В проекте «Земляки» путешествуем по Циринскому сельсовету и знакомимся с местными жителями
Малая радзіма заслугоўвае парадку і чысціні
Працягваючы праект “Землякі”, журналісты раённай газеты завіталі ў Цырынскі сельсавет, каб асабіста пазнаёміцца з тымі людзьмі, якія якія занялі пачэснае месца на малой радзіме, з’яўляючыся прыкладамі працавітасці і гаспадарлівасці, і расказаць аб іх сваім чытачам.
Першае слова па праве належыць старшыні Цырынскага сельсавета Аксане Віктараўне Гомза, асобе, якая выклікае ў сяльчан бязмежны давер і мае выключны аўтарытэт.
– Аксана Віктараўна, кожны сельсавет мае сваю адметнасць, ён не падобны на іншы. У чым разынка Цырынскага сельскага Савета?
– Яна ў гісторыі. Вёска Цырын, якая сёння з’яўляецца аграгарадком, вядома з першай паловы XV стагоддзя як вялікакняжацкае ўладанне. Гэта адзіны населены пункт Карэліччыны, які ў мінулым атрымаў магдэбургскае права. Герб Цырына быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе і сёння з’яўляецца афіцыйным геральдычным сімвалам.
– Пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў былі і застаюцца ў прыярытэце Саветаў першаснага ўзроўню. У якім накірунку, на Ваш погляд, тут неабходна рухацца далей?
– Навядзеннем парадку на тэрыторыі сельсавета займаемся практычна круглы год. Рэалізацыю якіх-небудзь глабальных праектаў на бліжэйшы час не плануем. Будзем больш скрупулёзна і старанна займацца надзённымі пытаннямі. Сярод іх – добраўпарадкаванне могілак. Так, у мінулым годзе былі спілаваны небяспечныя дрэвы на пагостах у в. Кайшоўка і Дорагава. На бягучы год запланавана добраўпарадкаванне могілак у Застадоллі, Быкевічах і Мокрава. Трэба адзначыць, што амаль ні адно пытанне не вырашаецца без дапамогі кіраўніцтва КСУП «Цырын-Агра». Узгадваючы Год малой радзімы, вельмі хацелася б разлічваць на разуменне і дапамогу ў гэтым пытанні мясцовых жыхароў, іх дзяцей і ўнукаў.
– Для гараджаніна вёска часта ўяўляецца прывабным месцам з прыгожай прыродай і ўтульнымі домікамі. Псуюць гэтую ідылію пустуючыя будынкі…
– Сапраўды, многія з вясковых дамоў сёння незаселеныя. Калі дакладней, то на тэрыторыі сельсавета 258 дамоў, якія выкарыстоўваюцца для часовага пражывання. Іх даглядаюць родныя былых жыхароў. Адпаведна, пытанняў з такімі домаўладаннямі не ўзнікае. Але расце колькасць пустуючых Дамоў. У 2019 годзе іх знесена 3, фундаменты ліквідаваны. У бягучым годзе плануем знесці 2 дамы.
– Аксана Віктараўна, якія яшчэ праблемныя моманты прыходзіцца вырашаць?
– Шмат пытанняў узнікае па падтрымцы дарог у належным стане. Але толькі ўласнымі сіламі гэта зрабіць цяжка. У мінулым годзе вялікую дапамогу аказаў Карэліцкі райвыканкам. За кошт бюджэтных сродкаў была заасфальтавана дарога ў в. Быкевічы. Сёння па неабходнасці праводзіцца ямачны рамонт дарог.
Нельга пакінуць без увагі пытанне цэнтралізаванага вывазу смецця на тэрыторыі сельсавета. Гэтай паслугай РУП ЖКГ ахоплены такія населеныя пункты, як агр. Цырын, в. Аканавічы, Дорагава, Застадолле, Кайшоўка, Рукаўчыцы, што складае 46% ад агульнай колькасці. На сённяшні дзень на тэрыторыі сельсавета размяшчаецца 1 мініпалігон у в. Аканавічы. Што датычыцца несанкцыянаваных звалак, то поўная адказнасць за іх узнікненне кладзецца на плечы мясцовых жыхароў альбо дачнікаў. Уся справа ў самасвядомасці людзей.
– У юбілейны для Карэліччыны год мы з пашанай успамінаем імёны славутых землякоў. Кім славіцца цырынская зямля?
– У Цырыне нарадзіўся доктар тэхнічных навук Іван Леановіч, у Альшанах – доктар ветэрынарных навук Віктар Сак, кандыдат сельскагаспадарчых навук Сяргей Паўловіч сёння плённа працуе на карысць малой радзімы. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова дзейнічае навукова-вытворчае прадпрыемства «Ніка». Сапраўды цырынская зямля – калыска сельскагаспадарчых працаўнікоў, праца якіх адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі. Так, заслужаная калгасніца Марыя Дрозд адзначана ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга. За старанную працу ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымала заслужаная калгасніца Зінаіда Дубко. Медалём “За працоўную доблесць” узнагароджаны 6 старанных працаўнікоў. Шэраг жыхароў цырынскай зямлі маюць ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”. І такіх людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі на малой радзіме, незлічоная колькасць.
На адной хвалі з роднай зямлёй
На парозе вялікага, але ўтульнага дома ў вёсцы Церавічы Цырынскага сельсавета мяне сустракае жанчына, якая гасцінна запрашае зайсці. Хвіліна – і я ўжо размаўляю з яе мужам Іванам Сцяпанавічам Чэчатам, які больш за сорак гадоў аддаў сябе працы на карысць любай Радзіме.
Нарадзіўся мужчына ў першы студзеньскі дзень 1951 года ў шматдзетнай сям’і жывёлаводаў. Скончыўшы восем класаў сярэдняй школы, падлетак пайшоў вучыцца ў Навагрудскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе набыў спецыяльнасць механізатара шырокага профілю. Потым хлопца забралі ў армію, дзе на працягу двух гадоў ён сумленна аддаваў доўг Радзіме. Пасля службы ў Калужскай вобласці Іван Сцяпанавіч вярнуўся ў Цырын і пачаў працаваць у тагачасным калгасе “Ленінскі шлях”, якому і прысвяціў усё жыццё.
– Узначальваючы звяно па вырошчванні бульбы, у мяне ні разу не было думкі аб тым, каб змяніць прафесію і заняцца чымсьці іншым, – шчыра распавядае вясковец. – Ні вялікі горад, ні грошы мяне не цікавілі – заўсёды хацелася быць там, дзе я нарадзіўся і вырас…
Падчас размовы мужчына прызнаецца, што праца на зямлі – асаблівая праца. А калі табе пашанцавала апынуцца ў эканамічна моцнай гаспадарцы, як і адбылося ў Івана Чэчата, то справа ладзіцца лягчэй.
За сумленную службу Радзіме Іван Сцяпанавіч узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнай Славы другой і трэцяй ступеняў, а таксама шматлікімі граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК. Увогуле, гледзячы на безліч узнагарод працавітага хлебароба, чарговы раз пераконваешся ў моцы духу і адданасці савецкага чалавека роднай зямлі…
У 1975 годзе на шляху мужчыны з’явілася яго будучая жонка Тамара Іванаўна, з якой яны жывуць у міры і суладдзі ўжо сорак пяць гадоў. Па слядах бацькі пайшоў і старэйшы сын Дзмітрый, які зараз працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Малодшы ж Аляксандр абраў для сябе прафесію будаўніка і з’ехаў у сталіцу, але пра бацькоў не забывае і часта запрашае іх да сябе.
Зараз Іван Сцяпанавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку і разам з жонкай даглядае хатнюю гаспадарку: каня, карову, свінняў і шматлікую птушку. Не дае сумаваць і трохгадовая ўнучка, якая час ад часу радуе сваім візітам бабулю і дзядулю.
– За столькі гадоў, што жыву на свеце, я ніколі не задумваўся аб правільнасці сваіх дзеянняў, – напрыканцы сустрэчы прызнаецца суразмоўца. – Можа, хтосьці і шкадуе, што апынуўся не ў той час не ў тым месцы, але маё жыццё выйшла як мае быць: у поўнай адданасці любай цырынскай зямлі.
Трайное шчасце сям’і Стэцка
Думаю, не адкрыю Амерыку, калі яшчэ раз нагадаю аб тым, што разам з магчымасцямі жыхароў вялікіх гарадоў чакаюць і выпрабаванні – дарагое жыллё, вялікі кошт на праезд і немалая канкурэнцыя. Але нягледзячы на гэта многія ўсё ж такі пакідаюць родныя вёскі і з’язджаюць у шматлікія мегаполісы. Маладая сям’я Леаніда і Юліі Стэцка – выключэнне з правіл. Маладажоны вырашылі не скараць сталіцу, а застацца ў ціхім і спакойным Цырыне, бо шчасце, як вядома, зусім не ў месцы.
Будучы ўраджэнкай Стаўбцоўскага раёна, маленькая Юля разам з бацькамі пераехала да бабулі ў Райцу, дзе і скончыла сярэднюю агульнаадукацыйную школу. Потым жыццё дзяўчыны цесна звязалася з Навапольскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжам, дзе яна атрымала прафесію бухгалтара, пасля чаго вярнулася працаваць на малую радзіму. Тут старанная і адказная Юлія пазнаёмілася з будучым мужам, які да таго часу скончыў Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж і ўладкаваўся на працу ў КСУП “Цырын-Агра”.
Маладыя людзі не паспелі ажаніцца, як неўзабаве даведаліся, што іх сям’ю чакае папаўненне: так, на свет з’явіўся першы сын Мікіта. Потым Леанід і Юлія пераехалі ў Цырын, дзе набылі сабе ўласную трохпакаёвую кватэру.
Зараз Леанід Стэцка працуе аграномам-аграхімікам у КСУП “Цырын-Агра”, а яго жонка – намеснікам бухгалтара ў той жа гаспадарцы. Сям’я выхоўвае ні многа ні мала – трох хлопчыкаў-прыгажуноў, якія, упэўнена, стануць у будучым добрай падтрымкай для сваіх бацькоў.
– Змяніць цішыню роднага аграгарадка на мітусню і шум вялікага горада мы не хочам, ды і прафесія мужа патрабуе аднаго – палёў. А дзе ж тыя самыя палі ў Мінску, напрыклад? Да таго ж, побач з намі жывуць бацькі, якія таксама аказваюць значную дапамогу ў выхаванні хлопчыкаў, – расказвае шматдзетная маці.
Прыемную нотку ў працоўныя будні сям’і Стэцка ўносяць святы, калі за адным сталом збіраецца не менш за пятнаццаць чалавек. Родныя і блізкія дораць падарункі, абменьваюцца цёплымі словамі, а таму ведаюць сакрэт сапраўднага людскога шчасця.
Шчасце будавалі самі
“Жыццё складанае, і прайсці яго няпроста”. З вышыні пражытых гадоў сэнс народнай прыказкі добра ўсвядомілі жыхары в. Застадолле Павел Іванавіч і Таццяна Іванаўна Лазарчык. Аднак нягледзячы на ўсе выпрабаванні і жыццёвыя цяжкасці яны не скардзяцца на лёс, а, наадварот, вельмі ўдзячныя яму за магчымасць сёння сабрацца вялікай сям’ёй за агульным сталом і адчуць цеплыню і павагу родных людзей.
Пазнаёміўшыся бліжэй з героямі праекта “Землякі”, стала відавочным, што ў Паўла Іванавіча і Таццяны Іванаўны шмат агульнага: не толькі імя па бацьку, але і лёс. Абодва з вёскі Застадолле, гадаваліся на суседніх хутарах. А яшчэ яны – дзеці вайны, якія зведалі жахі страшэннага ліхалецця.
– У той час я зусім малая была, – пачынае гутарку Таццяна Лазарчык. – Немцы спалілі Альшаны і рухаліся ў нашым накірунку. Угледзелі, што мясцовыя жыхары ў барак хаваюцца, пачалі страляць. Мяне маці ў падушку паклала. Калі куля ў яе трапіла, толькі пер’е паляцела.
Скончылася вайна, аднак не прынеслі палёгкі пасляваенныя гады. Працаваць трэба было, цяжка і нястомна. Атрымаць сярэднюю адукацыю нашай гераіне так і не давялося. 4 гады вучылася ў пачатковай школе ў Альшанах, затым – у Цырынскай школе. Аднак бацька Таццяны Іванаўны вярнуўся з вайны без нагі, таму неабходна была дапамога па хатняй гаспадарцы.
– Памятаю, далі на кожную хату па палосачцы сенажаці. Траву трэба было скасіць, затым сена высушыць, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Пасля школы адразу пайшла працаваць. Спачатку ў брыгаду хадзіла, дзе лён ўручную рвалі, абівалі яго, жыта сярпом жалі. Потым на ферме працавала. Уставала зранку, яшчэ трох гадзін не было, і на ранішнюю дойку ішла. А зімы раней якія былі, снежныя, з маразамі. Нялёгка было працаваць. Да таго ж дома трымалі дзве каровы, адпаведна і клопатаў па хатняй гаспадарцы было дастаткова. Агульны мой стаж працы ў калгасе складае 40 гадоў і 11 месяцаў.
З будучым мужам Іванам маладая дзяўчына хадзіла разам у школу. Побач пасвілі кароў. Так і сышліся. Сціпла распісаліся 1 чэрвеня 1963 года. І вось амаль 57 гадоў пражылі душа ў душу. Не магу не запытацца ў гаспадыні, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця, што трэба зрабіць, каб і праз пяцьдзясят гадоў зберагчы свежасць пачуццяў і цёплыя адносіны да сваёй другой палавінкі?
– Жыццё нас не песціла, я і гаспадар спаўна спазналі, што такое нялёгкая праца, – гаворыць мудрая жанчына. — Муж 45 гадоў адпрацаваў шафёрам, па ўсім Савецкім Саюзе ездзіў. Часам і тыдзень быў у камандзіроўцы. Аднак мы цанілі жыццё, лепшай долі не шукалі, бераглі сям’ю, дзяцей гадавалі, хацелі, каб яны добра ўладкаваліся ў жыцці.
Галоўнае і найкаштоўнейшае багацце сям’і Лазарчык – іх дзеці. Павел Іванавіч і Таццяна Іванаўна выгадавалі, далі адукацыю і блаславілі ў жыццё трох дачушак. Старэйшая Алена працуе ўрачом-стаматолагам у г. Гродна. Сярэдняя Галя – галоўны бухгалтар Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы. Малодшая Людміла жыве і працуе ў Мінску. Радуюць сёння нашых герояў восем унукаў і трое праўнучкаў.
– Дочкі са сваімі сем’ямі часта прыязджаюць да нас, не забываюць бацькоўскі дом, – адзначаюць гаспадары. – Як збяруцца ўсе, дык шумна і весела ў хаце. Так і жывём, сустракаючы і адпраўляючы сваіх самых родных.
Магчыма, менавіта мацярынская любоў надае Таццяне Лазарчык, якой споўнілася 78 гадоў, жаданне жыць, працаваць і ствараць вакол сябе прыгажосць. З ранняй вясны да позняй восені прысядзібная тэрыторыя гаспадароў нагадвае вялікі кветнік, дзе да кожнай расліны Таццяна Іванаўна ставіцца з павагай і любоўю.
– Раніцай выходжу на надворак і вітаюся: “Добрай раніцы, мае прыгажуні!”, – з сапраўднай асалодай адзначае жанчына. – Зімой таксама без справы не сяджу, вось шкарпэткі ўсім навязала. Раней і вышывала, і дзяругі ткала. Так заўсёды: у маладосці сіл, часу і здароўя на ўсё хапае. Аднак і сёння на месцы не сяджу, бо жыццё – гэта рух і праца. Гэта я зразумела даўным-даўно.
Пакідала ўтульны дом сям’і Лазарчык, адчуваючы асаблівую ўнутраную гармонію ад знаёмства са светлымі, шчырымі і працаватымі людзьмі, якія змаглі знайсці сваё шчасце ў жыцці.
Улюблёная ў фарбы Цырынскага краю
Адных малая радзіма натхняе на паэзію і музыку, другіх – на навуковыя даследаванні, іншых – на стварэнне карцін. І сапраўды, вышываныя творы Людмілы Гомзы нібы ўвабралі ў сябе фарбы маляўнічай цырынскай зямлі.
З Цырынам лёс звязаў Людмілу Гомзу шмат гадоў таму. З татам і мамай, двума братамі і сястрой яна пераехала сюды з Магілёўскай вобласці. Пазней хлопцы з’ехалі з Цырына, увайшоўшы ў самастойнае жыццё, а дзяўчаты засталіся: Людміла, пасля заканчэння Гродзенскага гандлёвага каледжа, — у Аканавічах, сястра – фельчарам-акушэрам у Асташыне.
Спачатку наша гераіня працавала ў магазіне ў Аканавічах, затым перайшла на сённяшняе месца – памочнікам выхавальніка ў Цырынскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. А гісторыя з вышыўкай у Людмілы пачалася ў дзяцінстве. Яшчэ на ўроках працоўнага навучання яе захапіў гэты занятак. Але вярнулася да яго жанчына праз гады, падчас дэкрэтнага водпуску ў 2007 годзе. І з той пары вышыўка стала неад’емнай творчай часткай яе жыцця.
– Больш душа ляжыць да нацюрмортаў, вельмі люблю кветкі. Асаблівае месца займаюць у маёй невялікай калекцыі вышываныя іконы. Калі іх ствараеш, то ўнутры настае незвычайная цішыня і спакой. На адну з ікон пайшоў год працы, – дзеліцца Людміла Гомза.
І, насамрэч, ёсць чаму падзівіцца, калі разглядаеш карціны Людмілы, некаторыя з якіх вышываліся на працягу многіх месяцаў. Створаныя з любоўю і цеплынёй, яны прыносяць людзям радасць. А між іншым, вышыла Людміла ўжо каля 30 карцін, так што хопіць на персанальную выставу. Праўда, большасць са сваіх твораў яна падарыла, бо хараством, лічыць жанчына, варта дзяліцца з іншымі.
На пытанне “дзе браць натхненне і час на такое хобі?”, Людміла ўпэўнена адказвае:
– У нас тут такая прырода, куды ні глянеш – хоць адразу карціну стварай, віды зачароўваюць! Таксама стараюся, каб і на падворку, у гародчыку з кветкамі, было хораша. Гэта таксама зараджае добрым настроем. Ды і сям’я – мая апора: бачаць, што мне падабаецца вышываць, і дапамагаюць з хатнімі справамі. А так у мяне два хлопчыкі: старэйшаму Уладзіславу – дванаццаць, малодшаму Захару – шэсць. Пайшлі ў майго мужа Віталія: як і ён, вельмі любяць спорт. Напэўна, гэта і ёсць наш сакрэт сямейнага шчасця: імкнуцца жыць на роднай зямлі душа ў душу і ва ўсім падтрымліваць адзін аднаго.
Матэрыялы падрыхтавалі Аксана ЯНУШ, Вікторыя КАСЦЮК і Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтараў