Праздничная акция «Подари радость другому» пришла в дома десятков кореличчан
Напярэдадні самага чароўнага, добрага і сямейнага свята – Новага года – кожнаму з нас хочацца адчуць крышачку больш клопату і любові. Менавіта з гэтай мэтай на Карэліччыне арганізавана акцыя “Падары радасць іншаму”, падчас якой амаль чатыры дзясяткі людзей з інваліднасцю атрымалі ўвагу Дзеда Мароза і Снягуркі, цёплыя віншаванні і салодкія падарункі.
Ініцыятарамі акцыі выступілі супрацоўнікі раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, якія падкрэслілі: напярэдадні святаў ніхто не павінен быць абдзелены ўвагай, а людзі з інваліднасцю – тым больш. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай, ролю якіх узялі на сябе намеснік старшыні Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Віталій Шэўка і наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ЦСАН Іна Клаўсуць, дэлегацыя адправілася па адрасах, дзе вера ў цуды не пусты гук.
У выніку акцыі “Падары радасць іншаму”, якая доўжылася на працягу двух дзён, свае дзверы святу адчынілі амаль сорак людзей з інваліднасцю, якія па стане здароўя не могуць наведаць раённы цэнтр. Кожны з іх атрымаў салодкі падарунак, на якія затрачана 210 рублёў, выдаткаваных са сродкаў раённага бюджэту.
– Наша мэта заключалася не ў тым, каб падарыць людзям цукеркі, якія, у прынцыпе, можна набыць у любой краме, а паказаць, што яны не адныя, – расказала старшыня Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Вера Сашко. – І ведаеце, у кожнай хаце нас сустракалі так, што было відаць: мы тут не дарэмна. А гэта галоўнае.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара