Карэліцкі раённы краязнаўчы музей запрасіў першакласнікаў у навагоднюю краіну

Хлопчыкі і дзяўчынкі з 1 “А” класа сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы накіроўваліся ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, а трапілі ў дзівосную навагоднюю краіну.

Ужо на надворку ўстановы малечу чакалі казачныя героі – сімпацягі-снегавікі.

Але сапраўдная зімовая казка распачалася за двярыма. Упрыгожаныя ў рэтра-стылі ялінкі з настальгічнымі цацкамі з савецкага мінулага, куток адпачынку пад магічным гадзіннікам, зацярушаныя снегам лялечныя домікі з незвычайнымі жыхарамі ды ззяючы агеньчыкамі камін – усё гэта зачаравала першакласнікаў.

З задавальненнем фатаграфаваліся маленькія госці і каля экспазіцыі, дзе можна было падзівіцца, як адзначалі зімовыя святы нашы продкі.

Лёгка і радасна прайшоў і непасрэдна музейны ўрок па гісторыі Новага года і традыцыях яго святкаваня ў розных краінах, падрыхтаваны старэйшым навуковым супрацоўнікам Алінай Бутэнка і галоўным хавальнікам фондаў Крысцінай Захарчук. Падчас занятку дзеці паспелі таксама адолець і розныя цікавыя заданні: загадкі, музычныя і кінавіктарыны.

А, тым часам, музейная навагодняя краіна чакае новых маленькіх і дарослых гасцей!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара