«Праца з кнігай – гэта праца з людзьмі» — упэўнена бібліятэкар з 35-гадовым стажам Вера Іваноўская
У гісторыі любой бібліятэкі асаблівае месца займаюць ветэраны нашай справы, якія аддалі ёй лепшыя гады жыцця і сумленнай працы. Да такой кагорты належыць і Вера Канстанцінаўна Іваноўская, стаж якой у бібліятэчнай сферы Карэліцкага раёна складае 35 год.
Наша шаноўная калега мае адметную гісторыю жыцця. Яна нарадзілася 1 мая 1930 года ў вёсцы Галяні Магілёўскага раёна. Рана страціла маці, якая памерла ад тыфу. Бацька пакінуў дзетак і сышоў у іншую сям’ю. І дванаццацігадовую Верачку гадавалі бабуля і цёткі. Балючы след пакінулі ў дзіцячым сэрцы і гады Вялікай Айчыннай вайны, калі родная вёска апынулася пад нямецкай акупацыяй. Але дзяўчына вырасла моцная духам і пасля сямі класаў уладкавалася працаваць на завод ды яшчэ навучалася ў вячэрняй школе. Затым паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут на аддзяленне “гісторыя і матэматыка”. Але вучобу давялося кінуць, бо сям’і патрэбна была Верына падтрымка. Таму яна пайшла працаваць рабочай на цяперашні Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. Кірава. Але мару набыць годную адукацыю не забыла і стала студэнткай аддзялення “беларуская мова і літаратура” Баранавіцкага інстытута. На жаль, дапамогі ніякай не было, таму дзяўчына зноў вымушана была працаваць.
Лёс склаўся так, што Вера Канстанцінаўна апынулася ў Карэлічах, а ў 1951 годзе стала бібліятэкарам нашай раённай бібліятэкі. У 1954 годзе ёй прапанавалі перайсці на аналагічную пасаду ў партыйную бібліятэку Карэліцкага райкама КПБ. А праз год яна стала ўжо загадчыкам раённай бібліятэкі. Шчыра працавала ды яшчэ адначасова скончыла аддзяленне “бібліятэказнаўства” сучаснага Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
Вера Канстанцінаўна адрознівалася інавацыйным падыходам у працы і плённа рэалізоўвала новыя ідэі. Так, пад яе кіраўніцтвам у 1975 годзе адбылося аб’яднанне дзяржаўных бібліятэк раёна ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, якую яна ўзначаліла. Гэта была маштабная перабудова ўсёй структуры: з’явіліся новыя аддзелы, а таксама функцыі і патрабаванні, мадэрнізавалася матэрыяльна-тэхнічная база, абнаўляліся кніжныя фонды, выдатна ішла падпіска на перыядычныя выданні, павялічвалася колькасць чытачоў.
“Праца з кнігай – гэта праца з людзьмі, а што можа быць больш захапляльным? Сутыкненне меркаванняў, выбар жыццёвай дарогі, накірунак чалавечых інтарэсаў, выхаванне волі – з нашымі чытачамі праз літаратуру можна сказаць так шмат!” – так характарызавала працу бібліятэкара Вера Канстанцінаўна. Нядзіўна, што з такім падыходам да справы жыццё бібліятэк у тыя гады напоўнілі цікавыя мерапрыемствы для шырокіх мас, семінары і нарады, у тым ліку і выязныя, для супрацоўнікаў сістэмы.
Сапраўды, успамінаў у Веры Канстанцінаўны багата: перад вачыма праходзяць дзясяткі падзей і твараў, сотні прачытаных кніг. Чалавек вялікай энергіі, камунікабельны, добразычлівы, жанчына заслужыла павагу калег і кіраўніцтва. “Вера Канстанцінаўна – сапраўдны кіраўнік па сваёй натуры. Патрабавальная да сябе і калектыву, яна ў той жа час заўжды клапацілася пра супрацоўнікаў, умела выслухаць і падтрымаць”, — узгадваюць супрацоўнікі бібліятэкі. У любых жыццёвых абставінах яна не дазваляла сабе выглядаць панурай і раздражнёнай, адрознівалася ветлівасцю і прыязнасцю, ды яшчэ вяла актыўную грамадскую работу.
За шматгадовую і плённую працу неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі на мясцовым і абласных узроўнях.
У 1985 годзе выйшла на заслужаны адпачынак і занялася выхаваннем унукаў. Але і зараз Вера Канстанцінаўна не перастае цікавіцца дзейнасцю бібліятэк раёна, а на пытанне “з чаго пачынаецца бібліятэкар?” адказвае: “З любові да кнігі. Толькі падкрэслю, што мы, бібліятэкары, любім не толькі літаратуру, а найперш – сваіх чытачоў”. Дарэчы, у 2020 годзе Вера Канстанцінаўна будзе адзначаць свой 90-гадовы юбілей.
Лілія АРЦЮХ,
дырэктар ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”