Гродненский хор «Cantate Domino» заворожил жителей и гостей Мира божественной музыкой (+видео)
Святочныя дні ў Мірскім замку працягваюцца. Пасля завяршэння дзіцячага каляднага баля, які ў гэтым годзе сабраў каля двухсот маленькіх удзельнікаў, Партрэтная зала напоўнілася чароўнымі гукамі знакамітага дыяцэзіяльнага хора “Cantate Domino”, які парадаваў прысутных душэўным канцэртам.
Як расказаў нязменны кіраўнік хора Генрых Давідовіч, гісторыя калектыву пачалася дваццаць гадоў назад. Назва была абрана невыпадкова: “Cantate Domino” ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “Спяваем для Бога”, а яго ўдзельнікі, усе да аднаго, належаць да гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці.
Рэпертуар калектыву складаецца саспеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі – Людвігаван Бетховена, Іагана Баха, Вольфганга Моцарта і іншых. Выконваюцца песні на пяці мовах: рускай, беларускай, польскай, італьянскай і лацінскай. Цікава, што сярод харыстаў ёсць як прафесійныя музыканты, так і людзі самых розных прафесій: педагогі, рабочыя, урачы… На дадзены момант калектыў складаецца з трыццаці пяці чалавек, але гэта лічба не пастаянная.
– Пачуць ужывую выступленне сапраўднага хора – гэта лепшы падарунак, які толькі мог сёння стацца, – дзеліцца ўражаннямі Наталля з Мінска. – Разам з мужам мы прыехалі на экскурсію і неўзабаве апынуліся ў свеце духоўнасці і музыкі, якая напаўняе радацю сэрцы кожнага з нас. Дзякуй калектыву за такую прыгажосць, якая, спадзяёмся, стане натхненнем для кожнага наведвальніка Мірскага замка.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара
P.S. 5 студзеня, апроч Мірскага замка, хор “Cantate Domino” выступіў у Мікалаеўскім касцёле ў Міры. І мы дзякуем парафіі св. Мікалая за тое, што падзяліліся невялікім відэа, і мы можам пачуць Божага хараства спеў гродзенскіх гасцей.
? Далучайцеся да тэлеграм-канала «Гродно Медиа Group» па спасылцы @GrodnoMediaGroup!