакітнела або шарэла любае поле. У 2009 годзе ёй зрабілі складаную аперацыю на назе: дало аб сабе знаць раненне. “Я і сёння б на лён хадзіла, — кажа жанчына, — толькі ўжо хада не тая. Пакрыху па хаце тупаю. Але ж і пасля аперацыі яшчэ тры гады працавала”.
Шмат што ў яе сціплай вясковай хатцы нагадвае пра працоўнае гераічнае мінулае. Падзякі, Граматы, Дыпломы… Дываны на сценах і падлозе, каляровы тэлевізар. Усё гэта дарыла славутай карэліцкай льнаводцы кіраўніцтва яе роднай гаспадаркі, прыязджалі з раёна і вобласці.
— Я і старастай вёскі Рап’ёва была і да гэтага часу застаюся, — здаецца, жанчыне да ўсяго ёсць справа. — Я ўсё да дробязяў у вёсцы ведала. Ніколі не чакала, што мне скажуць ці папросяць. Адзінокім жанчынам паліва прывозіла. Помню, трэба было кладбішча папратаць. Звоніць тагачасны старшыня раённага Савета дэпутатаў Лідзія Нагорная, кажа: “Сцяпанаўна, трэба на кладбішчах зрабіць парадак троха”. А я кажу: “Мы ўжо зрабілі”. Сабяру вясковых мужчын, і сама з сякерай, павысякаем хмызняк, падпалім.
Сёння Ніна Сцяпанаўна па-ранейшаму жыве ў бацькоўскай хаце. Ёсць у яе сацыяльны работнік, прыязджаюць пляменнікі, не забывае калгас. Прапаноўвалі жанчыне легчы на сацыяльныя ложкі, але яна не згаджаецца: вядома, свая хатка, што родная матка.
— Суседка Нюра во праз гарод да мяне часта прыходзіць, разам песні спяваем, — гаворыць Ніна Сцяпанаўна. — Удваіх весялей. Нельга чалавеку аднаму, трэба дзяліцца цяплом з другімі.
Іна ЛЕЙКА
Фота з архіва Ніны СВІРЫД