Зялёнаму змію – чырвонае святло! У Карэлічах сумесна з ДАІ газета «Полымя» выйшла на рэйд у межах рэспубліканскай акцыі «Цвярозасць – норма на дарогах!»

Што важнае на святы? Вядома, добра адзначыць, але ж і не сапсаваць настрой іншым, тым больш на дарогах. І ў Новы год з Калядамі, і ў будні алкаголь вадзіцелю не таварыш. Таму ДАІ з 27 снежня 2019 года па 7 студзеня 2020 года праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Цвярозасць – норма на дарогах!”

Наш рэйд з начальнікам міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрыем Аскеркам у райцэнтры пачаўся з зусім не святочнай навіны. 1 студзеня вадзіцель адной з арганізацый Карэліцкага раёна сеў за руль службовага транспарту ў нецвярозым стане.

– Здаецца, усё проста: калі выпіў, то пра паездку забудзь. Але, на жаль, некаторыя ігнаруюць гэтае элементарнае правіла і падвяргаюць смяротнай небяспецы сябе і іншых, – каменціруе сітуацыю Дзмітрый Аскерка. – Між тым, кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане з’яўляецца адной з прычын дарожна-транспартнага траўматызму і ў разы павышае верагоднасць ДТЗ, бо вадзіцелі страчваюць пачуццё адказнасці, ігнаруюць рэальную небяспеку і не разумеюць магчымыя наступствы сваіх дзеянняў, ды і рэакцыя ў іх на нечаканыя сітуацыі рэзка зніжаецца. Таму і пакаранне за такія паводзіны сур’ёзнае. Калі вадзіцель затрыманы нецвярозым упершыню, то прадугледжана адміністратыўная адказнасць у выглядзе штрафу ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання тэрмінам на тры гады. Але калі чалавек не засвоіў урок і зноў быў спынены пад градусам, яго чакае крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення права кіравання тэрмінам да пяці гадоў з папраўчымі работамі да двух гадоў, арыштам ці пазбаўленнем свабоды са штрафам да 1000 базавых велічынь. У выпадку трагічнай сітуацыі, звязанай са смерцю чалавека ці прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, вадзіцелю прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды да сямі гадоў, а таксама за дзеянні, якія прывялі да гібелі дзвюх і больш асоб, – да дзесяці гадоў. Негледзячы на гэта, толькі за 11 месяцаў мінулага года затрыманы ў нецвярозым стане 17115 вадзіцеляў. Паўторна на працягу года селі за руль п’янымі 828 чалавек. За гэты ж перыяд па віне нецвярозых вадзіцеляў адбылося 285 ДТЗ, у якіх 74 чалавекі загінулі і 310 атрымалі траўмы. Таксама ў стане алкагольнага ап’янення здзейснена кожнае трэцяе ДТЗ па віне пешаходаў – 139 з 383 і кожнае чацвёртае па віне веласіпедыстаў – 33 са 134. Такія сумныя лічбы павінны прымусіць задумацца кожнага ўдзельніка дарожна-транспартнага руху. І яшчэ Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да ўсіх грамадзян: калі вы бачыце, што за руль садзіцца нецвярозы вадзіцель, абавязкова паведамляйце пра гэта па тэлефоне 102. Ваш званок можа спыніць бяду.

Радуе, што ў ходзе непрацяглага сумеснага рэйда усе шэсць спыненых на дарогах райцэнтра вадзіцеляў прадэманстравалі высокую ступень адказнасці, і не было выяўлена ніводнага выпадку кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане.

Таксама ў гэты дзень Дзмітрый Аскерка наведаў калектывы райспажыўтаварыства і ЦСАН Карэліцкага раёна і правёў грунтоўную размову па тэме рэспубліканскай акцыі “Цвярозасць – норма на дарогах!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» — это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group», ищите только самые интересные новости по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.