Таіса Мухіна з Райцы дзеліцца жартаўлівай каляднай гісторыяй

Зіма, як і кожная пара года, мае сваю непаўторную адметнасць і прыгажосць. Лясы і палі прыбраліся ў белыя ўборы, ля дамоў выраслі вялізныя гурбы, а на вокнах з’явіліся цудоўныя ўзоры. Ствараецца ўражанне, быццам сама чараўніца-зіма адправіла нас у казку. Менавіта так мроіцца напісаць мне, калі гляджу на каляндар і бачу дату: канец снежня…

Аднак сёлета за акном незразумелы і загадкавы сезон: анамальна цёплая зіма зусім не спрыяе зімоваму настрою. Проста нейкія метамарфозы. Аднаго дня пасыплюцца крыху сняжынкі на падмерзлую зямельку і адразу ж натапырацца чубы зялёнай траўкі з-пад снегу. Крыху бліжэй да абеду сонца вызірне ў спіну, прылашчыць наўздагон і тут жа з пахмурнага неба спускаецца імжа. Глянеш праз гадзіну – на вуліцы шалёны вецер аблізвае ствалы дрэў. Падманлівае сонца прымушае плакацца ў насоўку, а акалелыя пальцы зусім не слухаюцца. Здаецца, што перадкалядны настрой сапсаваны зусім. Ды не!

Адчуць і ўбачыць казачную атмасферу надыходзячых святаў нам дапамагаюць упрыгожаныя вітрыны крамаў, вокны дамоў, устаноў і прадпрыемстваў, навагоднія кірмашы і майстар-класы па вырабе калядных вянкоў і розных упрыгожанняў. Многія ўдалыя майстры проста аформілі зімовыя фотазоны: абсыпалі хваінкі пенапластам, падфарбавалі галінкі белай фарбай, зрабілі снежкі з ашматачкаў ваты, запалілі гірлянды – і адбыўся цуд! Заіграла ўсё навокал, засвяцілася, настрой узняўся. І кожны адчуў — святы блізка!

Але не пра слотнае надвор’е, не пра калядны настрой мне хацелася напісаць — узгадалася адна гісторыя, якая, хутчэй за ўсё і адбылася ў такія вось перадсвяточныя дні.

Адна жанчынка (назавём яе Жанна), пайшла ў краму, каб дакупіць сёе-тое да святочнага стала. Нечакана ў людской мітусні сустрэла дзвюх сваіх закадычных сябровак, з якімі часта прыходзілася бавіць час на прыродзе. Усе траіх вельмі ўзрадаваліся сустрэчы, таму вырашылі “крышку пасядзець”. Жанчыны сталыя, таму ўзялі пляшку гарэлкі, крыху закускі і падаліся да Жанны, якая жыла непадалёк. За цікавай бяседай час ляцеў хутка. Не заўважылі, як апусцела бутэлька, а размоў яшчэ – непачаты край.

Каб не бегчы задабаўкай у краму, Жанна вырашыла паставіць сваю, з запасаў. Адкрылі, разлілі, а там – вада. Не спадабаўся жанчынам такі варыянт, ды і градус даў аб сабе знаць. Узрушаныя, вырашылі ісці ў краму. Апранулі свае норкавыя футры ды пясцовыя шапкі і пайшлі, разрумяненыя. Сталі прадаўцу паказваць чэк і патрабаваць вярнуць нармальны прадукт. Прадавец спачатку разгубілася, але аддала ім новую бутэльку. Пайшлі кабеты назад з пачуццём выкананага абавязку і прадоўжылі сваё гасцяванне.

Прайшло якое паўгадзіны, інцыдэнт забыўся. Сядзяць сяброўкі, узгадваюць розныя гісторыі ды смяюцца на ўсю хату. А тут прыходзіць суседка да Жанны і просіць, каб тая дала ёй свянцонай вады. Зразумеўшы, чаго ад яе хочуць, Жанна спачатку змоўкла, а пасля зайшлася такім рогатам, што яе ледзь супынілі. Аказваецца, гэта яна выпадкова замест гарэлкі ўзяла свянцоную ваду. Смешна стала ўсім, але не пайшлі ў той дзень назад у краму, каб папрасіць прабачэння, бо няёмка было, што сталыя кабеты ды зрабілі глупства. А вось настрой сабе паднялі на ўсе святы.

Таіса МУХІНА,
агр. Райца