На Божае Нараджэнне ў Мікалаеўскім касцёле ў Міры асвяцілі фігуру Пана Езуса і абраз св. Шарбеля (+відэа)

Нашы цудоўныя сябры з Мікалаеўскага касцёла падзяліліся радаснымі навінамі, як у іх парафіі прайшла ўрачыстасць Божага Нараджэння.

Для кожнага прысутнага гэта стала незабыўным святам адной вялікай сям’і. Вернікі разам і не адзін дзень упрыгожвалі любімы касцёл, і ён сустрэў парафіян і гасцей казачным хараством. Яшчэ адзін падарунак падрыхтавалі дзеці, якія расчулілі дарослых калядным выступленнем з танцам чароўных сняжынак і пяшчотным спевам «Ціхая ноч».

Асаблівым момантам урачыстасці стала асвячэнне пробашчам ксяндзом Аляксандрам Севасцьяновічам фігуры Пана Езуса, якая будзе змешчана на крыжы пры ўездзе ў Мір з боку Нясвіжа, а таксама абраза св. Шарбеля. Дарэчы, гэты святы, ліванскі манах, шырока вядомы ва ўсім свеце, бо сотні людзей атрымалі праз яго аздараўленне. Сціплы ў паўсядзённасці, чуйны да людской бяды, моцны, як скала, у веры, св. Шарбель яшчэ пры жыцці лічыўся цудатворцам. Нездарма падчас яго кананізацыі Папа Рымскі Павел VI назваў ліванскага манаха адным з найвялікшых святых XX стагоддзя. Няхай св. Шарбель апякае парафію св. Мікалая, гасцей мірской святыні і ўсіх жыхароў нашага карэліцкага краю!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа парафіі св. Мікалая ў Міры