Карэліцкі краязнаўца Баляслаў Навіцкі распавёў гісторыю малой радзімы праз песні і жаночыя лёсы (+відэа)

Паглядзець на гісторыю малой радзімы праз крыштальныя пералівы народнай песні, праз чысціню душы нашых жанчын запрасіў краязнаўца Баляслаў Навіцкі на чарговай, па традыцыі такой душэўнай і ўтульнай сустрэчы ў Карэліцкай раённай бібліятэцы пад назвай “Наш край талентамі слаўны”.

“Неверагодна, як шмат можна распавесці пра невялікую вёсачку, калі ты тут нарадзіўся і праз усё жыццё пранёс любоў да гэтага месца”, – падумала я, калі Баляслаў Навіцкі зноў запрасіў прысутных у настальгічнае падарожжа ў роднае Забердава. Наш шлях пралягаў у пасляваенны час, калі край адраджаўся ды яшчэ пад песні.

– Нават стомленасць не магла адолець таго цудоўнага настрою ў людзей, той весялосці, якая выходзіла з глыбіні душы, – узгадваў краязнаўца. – А песні, якія былі песні! Песні жыцця глыбока западалі ў душу, падымалі настрой і дапамагалі адагнаць думкі ад страшнага ваеннага часу, дзе было столькі гора і перажыванняў.

Гэты нязломны дух жыў тады і ў жанчынах. У першыя гады пасля вайны менавіта ім давялося быць мужнымі і адбудоўваць жыццё сярод руінаў. І яны ўсё вытрымалі. Так, хапала гаспадыням і мужчынскай працы, але ж і пра жаночую яны не забывалі.

– Асаблівым клопатам для жанчын была наладка кроснаў, якія стаялі ў хаце ад пачатку зімы і да вясны, ды непасрэдна ткацтва. Выраблялі сялянкі разнастайныя тканіны ад двухнітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак, палавікоў і іншых патрэбных у побыце рэчаў, – распавядаў выступоўца, дэманструючы на экране варштат, інакш ткацкі станок. – Але яшчэ раней, на Фядота, у лістападзе, пачыналася нарыхтоўка пражы з ільну або з воўны. Вядома, ізноў уся карпатлівая праца была на жанчынах. Але, памятаю, і мы дзецьмі дапамагалі матулі – насуквалі цэўкі на спецыяльнай прыладзе, што называлася сукала. А як прыгожа спявалі нашы жанчыны за працай! Гэта былі сапраўдныя песні жыцця, якія праз шмат гадоў мне пашчасціла запісаць у выкананні маёй зямлячкі Ніны Аляксандраўны Уласевіч. Тут і “Зязюленька сіва”, і “Ў садзе была”, і “Мой бацька як квет”, і “Вярба, вярба”, і “Жыла ў мамы”. У кожнай з іх – такая глыбокая жыццёвая мудрасць і кранальная шчырасць. Іх я адчуваў і ў 1970-1980 гадах, калі слухаў выступленні знакамітай у нашым раёне жаночай вакальнай групы пры Забердаўскім вясковым клубе. Праўда, тады мне не давялося іх запісаць, а зараз я маю толькі некаторыя песні – “Ой, каліна”, “Ружа-кветка”, “Як пайду я”, “Праважала маці” – з іх рэпертуару ў выкананні іншых спевакоў.

І калі паліліся ладна і мілагучна народныя спевы, госці сустрэчы нібы апынуліся ў далёкім мінулым, у вясковай хаце, дзе, насуперак усім выпрабаванням лёсу, тчэ спрадвечны ўзор жыцця сялянка, каб у ім перадаць асаблівае пасланне нам, нашчадкам. Дзівоснае імгненне. А між тым лірычным дапаўненнем выступлення Баляслава Навіцкага, апроч песняў, сталі вершы, старыя фотаздымкі і відэаролікі з маляўнічымі карэліцкімі краявідамі.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх павіншавала краязнаўцу з яшчэ адным удалым экскурсам у мінулае і выказала надзею на працяг плённага супрацоўніцтва. Паэтычна падзякавала выступоўцы ўдзельніца літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” Ганна Козел і падаравала прысутным верш пра бацькоўскую хату.

Багата добрых эмоцый выклікала сустрэча і ў старшыні раённага савета ветэранаў Ніны Яфрэмавай: “Я асабіста ведала вакальную групу з Забердава. Цудоўныя жанчыны і акампаніятар у іх таленавіты – Міхаіл Русак з вёскі Дуброва. Увогуле, у тыя часы ў Карэліцкім раёне было аж 40 харавых калектываў. Памятаю, калі, прыехаўшы сюды, даведалася пра гэта, такая шчаслівая была, бо і сама ўсё жыццё спяваю. І тое, што Баляслаў Навіцкі нам зладзіў такое музычнае мерапрыемства, проста асалода для слыху і сэрца!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Баляслава НАВІЦКАГА
Відэа Баляслава НАВІЦКАГА