Як правесці вольны час утульна і цікава? Зімовую чытанку для рамантыкаў і разумнікаў раяць газета «Полымя» разам з Карэліцкай раённай бібліятэкай
Новы год толькі праз некалькі тыдняў, але ўжо зараз Карэліцкая раённая бібліятэка радуе нас адмысловымі падарункамі – літаратурнымі навінкамі.
❄? Беларуская пісьменніца Наталля Батракова зноў інтрыгуе чытачоў перапетыямі сюжэту і ставіць сваіх персанажаў у няпростыя жыццёвыя абставіны ў рамане “Імгненне бясконцасці 2. Бясконцасць кахання, бясконцасць смутку…” Галоўная гераіня Кацярына праз праблемы са здароўем дачкі на непрацяглы час прыязджае ў Мінск. Чатыры гады таму іх дарогі з Вадзімам разышліся. Абодва вырашылі не вяртацца да мінулага, забыць былыя пачуцці і распачаць новае жыццё. Але лёс не падмануць, і Вадзіма з Кацярынай чакае сустрэча. Для іх яна стане тым самым імгненнем смутку, мудрасці, шчасця, кахання і бясконцасці. Для адных яно – секунда, для іншых – жыццё.
❄? Проза расійскай пісьменніцы Вольгі Пакроўскай ідэальна падыходзіць для ўтульных зімовых вечароў. Пранізаныя мяккім святлом, яе творы прыносяць ціхую радасць і спакой. Такім настроем напоўнены і зборнік апавяданняў “Пакуль гарыць агонь”. Ён пра чалавечае цяпло і пачуцці, што дапамагаюць нам жыць у самыя складаныя моманты, пра тое, што дастаткова позірку, каб незнаёмыя людзі сталі блізкімі, пра цуда адкрытых і любячых сэрцаў.
❄? Прафесійны беларускі журналіст і літаратар Аляксандр Афяроўскі ў рамане з дынамічным, напружаным і псіхалагічна завостраным сюжэтам “Александрына” дакранаецца да таямніцы жаночай душы. Расчараванне першага нязбытачнага кахання, пакінуты бацькоўскі дом, радасць і смутак самастойнага жыцця, нечаканыя калізіі лёсу, сутыкненні людскіх характараў – чытача разам з галоўнай гераіняй чакае эмацыйнае падарожжа па старонках кнігі.
❄? Майстра вострасюжэтных твораў Таццяна Алюшына ў рамане “Суціш мой смутак” знаёміць нас з драматычнай гісторыяй Рыгора Вяршыніна. Пасля несправядлівага абвінавачвання блізкімі ў смерці дзеда мужчына вымушаны пакінуць родны дом і блукаць па свеце. Але ўрэшце надыходзіць час знайсці сапраўднага віноўніка былой трагедыі і даць сабе шанец стаць шчаслівым і пакахаць.
❄? Падрыхтавала прыемныя сюрпрызы Карэліцкая раённая бібліятэка і для аматараў правесці вольны час з карысцю наадзінцы з захапляльнай і пазнавальнай літаратурай. Фонды папоўніліся выданнямі серыі “100 вялікіх”. Анатоль Бярнацкі распавядзе нам пра “100 вялікіх “вынаходніцтваў” прыроды” і пазнаёміць з навукай біёнікай. Таксама аўтару ёсць што сказаць пра “100 вялікіх пагроз цывілізацыі”. Алег Смыслоў дасць адказы на “100 вялікіх загадак Вялікай Айчыннай вайны” і, верагодна, развянчае некаторыя міфы тых памятных гадоў. Дарэчы, калі вам блізкая гэтая тэма, то варта звярнуць увагу на “100 вялікіх ваенных таямніц” Міхаіла Курушына. А разам з Марыянай Сарвіной мы падымем завесу над таямніцамі “100 вялікіх штурмаў і аблог” і пабываем у Троі, Каркасоне, Асаўцы, Брэсцкай крэпасці, Сталінградзе і ў дзясятках іншых адметных месцаў па ўсім свеце.
Заставайцеся і надалей у кампаніі з добрай кнігай, але і не забывайце дзяліцца ўражаннямі і душэўным цяплом, асабліва ў зімовыя халады, з тымі, хто побач!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц