У сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы дзеці разам з педагогамі распрацоўваюць праект, прысвечаны тэме Халакосту

Тэме Халакосту прысвечана не адна старонка ў гісторыі карэліцкай зямлі. Трагічныя падзеі тых ваенных часоў і праз дзесяцігоддзі адгукаюцца тугой і болем у нашых сэрцах. Жыве і ўшаноўваецца памяць пра бязвінных ахвяр Халакосту і ў сценах сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы.

– Сёлета мы будзем адзначаць знакавую дату – 75-годдзе Вялікай Перамогі. Працягам усяго навучальнага года ў школе праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага надаецца даследчай працы нашых вучняў, – падчас экскурсіі па школьным музеі распавядае настаўнік гісторыі Зоя Аркадзьеўна Бакей. – Нас са старшакласнікамі надзвычай кранула тэма Халакосту ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Столькі змарнаваных жыццяў, скалечаных лёсаў, цяжка знайсці словы, каб апісаць маштаб гэтай трагедыі. І мы звярнуліся да фактаў. Разам з кіраўніком школьнага музея Наталляй Леанідаўнай Ляўковіч, вучнямі дзявятых класаў Арынай Гаўрош, Вікторыяй Скварадой і Юліяй Даніўка, а таксама дзясятых – Арынай Шавейка, Янай Бабанскай, Арцёмам Карпам, Даніілам Дуровічам і Мікітам Ляўковічам мы адправіліся ў падарожжа па карэліцкай зямлі. Наш маршрут пралягаў праз месцы памяці ахвяр Халакосту. Таксама мы звярнуліся да гістарычных крыніц, уступілі ў перапіску з родзічамі людзей, каго закранулі гэтыя страшныя падзеі, знайшлі старыя фотаздымкі. Вядома, дзецям няпроста было ўспрыняць некаторыя лічбы. Толькі ўдумайцеся, у Беларусі падчас вайны было знішчана каля 800 тысяч яўрэяў. Сотні іх сталі ахвярамі і ў нашым раёне. Карэлічы, Мір, Турэц, Ярэмічы, урочышча Яблонаўшчына – месцы, якія назаўжды звязаныя з гісторыяй Халакосту. Пра гэта нельга забыць. Актыўна займаемся мы і тэмай мясцовых Праведнікаў народаў свету. Так, зараз у нашай даследчай працы задзейнічаны адзінкі, але ў будучым мы плануем падключыць яшчэ больш вучняў. Каб дзеці ведалі і памяталі пра тое, што жыццё і мір – самыя каштоўныя дары ў гэтым свеце, якія трэба нястомна берагчы.

– Апроч таго, дзякуючы гэтай гістарычнай працы, папоўніцца экспазіцыя нашага школьнага музея, – далучаецца да размовы яго кіраўнік Наталля Леанідаўна Ляўковіч. – А значыць, музейныя ўрокі на ваенную тэматыку стануць яшчэ больш грунтоўнымі і нашы дзеці глыбей пазнаёмяцца з важнымі старонкамі гісторыі малой радзімы. Плануем стварыць мы і падрабязную карту месцаў памяці ахвяр Халакосту на Карэліччыне, у тым ліку і віртуальную. Заўважым, што наш праект не абмяжуецца сёлетнім юбілейным годам Вялікай Перамогі, а працягнецца і далей.

Дзесяцікласнік Мікіта Ляўковіч таксама плануе яшчэ не адзін год займацца дадзенай тэмай: “Асаблівы момант, калі ты сустракаеш раней невядомы табе факт, распрацоўваеш яго, дзелішся з другімі і ўжо па-іншаму глядзіш на свет навокал. Бо наша пакаленне звыкла жыць пад мірным небам у дабрабыце і спакоі. І мы часта не думаем пра тое, які кошт заплацілі за гэта нашы продкі. А варта! Гэта бясцэнны ўрок!” Згодна з “калегам” па праекце і дзевяцікласніца Арына Гаўрош: “Такія моцныя пачуцці перажыў кожны з нас падчас наведвання помнікаў ахвярам Халакосту ў розных кутках Карэліччыны, проста да слёз! І ў той жа час мы адчулі глыбокую падзяку у адносінах да людзей, якія рэгулярна прыязджаюць сюды і даглядаюць гэтыя месцы. Такі шчыры клопат з’яўляецца выдатным прыкладам нам, дзяцям і моладзі. І мы працягнем традыцыю нашых бацькоў – берагчы памяць пра мінулае і не паўтараць яго страшных памылак”.

Ля помніка ва ўрочышчы Яблонаўшчына

Ля помніка ва ўрочышчы Яблонаўшчына

Ля помніка ў агр. Турэц

Ля помніка ў г.п. Мір

Ля помніка ў агр. Ярэмічы

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы