Пункт погляду журналіста: чалавеку патрэбны чалавек
Паэт Сяргей Грахоўскі ў адным са сваіх вершаў сцвярджае, што чалавеку патрэбны людская ўвага і ласка, сардэчнае шчырае слова, а таксама — дабрыня. Менавіта тады ён можа быць шчаслівым і прыносіць шчасце іншаму.
?✒ ІНТЭРНЭТ ЦІ ЗНОСІНЫ?
Сёння няпроста ўявіць наша суіснаванне без сацыяльных сетак. Мы, ад малога да старога, прызвычаіліся да інтэрнэта. Цікавыя навіны, любімыя групы, перапіска з сябрамі — кожнаму, вядома, сваё. Нейкая карысць ад гэтага ёсць: хіба не цікава даведацца, што адбываецца ў свеце альбо як жыве твой сябра? Ці паглядзець добрае кіно і прачытаць цікавы артыкул? Нікуды ісці не трэба — такая магчымасць у цябе пад рукой. Хаця можна яшчэ выбраць і іншы занятак: узяць у рукі папяровую кнігу ці свежы нумар любімай газеты… І чым бы чалавек не займаўся, карысць ад любой справы відавочная: атрымаеш масу станоўчых эмоцый.
Разам з тым ёсць тое, што робіць наша жыццё яшчэ больш насычаным, цікавым, змястоўным. Менавіта зносіны з рознымі людзьмі ператвараюць яго ў шматграннае і непаўторнае, а сустрэчы напаўняюць глыбокім сэнсам. І няхай не ўсе знаёмыя стануць у будучым сябрамі (кагосці выкрасліць само жыццё), але прысутнасць на жыццёвым шляху неабходная. Дзе іх выбіраць — у рэальным ці віртульным свеце, кожны вырашае сам.
?✒ БЛІЗКІЯ ЛЮДЗІ
Адна мая знаёмая цвёрда пераканана, калі ў чалавека ёсць хаця б адзін блізкі чалавек на зямлі, то ён можа па праву лічыць сябе шчаслівым. З суразмоўцай так і хочацца пагадзіцца: ёсць з кім раздзяліць свае сакрэты; паведаўшы пра радасць ці смутак, сябра дапаможа і падтрымае. Ёсць у цябе роднасная душа — у жыццёвым лабірынце адчуваеш спакойна і ўпэўнена.
Блізкімі людзьмі лічаць маці і бацьку, сястру і брата, бабулю і дзядулю. І як цудоўна, калі існуюць добрыя сваяцкія адносіны і ў сям’і пануюць лад і ўзаемаразуменне. Менавіта тут можна быць самім сабой, не трэба прытварацца, цябе ўспрымаюць такім які ёсць. Тут адпачываеш душой, набіраешся новых сіл, адступаюць часовыя цяжкасці.
А калі такога чалавека няма? І таго крыўдней, калі родны становіцца чужым, а чужы — блізкім? Іншы раз жыццё «дорыць» сюрпрызы, і тут галоўнае не разгубіцца, знайсці правільны арыенцір, у тым ліку і ва ўзаемадносінах з людзьмі.
Успамінаецца яшчэ адзін довад маёй знаёмай: давяраць у жыцці можна толькі маці. Пачуўшы гэта, тады мне здалося, што маладую жанчыну хтосьці моцна пакрыўдзіў. Але як бы там ні было, нейкае рацыянальнае зерне ў сказаным ёсць. Менавіта матуля здольная на самыя высокія пачуцці і добрыя ўчынкі, заўсёды абароніць і падтрымае. На жаль, і тут бываюць выключэнні, але ці можна тады яе назваць маці?
?✒ ПАПРАСІЦЦА Ў СЯБРЫ?
Тэма бацькоў і дзяцей — адна з актуальных. Гаворыцца і пішацца шмат. І гэта зразумела: сёння для дзяцей «адкрыты» ўсе дзверы сацыяльных сетак, і бацькам няпроста прасачыць, чым яны там займаюцца. А іншыя мяркуюць, калі сын ці дачка сядзяць за камп’ютарам, то яны пры справе. А вось менавіта пры якой, некаторых дарослых мала хвалюе. Як нярэдка і тое: хто ў дзяцей сябры, якія групы і гульні ў інтэрнэце іх цікавяць і г. д.?
Ці не будзе адным з варыянтаў «дастукацца» да інтарэсаў дачкі ці сына, ды, скажам, папрасіцца да іх ў сябры ў сацыяльных сетках? Няпроста адразу сказаць, як адрэагуюць на гэта падлеткі, але ж трэба шукаць розныя шляхі ўзаемаадносін з дзецьмі.
Наша жыццё імклівае і супярэчлівае. Маладыя бацькі шмат працуюць, але гэта не здымае з іх адказнасці па выхаванню дзяцей. Трэба цікавіцца не толькі іх вучобай, а старацца праводзіць з імі вольны час, шмат размаўляць на розныя тэмы. Глядзіш — дамаможа не толькі захаваць моцную сям’ю, але і стаць для дзяцей сапраўднымі сябрамі. І не толькі ў сацыяльных сетках.
?✒ ЗВАНОК З МІНУЛАГА
Зусім нядаўна нябёсы забралі сяброўку дзяцінства. Яна шмат і цяжка хварэла, хаця гэты факт не апраўдвае і не заспакойвае. Ёй можна было яшчэ пажыць, было дзеля каго, але хвароба-зладзейка аказалася мацнейшай.
Да страты родных і знаёмых нельга прызвычаіцца. Калі ў іншай справе можа дапамагчы вопыт, тут ён ні пры чым. Кожны раз баліць душа па-свойму. Памятаю, як пахаваўшы за непрацяглы адрэзак часу адразу трох родных людзей (маці, бацьку, мужа), здавалася, што жыццё спынілася. Агонь паліў у грудзях і ўсё падала з рук. Выручылі тады любімая справа і тэлефонныя званкі старых сяброў і аднавяскоўцаў.
Чаму такую моц мае званок з мінулага? Адназначна не скажаш, але адно відавочна: самае светлае і шчырае засталося ў дзяцінстве і юнацтве. Неймаверная сіла здольная рабіць цуды: зноў і зноў вяртаць да жыцця.
Ужо зараз спяшаюся набраць нумар дачкі сяброўкі, каб проста пагаварыць па душах. Калі бяда зачасціла ў мае дзверы, мне мінула ўжо пяцьдзесят, а ёй толькі зараз трыццаць. Упэўнена, што час падлечыць і расставіць усё па сваіх месцах. Куды лепш, калі ёсць чыёсьці слова, як бальзам для душы…
?✒ СУСЕД — НАДЗЕЙНЫ СЯБРА
Мне пашанцавала: нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Нашы дзіцячыя і юнацкія гады адрозніваліся ад гарадскіх дзяцей, але шкадавання няма.
Было ў іх тое, што гараджанам ніколі не ўдалося спазнаць і адчуць. Колькі шчаслівых і непаўторных імгненняў падарыла прырода і навакольныя краявіды! А якім вялікім багаццем напоўнены душы вяскоўцаў! Колькі ў іх шчырасці, адкрытасці, дабрыні! У асаблівасці ў суседзяў, з якімі рабілі разам агульныя справы, а потым частаваліся за адным вялікім сталом.
Сакрэтаў у вёсцы ў суседа ад суседа не схаваеш, ды і не стараліся гэтага рабіць. Жыццё кожнага было як на ладоні. Магчыма таму нават з гадамі мы даражым сяброўскімі адносінамі і радуемся сустрэчам, ад якіх так шчымліва становіцца на сэрцы. Моцна тулімся адзін да аднаго, са слязьмі на вачах успамінаем мінулыя гады. Розныя па характары і па ўкладу свайго жыцця, але ёсць у нас тое, што збліжае і радніць — нашы карані на гэтай роднай зямлі.
У горадзе куды складаней. За глухой сцяной іншыя нават не ведаюць, як жывуць суседзі. Магчыма, ім патрэбны дапамога і падтрымка? Але смеласці не хапае адчыніць суседскія дзверы, хаця зрабіць гэта іншы раз і трэба. Успамінаецца, з якой добрай зайздрасцю слухала аповеды былой калегі пра жыхароў пад’езда і пра тое, як карысна яны праводзяць разам вольны час. Аказваецца, можна і ў горадзе не парываць нітачкі сяброўства, якая пачала віцца яшчэ ў маладосці, і праз гады заставацца роднымі і блізкімі па духу.
?✒ ГОРКІ СМАК ПАЛЫНУ
Да гэтай серабрыстай расліны ў мяне былі і засталіся свае своеасаблівыя адносіны. У дзяцінстве назірала, як дзядуля заварваў галінкі палыну ў невялікім чыгунчыку, а затым лячыў горкім настоем свае хваробы і гаварыў, што лекі яму моцна дапамагаюць. Ужо значна пазней кусцікі палыну часта сустракала ля хацін адзінокіх састарэлых, калі працавала загадчыкам аддзялення сацдапамогі на даму. «Чаму менавіта ля іх дамоў вырастае палын?» — не раз задавала сабе пытанне, на якое так і не знаходзіла адказу.
Што да дзядулі, то ён да глыбокай старасці пражыў ў вялікай сям’і, а лекі ішлі яму на карысць. А вось адзінокія падапечныя, якія жылі ў сваіх хацінах, былі акружаны толькі клопатам дзяржавы. Серабрыстая кветачка быццам была ўказальнікам, каб работнікі сацыяльнай службы не мінулі ніводнага адрасата.
Адзінота. Гэта толькі ў маладосці хочацца спакою, каб перавесці дух і адпачыць ад шматлікіх спраў. У старасці ўсё па-іншаму: патрэбны ўвага, клопат, добрае слова. Застаўшыся сам-насам са сваімі праблемамі і хваробамі, прысутнасць іншых людзей вельмі неабходная. І колькі б не стараліся прадстаўнікі розных дзяржаўных служб, хочацца часцей бачыць ля сябе роднасных душ — дзяцей і ўнукаў. Трэба толькі чуць, з якой пяшчотай і любоўю ўспамінаюць пра іх, з нецярплівасцю чакаюць у госці. А што да людзей зусім адзінокіх, то для іх роднымі і блізкімі становяцца суседзі. Трэба старацца, каб не прапусціць магчымацсь падтрымліваць адзінокіх у хвіліны роспачы і раздзяляць з імі радасць.
?✒ ПОЗНЯЕ КАХАННЕ
Гэта на першы погляд здаецца дзіўным і неверагодным. Ну як, скажыце, у сталым узроце можна пакахаць? У першую чаргу, не хочуць зразумець дзеці і ўнукі. «Гэта немагчыма, можна знайсці карысныя справы для душы», — перакананы яны, а самі візіт да роднага чалавека адкладваюць на наступны раз, а здараецца і забываюць патэлефанаваць.
Існуе меркаванне, што каханне не трэба шукаць, яго пасылаюць нябёсы. А ўжо калі гэта здарыцца, невядома. Галоўнае — трэба адчуць усім сэрцам, што гэта твой чалавек. Гэта твая палавінка, якая дапоўніць цябе, і жыццё стане шчаслівым і змястоўным.
Чалавеку патрэбны чалавек. Свой, роднасная душа. Каб разам радавацца цвіценню бэзу і першаму снегу, быць разам у радасці і падтрымліваць у роспачы, проста крочыць па зямлі і быць шчаслівым…
Загляніце ў вочы закаханым ў сталым узросце — яны свецяцца радасцю і шчасцем. Зразумейце і падтрымайце іх. Яны прайшлі шмат выпрабаванняў у сваім жыцці і заслужылі права на шчасце.
Галіна СМАЛЯНКА
✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» — это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group», ищите только самые интересные новости по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.