«Перезагрузка» больничного пищеблока, в планах — ремонт отделения скорой помощи. На укрепление материально-технической базы Кореличской ЦРБ в 2019 году затрачено более 740 тысяч рублей

У сістэме аховы здароўя вельмі важна не эканоміць на галоўным, а развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Толькі ў 2019 годзе на гэтыя мэты Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцай затрачана больш за 740 тысяч рублёў.

— 8 красавіка 2019 года ў Карэліцкай ЦРБ адкрыта міжраённае аддзяленне гемадыялізу, — расказвае галоўны ўрач Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Майсак. — Гэта новы ўзровень аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, у тым ліку жыхарам вёскі, што мае станоўчы медыцынскі і сацыяльна-эканамічны эфект.
У аддзяленні праводзіцца працэдура гемадыялізу пацыентам з вострай і хранічнай нырачнай недастатковасцю, жыццё якіх проста немагчыма без апарата «штучная нырка». Гэта дае шанц людзям дачакацца трансплантацыі донарскай ныркі.

Адкрыццё аддзялення ў Карэліцкім раёне паляпшае даступнасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі і скарачае час дастаўкі да дыялізнага цэнтра жыхароў бліжэйшых раёнаў, якім неабходна нырачна-замяшчальная тэрапія. Раней пацыенты з Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў тры разы на тыдзень дастаўляліся транспартам цэнтральнай раённай бальніцы ў Гродна і Ліду, што займала цэлы дзень і з’яўлялася досыць стамляючай паездкай. У сувязі з закрыццём на рамонт хірургічнага корпуса Лідскай ЦРБ сеансы гемадыялізу ў нас атрымліваюць жыхары Дзятлаўскага і Лідскага раёнаў.

Для таго, каб увесці ў строй аддзяленне гемадыялізу, спатрэбілася 576,5 тысяч рублёў.

У 2019 годзе для выканання бягучага рамонту асвоена амаль 42 тысячы рублёў. Заменены аконныя блокі, адрамантаваны дах у гаспадарчым корпусе Карэліцкай бальніцы і сістэма пажарнай сігналізацыі ў Карэліцкай паліклініцы.

Яркімі фарбамі зайграў фасад раённай бальніцы з боку аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі (на фота). На абнаўленне фасада і ўваходнай групы накіравана 80 тысяч рублёў.

У планах і рамонт самога аддзялення хуткай дапамогі, цана пытання — 150 тысяч рублёў.

Для таго, каб увесці ў строй аддзяленне гемадыялізу, спатрэбілася 576,5 тысяч рублёў.

Зараз рамонтныя работы сканцэнтраваны ў харчаблоку раённай бальніцы. Будаўнікі стараюцца ва ўсю: актыўна ідуць унутраныя аддзелачныя работы, часткова зманціравана вентыляцыя. Па словах Алены Майсак, пасля рамонту тут з’явяцца два новых ліфта і навейшае тэхналагічнае абсталяванне. Такая «перазагрузка» бальнічнага харчаблока дасць магчымасць не толькі рыхтаваць больш карысную і здаровую ежу для пацыентаў, але і палепшыць умовы працы работнікаў кухні.

Як паведамілі ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама, на правядзенне рамонтных работ у харчаблоку будзе накіравана больш за 720 тысяч рублёў без уліку тэхналагічнага абсталявання.

Свой уклад ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы раённай бальніцы 22 лютага бягучага года змаглі ўнесці ўсе жадаючыя жыхары Карэліцкага раёна. Дзякуючы праведзенаму раённаму суботніку сабраныя сродкі будуць накіраваны на далейшае добраўпарадкаванне нашай цэнтральнай установы аховы здароўя.

Такія значныя фінансавыя ўліванні робяцца нездарма: па выніках абласнога этапу рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод раёнаў з насельніцтвам менш за 30 тысяч чалавек Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца заняла першае месца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара